Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СІМЕТРЫ́Я КРЫШТАЛЁЎ,

уласцівасць крышталёў заканамерна паўтараць аднолькавыя грані, рэбры, вяршыні або сумяшчацца з сабой пры паваротах вакол восі, у прамых і перавернутых адлюстраваннях, паралельных пераносах і інш.; аснова класіфікацыі крышталёў. Сіметрыя знешняй формы (агранкі) крышталя залежыць ад сіметрыі яго атамнай будовы або крышталічнай рашоткі, якая абумоўлівае сіметрыю яго фіз. уласцівасцей. Форма крышталя і сіметрыя ўнутр. яго будовы вызначаюцца з дапамогай элементаў сіметрыі. Гал. элемент С.к. — паваротныя восі сіметрыі 1—4-га і 6-га парадкаў, плоскасць люстэркавага адлюстравання і цэнтр сіметрыі. Перавернутыя адлюстраванні вызначаюцца інверсійнымі восямі і цэнтрам сіметрыі. Інверсійныя восі маюць тыя ж парадкі, што і асн. восі. Парадак паваротнай восі сіметрыі паказвае, колькі разоў крышталь сумяшчаецца з сабой пры павароце на 360° (напр., куб — 4 разы, 6-гранная прызма — 6 разоў). Плоскасць сіметрыі падзяляе крышталь на 2 палавіны, якія люстэркава адлюстроўваюцца. Восі і плоскасць праходзяць праз цэнтр сіметрыі, што ўяўляе сабой пункт унутры фігуры, адносна якога ўсе супрацьлеглыя падобныя элементы крышталя знаходзяцца на аднолькавай адлегласці. Існуюць таксама элементы С.к.: плоскасць слізготнага люстэркавага адлюстравання (камбінацыя адлюстравання ў плоскасці з адначасовай трансляцыяй) і вінтавая вось (сумяшчае паварот і трансляцыю ўздоўж восі павароту, мае 2-і—4-ы і 6-ы парадкі). Пэўная сукупнасць элементаў сіметрыі ў адным крышталі вызначае від (групу, клас) сіметрыі. Вядомы 32 віды размяшчэння элементаў сіметрыі ў трохмернай прасторы, вызначаныя ням. мінералогам І.​Геселем (1830), у больш строгай матэм. форме — рус. вучоным А.​В.​Гадаліным (1867). Віды сіметрыі групуюцца ў 7 крышталеграфічных сістэм (сінганій). Найб. сіметрычны від С.к. кожнай сінганіі наз. галаэдрычным. Крышталі аднаго мінералу маюць адзін від сіметрыі і пастаянны вугал паміж дзвюма адпаведнымі гранямі. С.к. вывучае крышталяграфія. З дапамогай С.к. вызначаюць мінералы і іх уласцівасці.

Літ.:

Современная кристаллография. Т. 1. Вайнштейн Б.К. Симметрия кристаллов. Методы структурной кристаллографии. М., 1979;

Егоров-Тисменко Ю.К., Литвинская Г.П., Загальская Ю.Г. Кристаллография. М., 1992.

В.​І.​Ярцаў.

т. 14, с. 386

СІМІНО́ЎСКІ (Майсей Ісакавіч) (16.10.1900, в. Мормаль Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 5.11.1984),

генерал-маёр (1944). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1934), Вышэйшыя акад. курсы (1948). У Чырв. Арміі з 1920. Удзельнік грамадз. вайны. У Вял. Айч. вайну на Зах., Калінінскім, 1-м Прыбалт., 3-м Бел., Забайкальскім франтах: нач. штаба дывізіі, арміі. Удзельнік баёў пад Масквой, Велікалуцкай, Віцебска-Аршанскай, Усх.-Прускай, Хінгана-Мукдэнскай аперацый. У 1952—61 выкладчык Ваен. акадэміі імя Фрунзе.

т. 14, с. 387

СІМІРЭ́НКА (Леў Платонавіч) (18.2.1855, с. Мліеў Корсунь-Шаўчэнкаўскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна — 8.1.1920),

украінскі вучоны ў галіне пладаводства і памалогіі. Скончыў Адэскі ун-т (1879). У 1887 заклаў у с. Мліеў матачны калекцыйны сад і памалагічны расаднік (каля 3 тыс. раслін) і праводзіў там выпрабаванні, шляхам клонавага адбору ствараў новыя сарты. У 1921 на базе саду створана Мліеўская доследная станцыя садоўніцтва, якая з 1958 носіць яго імя.

Тв.:

Крымское промышленное плодоводство. М., 1912;

Помология. Т. 1—3. 2 изд. Киев, 1972—73.

т. 14, с. 387

СІ́МЛА, Шымла,

горад на Пн Індыі, у перадгор’ях Гімалаяў, на выш. больш за 2 тыс. м. Адм. ц. штата Хімачал-Прадэш. Каля 150 тыс. ж. (2001). Канцавы пункт вузкакалейнай чыгункі і шашы. Аэрапорт. Ун-т. Горна-кліматычны курорт. Навук. цэнтр.

