Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЭГУЛЯ́ТАР (ад лац. regulo прыводжу ў парадак, наладжваю) аўтаматычны, прыстасаванне (комплекс прыстасаванняў), якое ажыццяўляе рэгуляванне аўтаматычнае. З дапамогай адчувальнага элемента (датчыка) Р. вымярае ўзбуральнае ўздзеянне (велічыню, што рэгулюецца) і праз пераўтваральнік ці выліч. прыстасаванне аказвае ўздзеянне, якое падаецца на рэгулявальны орган непасрэдна з адчувальнага элемента (Р. прамога ўздзеяння) або пасля папярэдняга ўзмацнення (Р. непрамога ўздзеяння). Таксама можа мець кампенсавальныя прыстасаванні, што забяспечваюць устойлівасць і неабходную якасць працэсу рэгулявання.

Аўтаматычны рэгулятар частаты вярчэння вала ў паравой машыне.

т. 13, с. 550

РЭГУЛЯ́ТАРЫ РО́СТУ РАСЛІ́Н,

прыродныя і сінт. арганічныя рэчывы, здольныя стымуляваць або прыгнятаць рост і развіццё раслін. Выкарыстоўваюць у сельскай гаспадарцы для паскарэння або запавольвання росту, цвіцення, кушчэння, выспявання садавіны і гародніны, для паляпшэння якасці пладоў, рэгулявання перыяду спакою, павышэння ўстойлівасці раслін да замаразкаў, засухі і інш.

Прыродныя Р.р.р. — фітагармоны ў невял. колькасці ўтвараюць самі расліны. Да іх адносяцца аўксіны, гіберэліны, цытакініны, брасінастэроіды — стымулятары росту, абсцызавая кіслата, эндагенны этылен — інгібітары росту, а таксама т.зв. другасныя роставыя рэчывы: флаваноіды, алкалоіды, тэрпеноіды. Многія фітагармоны атрымліваюць у прамысл, маштабах метадам біятэхналогіі. Сінт. Р.р.р. класіфікуюць паводле іх суадносін з фітагармонамі: аналагі аўксінаў і цытакінінаў, антыаўксіны і антаганісты цытакінінаў, інгібітары біясінтэзу гіберэлінаў (гл. Рэтарданты) і інш. Найб. пашыраныя сінт. рэгулятары — арыл- і арылаксіаліфатычныя к-ты, оніевыя солі (гл. Оніевыя злучэнні), гетэрацыклічныя злучэнні (пераважна вытворныя індолу, пірыдзіну, піразолу, пірымідзіну). У залежнасці ад канцэнтрацыі, тэрмінаў апрацоўкі с.-г. культур многія Р.р.р. могуць дзейнічаць як гербіцыды, дэфаліянты, дэсіканты.

Літ.:

Калинин Ф.Л. Биологически активные вещества в растениеводстве. Киев, 1984;

Кефели В.И., Прусакова Л.Д. Химические регуляторы растений. М., 1985.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 13, с. 550

РЭГУЛЯЦЫ́ЙНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ,

выпраўчыя гідратэхн, збудаванні для рэгулявання рэчышчаў рэк. Забяспечваюць ахову населеных пунктаў, прамысл. аб’ектаў і ворных зямель ад затаплення, берагоў ад разбурэння (берагаўмацавальныя збудаванні), падтрыманне неабходнага ўзроўню вады каля водазабораў (водазаборныя збудаванні), суднаходства і лесасплаў, рэгуляванне вадкага і цвёрдага рачнога сцёку, накіраванне воднага патоку да водазліўных адтулін (вадазліваў). Бываюць масіўныя (цяжкія), скразныя (заглейвальнікі) і струмененакіроўныя (лёгкія).

Масіўныя Р.з. адносна рэчышча падзяляюцца на падоўжныя (дамбы, агараджальныя валы і інш.), папярочныя (буны, шпоры), запруды, якія перасякаюць усё рэчышча ў папярочным або касым напрамку, донныя запруды, паўзапруды і парогі. Для іх буд-ва выкарыстоўваюць каменную накідку, цюфячную або фашынную муроўку, палевыя, ражавыя і інш. канструкцыі. Скразныя Р.з. прапускаюць частку патоку, у іх асядаюць наносы, што дазваляе атрымаць рэчышча зададзенага віду. Бываюць з галін (яловых і лісцевых дрэў), шчытавыя (з фашын, дошак), сеткавыя (з жал. дроту), палевыя і стрыжнёвыя (з бярвён, пласцін, жардзін, жалезабетону і інш.). Струмененакіроўныя Р.з. дазваляюць транспартаваць донныя наносы і адкладваць іх у патрэбным месцы рэчышча. Складаюцца са шчытоў, размешчаных пад пэўным вуглом да цячэння. Бываюць стацыянарныя (на невял. рэках, вадацёках) і плывучая (донныя), якія складаюцца з струмененакіроўных шчытоў, падтрымных пантонаў, бярвён, паплаўкоў, схватак, апорных частак (фіксуюць шчыты ў патоку). Пры буд-ве донных Р.з. выкарыстоўваюць плятні, у т. л. падвойныя, з загрузкай камянямі, донныя парогі з гібонаў, ражы спец. канструкцыі і інш.

