ЛЮБЛЯ́НА

(Ljubljana),

горад, сталіца Славеніі. Знаходзіцца ў міжгорнай Люблянскай катлавіне абапал р. Любляніца каля яе ўпадзення ў р. Сава. 276 тыс. ж. (1995). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд. (гідратурбіны, эл.-тэхніка, прыладабудаванне і інш.), тэкст., харч., хім., гарбарна-абутковая, дрэваапр., папяровая, фармацэўтычная, паліграфічная. Славенская акадэмія навук і мастацтваў. Ун-т. Турызм, міжнар. кірмашы, фестывалі.

У 1 ст. н.э. на месцы Л. знаходзіўся рым. лагер, потым г. Эмона (разбураны ў 5 ст.). Як славенскае паселішча вядома з 1144. У 2-й пал. 13 ст. Л. (ням. назва Лайбах) атрымала гар. правы, адм. ц. Крайны. З 1335 уладанне Габсбургаў, з 1460-х г. рэзідэнцыя епіскапа. У 15—16 ст. найбуйнейшы гандл. цэнтр на славенскіх землях. У 16 ст. тут пашырылася Рэфармацыя (П.Трубар), у 1595 засн. ун-т. З 1809 гал. горад Ілірыйскіх правінцый Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 Л. перададзена Аўстрыі. У 1821 тут праходзіў кангрэс Свяшчэннага саюза (Лайбахскі кангрэс). У 19 — пач. 20 ст. цэнтр славенскага нац.-вызв. руху. З 1918 сталіца Славеніі ў складзе Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія). У крас. 1941 акупіравана войскамі Італіі, у вер. 1943 — Германіі. У маі 1945 вызвалена Нар.-вызв. арміяй Югаславіі. З 1945 сталіца Славеніі.

Ад ант. часоў захаваліся рэшткі ўмацаванняў, акведука, некропаля. Гіст. ядро горада — замак Град на ўзгорку каля р. Любляніца (засн. ў 9 ст.; перабудаваны ў стылі барока ў 16—17 ст., вежа — сярэдзіна 19 ст.) і размешчаныя каля яго падножжа раёны плошчаў Старой, Гарадской і Новай. Барочная забудова моцна пашкоджана землетрасеннем 1895 (горад адноўлены і рэканструяваны ў 1-й трэці 20 ст.). Найб. значныя пабудовы: палац епіскапа (1512—1733, арх. А.Тыфернус; готыка), у стылі барока — цэрквы св. Якаба (1613—15, перабудавана ў 1701) і урсулінак (1718—26; 1744), сабор св. Мікалая (1700—07, праспект А.Поца, купал сярэдзіны 19 ст.), ратуша з аркадным унутр. дваром (1717—18, арх. Г.Мачак), палацы Швейгера (каля 1755) і Грубера (1782, арх. Д.Грубер). Пабудовы канца 19 — пач. 20 ст. ў духу эклектыкі (Оперны т-р, будынак Выканаўчага веча) і стылю мадэрн (атэль «Уньён»), У духу нац. рамантыкі пабудаваны стадыён (1930), б-ка ун-та (1936—40, абодва арх. І.Плечнік). Паводле плана рэканструкцыі 1950 узведзены будынак Нар. скупшчыны (1959, арх. В.Гланц), спарт. зала «Цівалі» (1965, арх. М.Божыч), дом друку (1960-я г. арх. Б.Коцмут), ансамбль будынкаў на пл. Рэвалюцыі (1963—75, арх. Э.Раўнікар). Сярод помнікаў «Фантан славенскіх рэк» (1751, скульпт. Ф.Роба), змагарам Супраціўлення (1952) і інш. У Л. музеі Нацыянальны, Нац. галерэя, Славенскі этнаграфічны, Сучасная галерэя і інш.

т. 9, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)