Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛЮБА́ШАВА,

вёска ў Ганцавіцкім р-не Брэсцкай вобл., каля Любашаўскага вадасховішча. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 2 км на Пн ад горада і чыг. ст. Ганцавічы, 248 км ад Брэста. 924 ж., 441 двор (1999). С.-г. прамысл. прадпрыемства «Ганцаўчанка». Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч вайну.

т. 9, с. 394

ЛЮБАША́НСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Любашанскае староства,

дзяржаўнае ўладанне ў ВКЛ у 15—18 ст. Вылучылася, верагодна, са Свіслацкага княства, уключанага ў ВКЛ у сярэдзіне 14 ст. Да пач. 16 ст. мела двайное падпарадкаванне Віленскаму і Трокскаму ваяв., пазней кіравалася намеснікам (дзяржаўцам) на ўмовах закладу, калі намеснік за пазычаную дзярж. казне суму мог карыстацца даходам з воласці. Паводле адм. рэформы ВКЛ 1565—66 большая частка воласці (на левым беразе р. Бярэзіна) увайшла ў Аршанскі павет, невял. частка (на правым беразе) з мяст. Беразіно, сёламі Палажаны і Жорнаўка — у Мінскі павет. У 1775 у склад воласці ўваходзілі 3 мястэчкі і 30 вёсак, 577 дымоў; у 1790—651 дым. У 1793 Л.в. далучана да Рас. імперыі, захавала статус т.зв. старасцінскага дзярж. маёнтка ў Ігуменскім пав. Мінскай губ.

В.Л.Насевіч.

т. 9, с. 394

ЛЮБА́ШАЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА.

У Ганцавіцкім р-не Брэсцкай вобл., каля в. Любашава. Створана ў 1974. Наліўное. Пл. 0,7 км2, даўж. 1,3 км, найб. шыр. 700 м, найб. глыб. 3,6 м, аб’ём вады 2,04 млн. м³. Даўж. агараджальнай дамбы 3,9 км. Напаўняецца вадой з р. Цна па падвадным канале. Ваганні ўзроўню вады на працягу года 1,3 м.

Выкарыстоўваецца для арашэння зямель, рыбагадоўлі.

т. 9, с. 394

ЛЮ́БЕК (Lübeck),

горад на Пн Германіі, на р. Траве, каля ўпадзення яе ў Любекскую бухту Балтыйскага м., зямля Шлезвіг-Гольштэйн. 214 тыс. ж. (1994). Марскі і рачны порт на канале Эльба—Траве. Паромная сувязь з г. Ханка (Фінляндыя) і інш. Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: машынабудаванне, у т.л. цяжкае, суднабудаванне, чорная і каляровая (выплаўка медзі) металургія, дрэваапр., харчовая. Музеі: мастацтва і гісторыі культуры, св. Ганны (сярэдневяковае мастацтва), Дом Бена (мастацтва 19—20 ст.), Гольстэнтар (гісторыя горада). Арх. помнікі 12—18 ст. (раманска-гатычны кафедральны сабор, гатычныя цэрквы, ратуша, брама і інш.), многія з іх знішчаны ў 2-ю сусв. вайну, рэканструяваны; уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Засн. ў 1143 каля разбуранага ў 1138 слав. паселішча Любеч. У 1163 атрымаў гар. права, з 1226 імперскі горад. З 13 ст. зыходны пункт ням. каланізацыі ўзбярэжжа Балт. м., адыгрываў вядучую ролю ў паўн.-герм., паўн.-еўрап. гандлі і Ганзе. У 1530-я г. праведзена Рэфармацыя Пасля заняпаду Ганзы страціў ключавое эканам. становішча ў Балт. рэгіёне. У 1806—13 акупіраваны франц. войскамі. З 1815 вольны горад у складзе Герм. саюза, у 1867—70 — Паўн.-Герм. саюза, у 1871—1918 — Герм. імперыі. У 1937 уключаны ў прускую прав. Шлезвіг-Гольштэйн. Пасля 2-й сусв. вайны ў 1945—49 у брыт. акупац. зоне.

Літ.:

Никулина Т.С. Социально-политическая борьба в Ганзейском городе в XIV—XVI вв.: По материалам Любека. Куйбышев, 1988.

У.Я.Калаткоў (гісторыя).

т. 9, с. 395

ЛЮ́БЕРС ((Lubbers) Рудольф Франс) (н. 7.5.1939, г. Ротэрдам, Нідэрланды),

нідэрландскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў езуіцкі каледж і вышэйшую эканам. школу ў Ротэрдаме. У 1962—63 служыў у ВПС. Адзін з лідэраў Каталіцкай нар. партыі (з 1976 Хрысц.-дэмакр. заклік, ХДЗ). У 1973—77 міністр эканомікі. З 1977 дэпутат, у 1978—82 старшыня фракцыі ХДЗ у Ген. штатах (парламенце). У 1982—84 прэм’ер-міністр Нідэрландаў, з 1989 адначасова міністр агульных спраў.

т. 9, с. 395

ЛЮ́БЕРЦЫ,

горад у Расіі, раённы цэнтр Маскоўскай вобл. Вядомы з 1621 як в. Ліберыцы, з 1925 горад. 166 тыс. ж. (1997). Чыг. вузел. Прам-сць: машынабуд. і металаапр., лёгкая, харчовая, камбінаты дрэваапрацоўчы і горнаабагачальны фармовачных матэрыялаў, з-ды пластмас і электрамуз. інструментаў. Вытв.-выдавецкі камбінат Ін-та навук. і тэхн. інфармацыі Рас. АН; НДІ вугалю, НДІ горнахім. сыравіны і інш. Краязнаўчы музей.

