Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ІАА́Н III Дука Ватац

(Iōannēs; 1193, Дыдымотыка, цяпер Дымотыка, Грэцыя — 3.11.1254),

імператар Нікейскай імперыі [1222—54], Значна пашырыў тэр. сваёй дзяржавы: адваяваў у лацінян амаль усе ўладанні ў М. Азіі, а-вы Самас, Лесбас і інш., у 1235 замацаваўся ў Фракіі, у 1246 захапіў Фесалонікі, у 1252 зрабіў сваім васалам правіцеля Эпіра. Спрыяў эканам. развіццю і інтэнсіўнаму буд-ву гарадоў. Пры ім узмацнілася свабоднае сялянства. Апекаваўся навукамі і мастацтвамі, імкнуўся да адраджэння элінскай культуры. Нікейская імперыя ў гэты час стала самай моцнай дзяржавай у бас. Эгейскага мора.

т. 7, с. 136

ІАА́Н VI Кантакузін

(Iōannēs; каля 1293, Канстанцінопаль — 15.6.1383),

імператар Візант імперыі [1341—54]. Пры Андроніку III Палеалогу [1328—41] галоўнакаманд. імператарскімі войскамі. З 1341 рэгент пры непаўналетнім Іаане V Палеалогу, узначаліў паўстанне супраць яго і ў кастр. 1341 абвешчаны імператарам. У 1347 з дапамогай туркаў захапіў Канстанцінопаль, зрабіў Іаана V суправіцелем і выдаў замуж за яго сваю дачку. У 1349 задушыў паўстанне зілотаў. На працягу свайго праўлення вёў беспаспяховыя войны, у выніку якіх зах. вобласці імперыі захапілі сербы, усх. — туркі, на астравах панавалі генуэзцы і венецыянцы. Усеагульная незадаволенасць яго ўнутр. і знешняй палітыкай прымусіла адрачыся ад трона (1354) і прыняць пострыг. У манастыры напісаў «Гісторыю» (ахоплівае падзеі 1320—56), каштоўную багатым фактычным матэрыялам.

т. 7, с. 136

ІАА́Н XXIII [Giovanni; свецкае Ранкалі; (Roncalli) Анджэла Джузепе; 25.11.1881, Сота-іль-Монтэ каля г. Бергама, Італія — 3.6.1963],

папа рымскі ў 1958—63. Вучыўся ў духоўнай семінарыі ў Бергама, атрымаў тэалагічную адукацыю ў Рыме і прыняў сан свяшчэнніка (1904). У 1919—21 рэктар семінарыі. З 1925 біскуп, у 1925—53 прадстаўнік Ватыкана ў шэрагу краін. У 1953 атрымаў сан кардынала. У 1953—58 патрыярх Венецыі. Праводзіў курс ватыканскай палітыкі, накіраваны на абнаўленне царк. жыцця і аб’яднанне з інш. хрысц. цэрквамі; выступаў за мірнае суіснаванне дзяржаў з розным грамадскім ладам, за раззбраенне і мірнае вырашэнне спрэчных міжнар. пытанняў. З мэтай прыняцця каталіцкай царквой новага курсу і ўмацавання яе пазіцый у 1962 склікаў 2-і Ватыканскі сабор і кіраваў 1-й сесіяй (гл. Ватыканскія саборы).

т. 7, с. 136

ІААХІМСТА́ЛЕР (ням. Ioachimstaler),

першы талер, эмісія якога адкрыта ў 1518 баронамі Шлік у г. Іаахімсталь (Багемія) з мясц. пакладаў серабра. Маса 29,5 г. На аверсе выява т. зв. чэшскага (багемскага) льва, на рэверсе — фігура св. Іаахіма ў анфас.

т. 7, с. 137

ІАВА́НАВІЧ ((Јовановић) Слабадан) (21.11.1869, г. Нові-Сад, Сербія — 12.12.1958),

сербскі дзярж. дзеяч, гісторык. Скончыў юрыд. ф-т у Жэневе (1890). У 1897—1941 праф. Бялградскага ун-та. У 1941 нам. прэм’ер-міністра ва ўрадзе Д.​Сімовіча. У студз. 1942 — чэрв. 1943 кіраўнік эмігранцкага каралеўскага ўрада ў Лондане. З мая 1946 старшыня эмігранцкай арг-цыі Югаслаўскага нац. к-та. Аўтар шэрагу прац па гісторыі Сербіі з 1838 да 1903.

