ЛЮ́БЕК

(Lübeck),

горад на Пн Германіі, на р. Траве, каля ўпадзення яе ў Любекскую бухту Балтыйскага м., зямля Шлезвіг-Гольштэйн. 214 тыс. ж. (1994). Марскі і рачны порт на канале Эльба—Траве. Паромная сувязь з г. Ханка (Фінляндыя) і інш. Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: машынабудаванне, у т.л. цяжкае, суднабудаванне, чорная і каляровая (выплаўка медзі) металургія, дрэваапр., харчовая. Музеі: мастацтва і гісторыі культуры, св. Ганны (сярэдневяковае мастацтва), Дом Бена (мастацтва 19—20 ст.), Гольстэнтар (гісторыя горада). Арх. помнікі 12—18 ст. (раманска-гатычны кафедральны сабор, гатычныя цэрквы, ратуша, брама і інш.), многія з іх знішчаны ў 2-ю сусв. вайну, рэканструяваны; уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Засн. ў 1143 каля разбуранага ў 1138 слав. паселішча Любеч. У 1163 атрымаў гар. права, з 1226 імперскі горад. З 13 ст. зыходны пункт ням. каланізацыі ўзбярэжжа Балт. м., адыгрываў вядучую ролю ў паўн.-герм., паўн.-еўрап. гандлі і Ганзе. У 1530-я г. праведзена Рэфармацыя Пасля заняпаду Ганзы страціў ключавое эканам. становішча ў Балт. рэгіёне. У 1806—13 акупіраваны франц. войскамі. З 1815 вольны горад у складзе Герм. саюза, у 1867—70 — Паўн.-Герм. саюза, у 1871—1918 — Герм. імперыі. У 1937 уключаны ў прускую прав. Шлезвіг-Гольштэйн. Пасля 2-й сусв. вайны ў 1945—49 у брыт. акупац. зоне.

Літ.:

Никулина Т.С. Социально-политическая борьба в Ганзейском городе в XIV—XVI вв.: По материалам Любека. Куйбышев, 1988.

У.Я.Калаткоў (гісторыя).

т. 9, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)