т. 9, с. 395

ЛЮ́БЕЦКІ З’ЕЗД 1097,

з’езд 6 князёў Кіеўскай Русі ў г. Любеч (на Дняпры, Украіна, на мяжы з Рэспублікай Беларусь), якія сабраліся, каб спыніць міжусобіцы, аб’яднаць сілы для барацьбы з полаўцамі. З’езд устанавіў прынцып спадчыннасці княжацкіх уладанняў: «кожны няхай трымае вотчыну сваю». Паводле пастановы з’езда Святаполк Ізяславіч атрымаў Кіеў, Тураў, Пінск, Берасце (Брэст) і тытул вял. князя; Уладзімір Манамах — Пераяслаўскае княства, Суздальска-Растоўскую зямлю, Смаленск, Белавозера; Алег Святаславіч і Давыд Святаславіч — Северскую зямлю з Чарнігавам, Разань, Мурам, Тмутаракань; Давыд Ігаравіч — Уладзімір Валынскі з Луцкам; Васілька Расціславіч (з братам) — Церабоўль, Чэрвень, Перамышль. Полацкія князі (Усяслаў Брачыславіч і яго сыны) не ўдзельнічалі ў Л.з. 3 таго часу Руская зямля больш не лічылася адзіным уладаннем княжацкага дома Рурыкавічаў, а стала сукупнасцю асобных «вотчын». Л.з. не спыніў усобіц. Адразу пасля з’езду яго ўдзельнікі Давыд Ігаравіч і Святаполк заманілі да сябе і асляпілі церабоўльскага князя Васільку, што прывяло да новых міжусобіц.

Г.В.Штыхаў.

т. 9, с. 395

ЛЮ́БЖЫНСКАЕ ВО́ЗЕРА.

Ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 30 км на У ад г.п. Ушачы. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Пл. 0,46 км2, даўж. каля 2,3 км, найб. шыр. 250 м, найб. глыб. 10,3 м, даўж. берагавой лініі 5,3 км. Пл. вадазбору 4 км2. Схілы катлавіны выш. 5—7 м, у ніжняй ч. парослыя хмызняком, у верхняй — разараныя. Берагі зліваюцца са схіламі. Дно да глыб. 1,5—2 м выслана пяском, ніжэй — ілам. Уздоўж берагоў паласа надводнай расліннасці шыр. да 15 м. 3 возера выцякае ручай у воз. Паўазер’е.

т. 9, с. 395

ЛЮБІ́МАЎ (Ісідар Еўсцігнеевіч) (25.5. 1882, в. Старышчава, Калагрыўскага р-на Кастрамской вобл., Расія — 27.11.1937),

рэвалюцыянер, дзярж. і парт. дзеяч. З 1902 чл. РСДРП. З 1915 у к-це Усерас. земскага саюза на Зах. фронце, удзельнічаў у рабоце бальшавіцкай групы ў Мінску; стварыў і ўзначаліў бальшавіцкую арг-цыю ў г. Лунінец. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 адзін з арганізатараў, нам. старшыні, у ліп.жн. 1917 старшыня выканкома Мінскага Савета. Удзельнік падрыхтоўкі 1-га з’езда салдацкіх дэпутатаў Зах. фронту. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 старшыня выканкома Іванава-Вазнясенскага Савета. З 1919 на парт. рабоце ў Туркестане, на Украіне і ў Сярэдняй Азіі. З 1924 нам. старшыні Массавета, чл. прэзідыума ВСНГ, старшыня праўлення Цэнтрасаюза. З 1930 нам. наркома знешняга і ўнутр. гандлю СССР, гандлёвы прадстаўнік СССР у Германіі, з 1932 нарком лёгкай прам-сці СССР. Беспадстаўна рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна. Аўтар успамінаў пра Лют. рэвалюцыю 1917 у Беларусі.

т. 9, с. 395

ЛЮБІ́МАЎ (Леў Уладзіміравіч) (24.11. 1905, г. Разань, Расія — 23.11.1977),

бел. і расійскі дырыжор. Нар. арт. Беларусі (1955). Праф. (1970). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1929, клас К.Ігумнава). З 1925 працаваў у оперных т-рах Масквы, Свярдлоўска, Горкага. У 1951—64 гал. дырыжор Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Творчасць Л. вызначалі дырыжорская воля, глыбокае пранікненне ў партытуру, імкненне падпарадкаваць усе кампаненты спектакля раскрыццю аўтарскай задумы. Пад яго муз. кіраўніцтвам пастаўлены нац. оперы і балеты: «Дзяўчына з Палесся» Я.Цікоцкага (1953), «Надзея Дурава» А.Багатырова (1956), «Яснае світанне» А.Туранкова (1958), «Калючая ружа» Ю.Семянякі (1960), «Мара» Я.Глебава (1961), «Святло і цені» Г.Вагнера (1963); класічныя оперы «Страшны двор» С.Манюшкі (1952), «Мазепа» (1952) і «Чарадзейка» (1958) П.Чайкоўскага, «Аіда» (1953) і «Трубадур» (1955) Дж.Вердзі, «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага (1954), «Русалка» А.Даргамыжскага (1955), «Садко» М.Рымскага-Корсакава (1957).

Літ.:

Маралёў А. Музычны кіраўнік // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.

Дз.М.Жураўлёў.

Л.У.Любімаў.

т. 9, с. 395