Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛЮ́БЛІНСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Lubelskie),

адм.-тэр. адзінка на Пд Польшчы. Утворана 1.1.1999. Пл. 25 тыс. км2. Нас. 2,2 млн. чал. (1999), гарадскога 49%. Адм. цэнтр — г. Люблін. Найб. гарады: Хэлм, Замасць, Бяла-Падляска, Пулавы. Цэнтр. ч. ваяводства займае Люблінскае ўзв., на ПнЗ размешчана ўсх. ўскраіна Мазавецкай нізіны, на ПнУ — Люблінскае Палессе, на Пдузв. Разточэ. Карысныя выкапні: каменны вугаль, вапнякі, мергель, торф. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -3 °C да -4,5 °C на ПнУ, ліп. 17,5—18,5 °C. Ападкаў за год ад 500 мм на Люблінскім Палессі да 700—800 мм на Разточэ. Гал. р. Вісла з прытокамі Буг і Вепш. Канал Вепш—Кшна. Глебы падзолістыя, балотныя, бурыя, чарназёмныя. Пад лесам каля 22% тэрыторыі. Гаспадарка мае агр,прамысл. характар. Пад с.-г. угоддзямі 69% тэрыторыі. Вырошчваюць пшаніцу, цукр. буракі, алейныя культуры, каноплі, тытунь, хмель, бульбу, агародніну. Садоўніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, птушак. Асн. галіны прам-сці: машынабудаванне (вытв-сць аўтамабіляў, с.-г. машын, верталётаў, шарыкападшыпнікаў), харч., хім., лёгкая, дрэваапрацоўчая. Здабыча каменнага вугалю. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Турызм.

т. 9, с. 397

ЛЮ́БЛІНСКАЯ У́НІЯ 1569,

міжнародна-прававы акт аб’яднання Вялікага княства Літоўскага і Польшчы ў адну федэратыўную дзяржаву — Рэч Паспалітую. Прыняты 1.7.1569 у Любліне.

Перадумовамі Л.у. былі: доўгае існаванне асабістай уніі ВКЛ і Польшчы; паступовае збліжэнне паліт. і дзярж. інстытутаў абедзвюх краін, паліт. менталітэту пануючага класа; у асноўным адзіная палітыка ў міжнар. адносінах; адзіная структура каталіцкай царквы. Шляхта ВКЛ праз унію спадзявалася атрымаць правы, якія мела шляхта Польшчы, польская шляхта разлічвала на землі і дзярж. пасады ў ВКЛ. Непасрэднай прычынай Л.у. былі няўдачы войска ВКЛ у Лівонскай вайне 1558—83.

Для прыняцця уніі ў Любліне 10.1.1569 скліканы сейм ВКЛ і Польшчы. Але большасць дэпутатаў ВКЛ, не згодная з польскім праектам уніі, перагаворы прыпыніла. Намаганнямі польскай шляхты і караля Жыгімонта ІІ Аўгуста да Польшчы далучаны Падляскае і Кіеўскае ваяв., Валынь і Падолле, што было падтрымана мясц. шляхтай. Шляхта Мазырскага пав. адмовілася далучыцца да Польшчы, павятовы сеймік прьїняў рашэнне выйсці з Кіеўскага ваяв. і далучыцца да Мінскага ваяв. ВКЛ. Тэр. ВКЛ зменшылася да этнічных бел. і літ. зямель. Пасля вяртання дэпутатаў ВКЛ на сейме быў выпрацаваны кампрамісны варыянт уніі, зацверджаны 1.7.1569. Паводле ўмоў Л.у. на чале Рэчы Паспалітай знаходзіўся польскі кароль (ён жа і вял. князь літ.), якога пажыццёва выбірала шляхта абедзвюх дзяржаў. Збіраўся агульны сейм, але ВКЛ і Польшча захавалі асобныя дзярж. адміністрацыю, войска, фінансы, законы, мытную сістэму, дзярж. мовы. Л.у. дзейнічала да 1795.

А.П.Грыцкееіч.