т. 14, с. 387

СІМО́Н ((Simon) Клод) (н. 10.10.1913, Антананарыву, Мадагаскар),

французскі пісьменнік; прадстаўнік «новага рамана». Вучыўся ў Парыжы, Оксфардзе і Кембрыджы. На яго эстэт. фарміраванне паўплывалі У.​Фолкнер і экзістэнцыялісты (асабліва А.​Камю). Асн. тэмы яго твораў — мастацтва і вайна, асоба і гісторыя, чалавек сярод людзей. Аўтар раманаў «Вясна свяшчэнная» (1954), «Вецер» (1957), «Трава» (1958), «Дарогі Фландрыі» (1960), «Атэль «Палас» (1962), «Гісторыя» (1967), «Фарсальская бітва» (1969), «Трыпціх» (1973), «Урок рэчаў» (1975), «Георгікі» (1981), «Акацыя» (1989), кніг успамінаў, літ. эсэ, у якіх выклаў свае погляды на «новы раман». Творы С. адметныя падкрэсленай эксперыментальнасцю, адмаўленнем ад храналогіі, персанажа і сюжэта ў традыц. сэнсе, прасторава-часавымі напластаваннямі, знешняй алагічнасцю і кампазіцыйнай фрагментарнасцю, разгорнутымі апісаннямі і перанасычанасцю дэталямі, выкарыстаннем «плыні свядомасці», часам пунктуацыйнай ускладненасцю. Нобелеўская прэмія 1985.

Тв.:

Рус. пер. — Дороги Фландрии // Бютор М Изменение;

Роб-Грийе А. В лабиринте;

Симон К. Дороги Фландрии;

Саррот Н Вы слышите их? М., 1983.

Літ.:

Еремеев Л.А. Французский «новый роман». Киев, 1974;

Французская литература, 1945—1990. М., 1995.

Е.​А.​Лявонава.

К.Сімон.

т. 14, с. 387

Сімончык Леанід Васілевіч

т. 18, кн. 1, с. 457

СІМПАДЫЯ́ЛЬНАЕ ГАЛІНАВА́ННЕ,

гл. ў арт. Галінаванне.

т. 14, с. 387

СІМПАТАЛІТЫ́ЧНЫЯ СРО́ДКІ (лац. sympatholytica здольны раствараць, аслабляць),

лекавыя сродкі, якія парушаюць перадачу нерв. імпульсаў з сімпатычных нерваў на выканаўчыя органы. Да С.с. адносяцца рэзерпін, метылдопа, актадзін, арнід, якія ўздзейнічаюць на канцы сімпатычных нерваў. Асн. эфекты С.с. звязаны з прыгнечаннем сімпатычнай нервовай сістэмы і дамінаваннем актыўнасці парасімпатычнай нерв. сістэмы: змяншэнне артэрыяльнага ціску, узмацненне маторнай і сакраторнай функцый страўніка, кішэчніка і інш. Выкарыстоўваюць для лячэння артэрыяльнай гіпертаніі, пры глаўкоме, сардэчных арытміях.

І.​М.​Семяненя.

т. 14, с. 387

СІМПАТРЫ́Я (ад грэч. syn разам + patris радзіма),

тып відаўтварэння, пры якім новыя віды ўзнікаюць з папуляцый з моцна перакрыжаванымі або супадаючымі арэаламі. Магчыма ў выпадках, калі 2 формы, якія існуюць у межах агульнага арэала або яго часткі, не змешваюцца і маюць розныя экалагічныя нішы. Супрацьлеглы выпадак — відаўтварэнне з папуляцый з неперакрыжаванымі арэаламі — наз. алапатрыяй.

С. наз. таксама сумеснае пражыванне ў адным геагр. раёне розных відаў або ўнутрывідавых груп арганізмаў (біял. рас), якія адрозніваюцца генетычна, з рознымі экалагічнымі асаблівасцямі (тэрміны і месцы размнажэння, аб’екты корму, спосабы здабычы корму і інш.). Напр., «азімыя» і «яравыя» расы некат. ласосепадобных і асетрападобных рыб нерасцяцца ў адных вадаёмах, але ў розныя тэрміны, што робіць немагчымым абмен спадчыннай інфармацыяй паміж імі.

т. 14, с. 387

СІМПАТЫ́ЧНАЯ НЕРВО́ВАЯ СІСТЭ́МА (ад грэч. sympathēs чуллівы, успрымальны),

частка вегетатыўнай нервовай сістэмы пазваночных. Прымае ўдзел у падтрыманні гамеастазу, спрыяе хуткай мабілізацыі фізіял. функцый арганізма, стымулюе працэсы катабалізму. Мае цэнтры, якія знаходзяцца ў бакавых рагах грудных і паяснічных сегментаў спіннога мозга, у нерв. вузлах (гангліях), размешчаных па баках пазваночніка (паравертэбральныя) і ў брыжэйцы (прэвертэбральныя гангліі). Прэвертэбральныя гангліі здольныя ўтвараць рыхлыя скопішчы, звязаныя валокнамі, — нерв. спляценні (буйнейшае з іх — сонечнае). Гангліі злучаны паміж сабой, са спінным мозгам, з выканаўчымі органамі. С.н.с. інервуе крывяносныя сасуды і ўнутр. органы, што забяспечвае рэфлекторную ўзаемасувязь паміж імі, а характэрнае для гэтай сістэмы галінаванне нерв. ствалоў спрыяе генералізаванаму ўплыву на некалькі ўнутр. структур. Медыятары С.н.с. — ацэтылхалін (прэгангліянарныя валокны) і норадрэналін (постгангліянарныя валокны, акрамя тых, што інервуюць потавыя залозы).

А.​С.​Леанцюк.

т. 14, с. 387