т. 7, с. 137

ІАГА́НЕСБУРГ, Іаханесбург (Johannesburg),

горад на Пн Паўд.-Афр. Рэспублікі, у цэнтры горнапрамысл. раёна Вітватэрсранд. 712,5 тыс. ж., з прыгарадамі каля 3 млн. ж. (1993). У цэнтр ч. горада пераважае белае насельніцтва (афрыканеры, англа-паўднёваафрыканцы), у прыгарадах — негрыцянскае. Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гал. гандл. і прамысл. цэнтр краіны. У горадзе праўленні асн. горнапрамысл. і фін. канцэрнаў краіны. Прам-сць: маш.-буд. (горнае абсталяванне, эл.-тэхн., аўтазборка), хім., тэкст., харчасмакавая, гарбарна-абутковая, дрэваапр., пашыў адзення. У межах горада 7 буйных руднікоў па здабычы золата. Шліфоўка алмазаў. 2 ун-ты. Абсерваторыя. Муніцыпальная маст. галерэя (з 1911).

Засн. ў 1886 як шахцёрскі пасёлак пры рудніках Вітватэрсранда. У час англа-бурскай вайны 1899—1902 захоплены англічанамі (1900), у 1910 уключаны ў склад брыт. дамініёна Паўд.-Афр. Саюза (з 1961 ПАР). З 1928 горад. У пач. 20 ст. І. — адзін з цэнтраў масавых выступленняў афр. насельніцтва супраць расізму і апартэіду. Пасля 2-й сусв. вайны горад перажыў эканам. бум (развіццё хім. прам-сці, машынабудавання, апрацоўкі каштоўных камянёў).

т. 7, с. 137

ІАГА́НСЕН ((Johannsen) Вільгельм Людвіг) (3.2.1857, Капенгаген — 11.11.1927),

дацкі біёлаг, адзін з заснавальнікаў сучаснай генетыкі. Чл. Шведскай АН, замежны чл.-кар. Рас. АН (1924). Праф. ін-та фізіялогіі раслін Капенгагенскага ун-та. Стварыў вучэнне пра чыстыя лініі, што стала асновай сучасных прынцыпаў селекцыі, вызначыла ролю спадчыннасці ў працэсах натуральнага адбору. Увёў тэрміны ген, генатып, фенатып і даў аналіз асн. паняццяў генетыкі ў працы «Элементы дакладнага вучэння пра спадчыннасць» (1909).

Літ.:

Гайсинович А.Е. Зарождение генетики. М., 1967. С. 138.

т. 7, с. 138

ІАГАНСО́Н (Барыс Уладзіміравіч) (25.7.1893, Масква — 25.2.1973),

рускі жывапісец. Нар. мастак СССР (1943). Правадз. чл. АМ СССР (1947), у 1958—62 яе прэзідэнт. Вучыўся ў Маск. вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1912—18) у М.А.Касаткіна, К.А.Каровіна, С.В.Малюціна. Чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (1922—31). Выкладаў у Ленінградскім ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры (1937—61, праф. з 1939), Маск. маст. ін-це (з 1964). З 1962 гал. рэдактар энцыклапедыі «Мастацтва краін і народаў свету». Творчасці ўласцівы зварот да гіст. і сац. тэматыкі: «Рабфак ідзе» («Вузаўцы», 1928), «Допыт камуністаў» (1933), «На старым уральскім заводзе» («Урал дзямідаўскі», 1937; Дзярж. прэмія СССР 1941), «Выступленне У.​І.​Леніна на 3-м з’ездзе камсамола» (1950, у сааўт.; Дзярж. прэмія СССР 1951). Працаваў у жанры партрэта і кніжнай ілюстрацыі («Партрэт жонкі», 1955).

Літ.:

Сопоцинский О.И. Б.​В.​Иогансон. М., 1973.

Б.Іагансон. Партрэт жонкі. 1955.

т. 7, с. 138

ІАГІ́ХЕС (Iogiches) Леа гл. Тышка Ян.

т. 7, с. 138

ІАКАГА́МА,

горад у Японіі, на ПдУ в-ва Хонсю. Адм. ц. прэфектуры Канагава. Засн. ў 1858 на месцы пас. Канагава і Іакагама. 3,3 млн. чал. (1992), разам з Токіо ўтварае агламерацыю Кейхін. Трансп. вузел міжнар. значэння, адзін з важнейшых гандл.-пасажырскіх партоў Д. Усходу. Буйны гандл., фін. і эканам. цэнтр краіны. Прамысл. цэнтр у індустр. раёне Канто. Агульнае і энергет. машынабудаванне, судна- і аўтамабілебудаванне, металургія, нафтахім., атамная, электронная, тэкст., швейная, паліграф., харч. прам-сць. Буйная ЦЭС. Метрапалітэн.

т. 7, с. 138