т. 9, с. 398

ЛЮ́БЛІН-БРЭ́СЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

наступальная аперацыя войск 1-га Бел. фронту (Маршал Сав. Саюза К.К.Ракасоўскі) 18 ліп. — 2 жн. ў Вял. Айч. вайну; састаўная частка стратэг. Беларускай аперацыі 1944. Удзельнічалі арміі 8-я гвардз., 28, 47, 48, 61, 65, 69, 70, 1-я Войска Польскага, 6-я і 16-я паветр., 2-я танкавая і некалькі карпусоў. Мэта аперацыі: ударамі левага крыла фронту ў абыход Брэсцкага ўмацаванага раёна з Пд і Пн разграміць люблінскую і брэсцкую групоўкі праціўніка і выйсці шырокім фронтам да р. Вісла. Сав. войскам процістаялі асн. сілы ням. 2-й палявой, частка сіл 4-й танк. армій, 9-я палявая армія. У выніку перагрупоўкі войск на напрамку гал. ўдару была дасягнута перавага сав. сіл над праціўнікам: па асабовым складзе ў 3 разы, па артылерыі і танках у 5 разоў, было больш самалётаў. Ужо ў першы дзень аперацыі вызвалена Жабінка, 20 ліп. — Кобрын і Маларыта, 22 ліп. — Камянец, 23 ліп. — Дамачава, 24 ліп. — Люблін, 28 ліп. — Брэст і Высокае. Поспеху Л.-Б.а. садзейнічала наступальная Львоўска-Сандамірская аперацыя 1944 1-га Укр. фронту, якая пачалася 13 ліп., а таксама ўдзел у баях партыз. падраздзяленняў, у т.л. брыгады імя Леніна. 31 ліп. сав. танкі выйшлі да Прагі — прадмесця Варшавы на правым беразе Віслы. З 28 ліп. да 2 жн. 8-я гвардз. і 69-я сав. арміі фарсіравалі на Пд ад Варшавы Віслу і захапілі плацдармы на яе зах. беразе ў раёнах Мангушава і Пулавы. У выніку аперацыі войскі 1-га Бел. фронту завяршылі вызваленне Беларусі ад акупантаў, выйшлі на тэр. Польшчы і стварылі ўмовы для наступлення на варшаўска-берлінскім напрамку. 47 вайск. злучэнням і часцям прысвоены ганаровыя найменні «Брэсцкіх», 12 — «Кобрынскіх», 16 — «Люблінскіх», 9 — «Ковельскіх». У гонар войск 1-га Бел. фронту ў Брэсце пастаўлены помнік.

т. 9, с. 397

ЛЮБЛЯ́НА (Ljubljana),

горад, сталіца Славеніі. Знаходзіцца ў міжгорнай Люблянскай катлавіне абапал р. Любляніца каля яе ўпадзення ў р. Сава. 276 тыс. ж. (1995). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд. (гідратурбіны, эл.-тэхніка, прыладабудаванне і інш.), тэкст., харч., хім., гарбарна-абутковая, дрэваапр., папяровая, фармацэўтычная, паліграфічная. Славенская акадэмія навук і мастацтваў. Ун-т. Турызм, міжнар. кірмашы, фестывалі.

У 1 ст. н.э. на месцы Л. знаходзіўся рым. лагер, потым г. Эмона (разбураны ў 5 ст.). Як славенскае паселішча вядома з 1144. У 2-й пал. 13 ст. Л. (ням. назва Лайбах) атрымала гар. правы, адм. ц. Крайны. З 1335 уладанне Габсбургаў, з 1460-х г. рэзідэнцыя епіскапа. У 15—16 ст. найбуйнейшы гандл. цэнтр на славенскіх землях. У 16 ст. тут пашырылася Рэфармацыя (П.Трубар), у 1595 засн. ун-т. З 1809 гал. горад Ілірыйскіх правінцый Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 Л. перададзена Аўстрыі. У 1821 тут праходзіў кангрэс Свяшчэннага саюза (Лайбахскі кангрэс). У 19 — пач. 20 ст. цэнтр славенскага нац.-вызв. руху. З 1918 сталіца Славеніі ў складзе Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія). У крас. 1941 акупіравана войскамі Італіі, у вер. 1943 — Германіі. У маі 1945 вызвалена Нар.-вызв. арміяй Югаславіі. З 1945 сталіца Славеніі.

