КАРЛ СМЕ́ЛЫ (Charles le Téméraire; 10.11.1433, г. Дыжон, Францыя — 5.1.1477),
герцаг Бургундыі [1467—77]. Сын бургундскага герцага Філіпа III Добрага (правіў у 1419—67). Выступаў супраць цэнтралізатарскай палітыкі франц. караля Людовіка XI, дамогся ад яго вяртання пад сваю ўладу гарадоў па р. Сома (1465), імкнуўся стварыць самаст. бургундска-нідэрл. каралеўства, дзеля чаго заваяваў Латарынгію (1475) і інш. землі. Жанаты з Маргарытай Йоркскай (з 1468), дапамог Эдуарду IV вярнуць англ. прастол (1471). Цэнтралізаваў фінансы і войска, ваяваў з Францыяй (1470—75, з перапынкамі), кёльнскім епіскапствам (аблога г. Нейс у 1474—75) і створанай Людовікам XI аўстра-латарынгска-швейц. кааліцыяй (т. Ж бургундскія войны 1476—77): загінуў у час аблогі г. Нансі.
Літ.:
Коммин Ф. де. Мемуары: Пер. с фр. М., 1986.
Дз.М.Чаркасаў.
т. 8, с. 73
КАРЛ I (Charles; 19.11.1600, г. Данфермлін, Шатландыя — 30.1.1649),
кароль Англіі [1625—49]. Сын Якава I (раней шатл. кароль Якаў VI). Намагаўся прымірыць англіканцаў з каталіцкай царквой. Імкнуўся да ўстанаўлення абс. улады (у 1629—40 правіў без парламента), што стала адной з гал. прычын рэвалюцыі 1640—53 (у час яе адбылося Ірландскае паўстанне 1641—52). Рознагалоссі К. I з Доўгім парламентам (1640—53) прывялі да грамадз. войнаў 1642—46 і 1647—49, у якіх каралеўская армія пацярпела паражэнне, а К. І узяты ў палон і пакараны смерцю.
т. 8, с. 72
КАРЛ II (Charles; 29.5.1630, Лондан — 6.2.1685),
кароль Англіі [1660—85]. Старэйшы сын Карла I, брат Якава II. З 1646 жыў у Францыі. Пасля пакарання смерцю бацькі (1649) абвешчаны каралём Шатландыі. У выніку падзення т. зв. другой рэспублікі (1660) абвешчаны каралём Англіі (рэстаўрацыя Сцюартаў). У 1665—74 намагаўся забяспечыць панаванне Англіі на моры (гл. Англа-галандскія войны 17 стагоддзя), дзеля чаго ў 1670 заключыў тайны саюз з франц. каралём Людовікам XIV.
т. 8, с. 72
КАРЛ IV, Карэл I Чэшскі (Karl IV, Carel I; 14.5.1316, Прага — 29.11.1378),
кароль Чэхіі (з 1346), герм. кароль (з 1347), імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» [1355—78], кароль Бургундыі (з 1365). З дынастыі Люксембургаў. Сын чэш. караля Яна. У 1334—46 рэгент у Чэхіі, 11.7.1346 выбраны чэш. каралём. Умацоўваў каралеўскую ўладу (у т. л. ў Германіі праз прыняцце Залатой булы 1356), апіраўся на гандл.-рамесніцкія колы, сярэднюю і дробную шляхту. Пры ім Чэхія стала гал. дзяржавай «Свяшчэннай Рым. імперыі», а Прага фактычна яе сталіцай (садзейнічаў інтэнсіўнаму буд-ву ў горадзе, у т. л. Карлава моста цераз р. Влтава, у 1348 засн. Пражскі, або Карлаў, ун-т). Далучыў да ўладанняў Люксембургаў ч. Верхняга Пфальца, землі ў Цюрынгіі, Саксоніі, Ніжнія Лужыцы, у 1373 Брандэнбург (страчаны пасля яго смерці), з дапамогай дынастычнага шлюбу ўмацаваў сувязі з Польшчай і Венгрыяй.
