ДЫМЕТЫЛГІДРАЗІ́Н,

арганічнае злучэнне, вытворнае гідразіну, C2H8N2. Вядомыя 2 ізамеры: Д. сіметрычны CH3NH—NHCH3 і Д. несіметрычны (CH3)2N—NH2. Практычнае значэнне мае несім-Д., бясколерная вадкасць, tкіп 62,8—63,8 °C, шчыльн. 791,1 кг/м³ (20 °C). Вельмі гіграскапічны, раствараецца ў вадзе, спірце, эфіры. Моцная аснова, утварае ўстойлівыя солі з кіслотамі. Выкарыстоўваюць як гаручае ракетнага паліва (многатанажны прадукт). Раздражняе скуру, слізістыя абалонкі вачэй і дыхальных шляхоў, ГДК 1 мг/м³.

т. 6, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)