Ад ант. часоў захаваліся рэшткі ўмацаванняў, акведука, некропаля. Гіст. ядро горада — замак Град на ўзгорку каля р. Любляніца (засн. ў 9 ст.; перабудаваны ў стылі барока ў 16—17 ст., вежа — сярэдзіна 19 ст.) і размешчаныя каля яго падножжа раёны плошчаў Старой, Гарадской і Новай. Барочная забудова моцна пашкоджана землетрасеннем 1895 (горад адноўлены і рэканструяваны ў 1-й трэці 20 ст.). Найб. значныя пабудовы: палац епіскапа (1512—1733, арх. А.Тыфернус; готыка), у стылі барока — цэрквы св. Якаба (1613—15, перабудавана ў 1701) і урсулінак (1718—26; 1744), сабор св. Мікалая (1700—07, праспект А.Поца, купал сярэдзіны 19 ст.), ратуша з аркадным унутр. дваром (1717—18, арх. Г.Мачак), палацы Швейгера (каля 1755) і Грубера (1782, арх. Д.Грубер). Пабудовы канца 19 — пач. 20 ст. ў духу эклектыкі (Оперны т-р, будынак Выканаўчага веча) і стылю мадэрн (атэль «Уньён»), У духу нац. рамантыкі пабудаваны стадыён (1930), б-ка ун-та (1936—40, абодва арх. І.Плечнік). Паводле плана рэканструкцыі 1950 узведзены будынак Нар. скупшчыны (1959, арх. В.Гланц), спарт. зала «Цівалі» (1965, арх. М.Божыч), дом друку (1960-я г. арх. Б.Коцмут), ансамбль будынкаў на пл. Рэвалюцыі (1963—75, арх. Э.Раўнікар). Сярод помнікаў «Фантан славенскіх рэк» (1751, скульпт. Ф.Роба), змагарам Супраціўлення (1952) і інш. У Л. музеі Нацыянальны, Нац. галерэя, Славенскі этнаграфічны, Сучасная галерэя і інш.

т. 9, с. 398

ЛЮБО́ВІЧ (Мікалай Мікалаевіч) (28.3. 1855, г. Тульчын Вінніцкай вобл., Украіна — 1935),

расійскі гісторык-славіст. Чл.-кар. АН СССР (1924), д-р гісторыі (1890), праф. (1890). Скончыў Кіеўскі ун-т (1877). З 1880 працаваў у Варшаўскім ун-це. У 1915 разам з ун-там эвакуіраваўся ў Растоў-на-Доне, выкладаў у Растоўскім (Паўн.-Каўказскім) ун-це. Гал. праблемы даследаванняў — гісторыя Рэфармацыі і Контррэфармацыі ў Рэчы Паспалітай, у т.л. Беларусі. Гіст. працы Л. засн. на метадалагічных прынцыпах пазітывізму («Гісторыя рэфармацыі ў Польшчы. Кальвіністы і антытрынітарыі», 1883; «Да гісторыі езуітаў у літоўска-рускіх землях у XVI ст.», 1888; «Пачатак каталіцкай рэакцыі і заняпад рэфармацыі ў Польшчы», 1890, і інш.).

Дз.У.Караў.

Панарама Старой плошчы з замкам Град у Любляне.

т. 9, с. 398

ЛЮБО́НІЧЫ,

вёска ў Кіраўскім р-не Магілёўскай вобл., на аўтадарозе Бабруйск—Клічаў. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на 3 ад г.п. Кіраўск, 105 км ад Магілёва, 20 км ад чыг. ст. Бярэзіна. 945 ж., 413 двароў (1999). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму.

т. 9, с. 398

ЛЮБО́Ў,

інтымнае і глыбокае пачуццё, накіраванасць на другую асобу, чалавечую супольнасць або ідэю. Засноўваецца на агульнасці інтарэсаў людзей. іх мэт, патрэб, каштоўнасцей і суправаджаецца моцнымі эмоцыямі, якія сітуатыўна ўзнікаюць і перажываюцца ў залежнасці ад індывід.-псіхал. асаблівасцей асобы.