т. 8, с. 72
КАРЛ V (Karl V; 24.2.1500, г. Гент, Бельгія — 21.9.1558),
прынц Нідэрландаў [1506—55], герцаг Бургундыі (з 1515), кароль Іспаніі [Карл 1; 1516—56], кароль Сіцыліі [Карл IV; 1516—56], герм. кароль [1519—56] і імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» [1530—56], палкаводзец. З дынастыі Габсбургаў. Сын нідэрл. прынца Філіпа Прыгожага, унук Максіміляна I. Выхоўваўся ў Нідэрландах. Атрымаў у спадчыну ад бацькі Бургундыю і Нідэрланды (1506), ад дзеда па мацярынскай лініі Фердынанда II Арагонскага (Фердынанда V Католіка) ісп. прастол (1516). 28.6.1519 выбраны герм. каралём. У знешняй палітыцы паспяхова сапернічаў з франц. каралём Францыскам I за панаванне ў Італіі (гл. Італьянскія войны; пасля адной з іх у 1530 каранаваны як імператар), садзейнічаў спыненню прасоўвання туркаў у Еўропу (у 1529 дайшлі да Вены), здзейсніў паспяховы ваен. паход у Туніс (1535) і няўдалы ў Алжыр (1541), у час яго праўлення канкістадорамі заваяваны Мексіка (1521) і Перу (1533), што паклала пачатак стварэнню ісп. калан. імперыі ў Амерыцы; імкнуўся да стварэння сусв. імперыі Габсбургаў. Ва ўнутр. палітыцы праследаваў пратэстантаў (гл. Вормскі эдыкт 1521), аднак у выніку свайго паражэння ў т. зв. Шмалькальдзенскіх войнах (1552) і пасля заключэння Аўгсбургскага рэлігійнага міру 1555 адрокся ад улады ў Нідэрландах (1555), Іспаніі і Сіцыліі (1556) на карысць сына Філіпа II, а ў імперыі (1556) — брата Фердынанда I.
т. 8, с. 72
КАРМА́ (лац. Puppis),
сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркія зоркі 2,2; 2,8; 2,8 візуальнай зорнай велічыні. У Паўн. паўшар’і відаць у паўд. шыротах. Найлепшы час назірання — студзень. Гл. Зорнае неба.
т. 8, с. 75
КАРМА́,
балота на Пн Барысаўскага р-на Мінскай вобл., у вадазборы рэк Бярэзіна і Гайна. Нізіннага тыпу. Пл. 5,5 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 4,1 тыс. га. Сярэдняя глыб. торфу 1,7 м. Асушаная ч. балота выкарыстоўваецца пад ворыва і сенажаць, неасушаныя землі часткова ўваходзяць у водаахоўную зону Бярэзіны. У раслінным покрыве пераважаюць вольха, асіна, бяроза, з травяністых раслін — асокі.
т. 8, с. 75
КАРМА́,
гарадскі пасёлак, цэнтр Кармянскага р-на Гомельскай вобл., прыстань на р. Сож пры ўпадзенні ў яе р. Кармянка. За 110 км ад Гомеля, 55 км ад чыг. ст. Рагачоў на лініі Магілёў—Жлобін. Аўтадарогамі злучана з Чачэрскам і з аўтадарогамі Бабруйск—Крычаў і Гомель—Магілёў. 4,8 тыс. ж. (1998).
Вядома з 17 ст. як мястэчка ў Рэчыцкім пав. Мінскага ваяв. ВКЛ. З 1772 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Рагачоўскага пав. Магілёўскай губ., уласнасць Быкоўскіх. У 1886—109 ж., 23 двары, школа, царква, 3 яўр. малітоўныя дамы, 30 крам, 3 кірмашы на год. Напярэдадні рэвалюцыі 1905—07 дзейнічала мясц. арг-цыя Палескага к-та РСДРП і эсэраўская група. 25—26,2.1919 тут адбылося антысав. сял. паўстанне, падтрыманае мясц. эсэрамі і духавенствам. К. захоплена паўстанцамі, некат. чл. рэўкома забіты. Паўстанне задушана. У 1923—1,5 тыс. ж. У 1919—24 К. — пасёлак у Гомельскай губ. РСФСР, з сак. 1924 у БССР. У 1924—30 цэнтр Кармянскага раёна ў Магілёўскай акр., з 1938 — у Гомельскай вобл. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У 1962—65 у Рагачоўскім, у 1965—66 у Чачэрскім р-нах. У 1971—4,1 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы лёгкай, харч., буд. матэрыялаў прам-сці. Друкарня. 2 сярэднія, муз. і спарт. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, помнік землякам, магіла ахвяр фашызму.
т. 8, с. 75
КАРМА́,
вёска ў Добрушскім р-не Гомельскай вобл., каля р. Хорапуць. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 17 км на ПдУ ад г. Добруш, 45 км ад Гомеля, 12 км ад чыг. ст. Закапыцце. 1298 ж., 600 двароў (1997). Сярэдняя школа, Палац культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Кармянская Пакроўская царква (2-я пал. 19 ст).
т. 8, с. 76
КАРМАВА́Я АДЗІ́НКА,
адзінка вымярэння і параўнання агульнай (энергет.) пажыўнасці кармоў. На Беларусі за К.а. прынята пажыўнасць 1 кг зерня аўса сярэдняй якасці. Агульную пажыўнасць кармоў разлічваюць па колькасці ў іх сырога пратэіну, тлушчу і клятчаткі, безазоцістых экстрактыўных рэчываў, страўнасці гэтых рэчываў, велічыні зніжэння пажыўнасці кармоў у залежнасці ад колькасці ў іх сырой клятчаткі. Паказчыкам энергет. пажыўнасці кармоў можа служыць таксама велічыня насычанасці іх абменнай энергіяй. На аснове К.а. разлічваюць нормы кармлення для с.г. жывёл (гл. Кармавая норма).
т. 8, с. 76