Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДЫМЕТЫЛАМІ́Н,

другасны амін аліфатычнага рада, (CH3)2NH. Бясколерны газ з рэзкім непрыемным пахам, tкіп6,9 °C, шчыльн. 654 кг/м³ (20 °C). Раствараецца ў вадзе і арган. растваральніках. Атрымліваюць узаемадзеяннем метанолу ці дыметылавага эфіру з аміякам. Выкарыстоўваюць у вытв-сці паскаральнікаў вулканізацыі, лекаў, гербіцыдаў, мыйных сродкаў і інш. Таксічны, ГДК 1 мг/м³ (у паветры), 0,1 мг/л (у вадзе).

т. 6, с. 282

ДЫМЕТЫЛАНІЛІ́Н,

Ν,Ν-дыметыламінабензол, трацічны амін, C6H5N(CH3)2. Жоўтая вадкасць з дзягцярным пахам, tпл 2,5 °C, tкіп 194,15 °C, шчыльн. 955,7 кг/м³ (20 °C). Дрэнна раствараецца ў вадзе, добра — у спірце, ацэтоне, бензоле. Атрымліваюць награваннем аніліну і метанолу пад ціскам у прысутнасці сернай к-ты. Выкарыстоўваюць у вытв-сці фарбавальнікаў, выбуховых рэчываў, як праявіцель для каляровай фатаграфіі. Выклікае ўтварэнне язваў на скуры, ператварэнне гемаглабіну ў метгемаглабін, ГДК 0,2 мг/м³.

т. 6, с. 282

ДЫМЕТЫЛБЕНЗО́ЛЫ,

гл. Ксілолы.

т. 6, с. 282

ДЫМЕТЫЛГІДРАЗІ́Н,

арганічнае злучэнне, вытворнае гідразіну, C2H8N2. Вядомыя 2 ізамеры: Д. сіметрычны CH3NH—NHCH3 і Д. несіметрычны (CH3)2N—NH2. Практычнае значэнне мае несім-Д., бясколерная вадкасць, tкіп 62,8—63,8 °C, шчыльн. 791,1 кг/м³ (20 °C). Вельмі гіграскапічны, раствараецца ў вадзе, спірце, эфіры. Моцная аснова, утварае ўстойлівыя солі з кіслотамі. Выкарыстоўваюць як гаручае ракетнага паліва (многатанажны прадукт). Раздражняе скуру, слізістыя абалонкі вачэй і дыхальных шляхоў, ГДК 1 мг/м³.

т. 6, с. 282

ДЫМЕТЫЛСУЛЬФАКСІ́Д (ДМСА),

аліфатычны сульфаксід, (CH3)2S=O. Гіграскапічная вадкасць без колеру і паху, tпл 18,45 °C, tкіп 189 °C (кіпіць з раскладаннем), шчыльн. 1096 кг/м³ (25 °C). Раствараецца ў вадзе, ацэтоне, этаноле, эфіры, бензоле. Выкарыстоўваюць як растваральнік у вытв-сці сінт. валокнаў, пестыцыдаў, як кампанент касметычных і лек. сродкаў (садзейнічае пранікненню праз скуру розных рэчываў), сумесі з вадой як антыфрызы і гідраўл. вадкасці.

т. 6, с. 282

ДЫМЕТЫЛФОРМАМІ́Д (ДМФА),

N,N-дызамешчаны амід мурашынай к-ты, HCON(CH3)2. Бясколерная гіграскапічная вадкасць, tкіп 153 °C, шчыльн. 944,5 кг/м³ (25 °C). Змешваецца з вадой і з большасцю арган. растваральнікаў, за выключэннем алканаў. Слабая аснова, утварае няўстойлівыя солі з моцнымі мінер. к-тамі, гідралізуецца ў прысутнасці к-т і асноў. Выкарыстоўваюць як растваральнік у вытв-сці сінт. валокнаў, лакафарбавых матэрыялаў, штучнай скуры, поліамідаў, для вывучэння ацэтыленавых і дыенавых вуглевадародаў з газаў піролізу, для экстракцыі арэнаў. Раздражняе слізістыя абалонкі вачэй, ГДК 10 мг/м³. Гл. таксама Аміды кіслот.

т. 6, с. 282

ДЫМІТРЫЯ́ДЗІ (Адысей Ахілесавіч) (н. 7.7.1908, г. Батумі, Аджарыя),

грузінскі дырыжор. Нар. арт. СССР (1958). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1936, клас І.Мусіна). У 1937—74 (з перапынкамі) дырыжор, у 1952—65 гал. дырыжор Груз. т-ра оперы і балета. У 1965—73 у Вял. т-ры. У 1947—52 гал. дырыжор Дзярж. сімф. аркестра Грузіі. Выкладаў у Тбіліскай (1937—41 і з 1957, праф. з 1961) і Маскоўскай (1968—73) кансерваторыях. Першы выканаўца шматлікіх твораў сав. кампазітараў. Пад яго муз. кіраўніцтвам пастаўлены многія оперы і балеты. Дзярж. прэмія Грузіі 1989.

т. 6, с. 282

ДЫ́МКАЎСКАЯ ЦА́ЦКА, вяцкая, кіраўская цацка,

рускі нар. маст. промысел у слабадзе Дымкава (цяпер у межах г. Кірава, Расія). Існуе здаўна (у літаратуры згадваецца з 1811). Д.ц. лепяць з гліны, абпальваюць і па грунце размалёўваюць тэмперай, аздабляюць сусальным золатам; характэрны абагульненасць і гратэскавасць формаў. Матывы і старадаўнія, і новыя («барыня», «нянькі», казачныя сюжэты, сцэны побыту, анімалістычныя выявы). Яркая дэкаратыўная размалёўка ўключае геам. арнамент і мае імправізаваны характар. У 1919 створана майстэрня (з 1942 — цэх т-ва «Кіраўскі мастак», з 1956 — цэх у складзе Маст.-вытв. майстэрняў Кіраўскага аддзялення Маст. фонду Расіі).

Да арт. Дымкаўская цацка. З.Пенкіна. Руская зіма. 1961.

т. 6, с. 282

Дымкоў Міхаіл Пахомавіч

т. 18, кн. 1, с. 382

ДЫ́МНІК,

1) адтуліна ў столі курной хаты для выхаду дыму. Часам меў дымаход (драўляны або сплецены з лазы атынкаваны комін), завершаны 2-схільнай стрэшкай, аформлены яруснымі карнізамі і інш. элементамі аздобы.

2) Невял. франтончык, звычайна трохвугольны, у завяршэнні тарцовага схілу вальмавага даху. Першапачатковае функцыянальнае прызначэнне для выхаду дыму ад курной печы. Пашыраны пераважна на З і ПдЗ Беларусі ў жылых, культавых, гасп. будынках. Паступова ператварыўся ў дэкар. элемент даху, часам аздабляўся вільчыкамі, разьбой, у культавых збудаваннях — аб’ёмнай скульптурай.

Дымнік на даху царквы ў вёсцы Ялова Пружанскага раёна Брэсцкай вобл.

т. 6, с. 283