У міфалогіі і стараж. сістэмах філасофіі Л. разумелася як «эрас» — касмічная сіла, падобная сіле прыцягнення, якая злучае разнародныя часткі Сусвету. Платон вызначаў 2 віды Л. — пачуццёвую і духоўную — і абгрунтаваў ідэю ўзыходжання ад пачуццёвай улюблёнасці і эстэт. захаплення прыгожым целам да ідэальнай Л. і разумення прыгажосці наогул (адсюль выраз «платанічная Л»), Паводле хрысціянскай дактрыны, сапраўдная Л. не падобна на пачуццёвы «эрас», на дружбу па выбару, на патрыят. салідарнасць грамадзян: яна ёсць ахвярная і безматыўная «любоў да блізкага». Прадстаўнікі Асветніцтва (К.Гельвецый, Ш.Мантэск’ё, А.Шэфтсберы і інш.) разглядалі Л. як натуральнае пачуццё салідарнасці, годнасці і ўнутр. свабоды чалавека, як асн. ўмову парадку і прыгажосці ў грамадстве. Г.Гегель лічыў, што ідэальная Л. раскрывае сапраўдны сэнс і прызначэнне чалавека. М.Шэлер бачыў у Л. адзіны спосаб пазнання каштоўнаснага ўваходжання асобы ў духоўную прастору свабоды, дзякуючы якой яна становіцца асобай. Паводле тэорыі псіхааналізу З.Фрэйда, Л. — выражэнне сексуальнай цягі (лібіда) і ўяўляе сабой працэс яе пераўтварэння і пераключэння (сублімацыі) на мэты сац. дзейнасці і культ. творчасці. У марксісцкай філасофіі Л. трактуецца як праяўленне перажывання, душэўнага хвалявання, ацэначных адносін і выбіральнай актыўнасці асобы, выражэнне сац,групавой і агульначалавечай салідарнасці. Як гал. прынцып быцця і чалавечага шчасця, сцвярджэння самакаштоўнасці кожнай асобы, яе самаахвярнай дзейнасці ў імя грамадскага дабра і росквіту айчыны разглядалі Л. бел. мысліцелі-асветнікі Ефрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Ф.Скарына, С.Будны, Ліцыній Намыслоўскі, М.К.Сарбеўскі, Ф.Карпінскі, М.Лавіцкі, М.К.Судзілоўскі, Я.Чачот і інш.

У розныя гіст. эпохі і ў розных філас.-рэліг. вучэннях Л. звязвалі з адносінамі агульнасці і блізкасці паміж людзьмі, імкненнем да духоўнага і фіз. аб’яднання з асобай другога полу і ўзаемнага ўзнаўлення роду (каханне). У залежнасці ад сілы пачуцця, канкрэтнасці прадмета Л. ўсе яе віды можна размясціць у пэўную іерархію. Напр., для індывідуалістычнага грамадства (Стараж. Грэцыя і Рым, некаторыя краіны Зах. Еўропы новага часу) такая іерархія можа быць прадстаўлена ў выглядзе ступеняў: эратычная Л. і Л. да самога сябе; Л. да блізкага і чалавека наогул; да радзімы, жыцця, Бога і інш.; да прыроды, у прыватнасці, касм. Л.; да ісціны, дабра і справядлівасці, да прыгожага і да т.п.; да свабоды, творчасці, славы, улады, сваёй дзейнасці, багацця, «закону і парадку» і да т.п.; да зносін з іншымі людзьмі, да гульні, калекцыяніравання, падарожжаў і да т.п. Па меры аддалення ад вышэйшай ступені памяншаецца непасрэднасць і інтэнсіўнасць, павялічваецца сац. накіраванасць Л., больш выразнымі і пашыранымі становяцца захапленні, процілеглыя асобным відам Л. Напр., Л. да жыцця супрацьстаіць цяга да разбурэння і смерці, Л. да ісціны — схільнасць да хлусні, Л. да свабоды — непрыязнасць да яе. У калектывісцкім грамадстве (Стараж. Егіпет і Кітай, еўрап. феад. дзяржавы, сацыяліст. краіны) вышэйшая ступень Л. звязана з «вялікай мэтай», якую яна ставіць перад сабой. Старазапаветны прынцып «палюбі блізкага, як самога сябе» ў такім грамадстве трансфармуецца ў «Л. да далёкага» (да будучых і мінулых пакаленняў, да братоў па класе, да правадыроў і герояў, да чалавека толькі сваёй веры і пераканання). Калектывісцкае грамадства звычайна імкнецца абмежаваць сферу сексу для таго, каб яна не займала думкі і пачуцці чалавека, не адцягвала яго ад высокага прадвызначэння (умяшанне царквы ў шлюбнае жыццё людзей, забароны любых форм пазашлюбных адносін, асуджэнне «свабоднай Л.» і эротыкі, забарона сексуальных меншасцей і інш.).

Літ.:

Идеи гуманизма в общественно-политической и философской мысли Белоруссии (дооктябрьский период). Мн., 1977;

Философия любви. Ч. 1—2. М., 1990;

Фрейд 3. Очерки по психологии сексуальности: Пер. с нем. М., 1990;

Фромм Э. Душа человека: Пер. с нем. М., 1992;

Ивин А.А. Введение в философию истории. М., 1997;

Мэй Р. Любовь и Воля: Пер. с англ. М.;

Киев, 1997.

С.Ф.Дубянецкі.

т. 9, с. 398

ЛЮБО́ЎНЫЯ ПЕ́СНІ,

тэматычная разнавіднасць пазаабрадавых лірычных песень. Гл. Песні пра каханне.

т. 9, с. 399

ЛЮБУ́СКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Woje wództwo Lubuskie),

адм.-тэр. адзінка на 3 Польшчы. Утворана 1.1.1999. Пл. 13,7 тыс. км2. Hac. 1 млн. чал. (1999), гарадскога 62%. Адм. цэнтр — г. Гожаў-Велькапольскі. Найб. гарады: Зялёна-Гура, Нова-Суль, Жары, Костшын, Жагань. Займае зах. ч. Велікапольскага Паазер’я і Велікапольскай нізіны, на Пн заходзіць Паморскае Паазер’е, на Пд — Тшабніцкая града. Карысныя выкапні: буры вугаль, нафта, газ, буд. матэрыялы. Клімат умераны. Сярэдняя т-ра студз. -1,5 °C, ліп. 18,3 °C, ападкаў 500—600 мм за год. Гал. р. Одра з прытокамі Варта, Бубр, Ныса-Лужыцка. Глебы падзолістыя. 45% паверхні займаюць лясы (пераважна хваёвыя). Гаспадарка прамысл.-агр. тыпу. Прам-сць: машынабудаванне і металаапрацоўка (вытв-сць таварных вагонаў, пад’ёмных кранаў, тэкст. машын, электравымяральнай апаратуры), лёгкая, дрэваапр., хім., харчовая; вытв-сць буд. матэрыялаў. Вырошчваюць жыта, ячмень, пшаніцу, авёс, кармавыя і тэхн. культуры. Бульбаводства. Гадуюць свіней, буйн. раг. жывёлу, авечак, птушак.

т. 9, с. 399

ЛЮБУ́СКАЯ ЗЯМЛЯ́ (Ziemia Lubuska),

гістарычная тэр. ў Польшчы і Германіі, абапал р. Одра (у сярэднім яе цячэнні). У раннім сярэдневякоўі была населена заходнеслав. племем любушан. У 2-й пал. 10 ст. ўвайшла ў склад Польскай дзяржавы. Падвяргалася нападам немцаў, у сярэдзіне 13 ст. ўвайшла ў склад княства Брандэнбург (Сярэдняя марка на 3, Новая марка на У). На працягу стагоддзяў аб’ект ням. каланізацыі і германізацыі. У 1945 тэрыторыя на У ад Одры вернута Польшчы (Любускае ваяв.), зах. ч. засталася ў межах Германіі (зямля Брандэнбург).

т. 9, с. 399