Літ.:

Корюкин С.Н. Регулирование русл рек в мелиоративных целях. М., 1972.

М.​Кандрацьеў.

Схемы рэгуляцыйных збудаванняў: а, б, — берагавыя мацаванні з каменнай накідкі; в — мацаванне падводнай часткі берага сеткавай матай (2) з цыліндрам (І) каля асновы; г — буны (1 — адтуліны, 2 — струмененакіроўная дамба, 3 — траверсы); д — запруда; е — шчытавое скразное збудаванне (1 — якар, 2 — каркас, 3 — веткі); ж — струмененакіроўныя плывучыя шчыты; з — тур-канструкцыі з плятнёвымі шчытамі (1 — камяні, 2 — шчыты).

т. 13, с. 550

РЭ́ДАКС-ПАТЭНЦЫЯ́Л,

тое, што акісляльна-аднаўляльны патэнцыял.

т. 13, с. 551

РЭДАКЦЫ́ЙНЫЯ КАМІ́СІІ ў Расійскай імперыі,

часовая ўстанова, створаная рас. ўрадам пры Галоўным камітэце па сялянскай справе ў сак. 1859 для абагульнення матэрыялаў дваранскіх губ. к-таў і складання агульнага праекта палажэння аб адмене прыгоннага права. Складаліся (усяго 31 чал.) з чыноўнікаў розных ведамстваў і членаў-экспертаў — прадстаўнікоў памеснага дваранства. Р.к. фармальна вырашылі захаваць за сялянамі існуючы надзел, аднак пры пэўных абставінах планавалася адразаць частку сял. надзельнай зямлі на карысць памешчыка. Выкуп ставіўся ў залежнасць ад добраахвотнай згоды землеўласнікаў. Р.к. працавалі да 22.10.1860. На заключным этапе іх дзейнасці праект адмены прыгону істотна зменены на карысць памеснага дваранства (памеры сял. надзелаў паменшаны, а павіннасцей — павялічаны з пераацэнкай іх праз 20 гадоў). Р.к. адыгралі важную ролю ў падрыхтоўцы сялянскай рэформы 1861.

В.​П.​Панюціч.

т. 13, с. 551

РЭДА́КЦЫЯ (франц. rédaction ад лац. redactus прыведзены ў парадак),

1) працэс апрацоўкі рэдактарам (рэдагаванне) аўтарскага твора для публікацыі ў друку, на радыё, тэлебачанні. Р. твораў маст. ці навук. л-ры ў тых выпадках, калі выдаюцца кананізаваныя тэксты, зводзіцца да складальніцкай працы, удакладнення тэксту і падрыхтоўкі даведачнага апарата (гл. Тэксталогія, Каментарый).

2) Разнавіднасць (варыянт) тэксту літ. або фалькл. твора, этап у яго творчай гісторыі. Новая Р. ўзнікае, як правіла, у выніку свядомай мэтанакіраванай перапрацоўкі твора, выкліканай Пэўнымі ідэйна-маст. задачамі, зменай аўтарскай задумы і яе літ. выражэння, новымі грамадска-паліт. ўмовамі, эстэт. запатрабаваннямі часу, а таксама ў выніку значных пераробак у працэсе доўгага бытавання.

3) Установа сістэмы сродкаў масавай інфармацыі (Р. газеты, часопіса і інш.).

т. 13, с. 551

РЭДА́Н (франц. redan уступ),

адкрытае палявое фартыфікацыйнае збудаванне з двух фасаў пад вуглом 60—120°, што выступае ў бок праціўніка і дазваляе весці косапрыцэльны агонь. Невялікія Р. з тупым вуглом наз. флешамі. Р. выкарыстоўваліся ў 17—19 ст., потым — ва ўмацаваных пазіцыях большасці армій у 1-ю сусв. вайну 1914—18 (акопы рэданнага тыпу).

План рэдана.

т. 13, с. 551

РЭ́ДГРЭЙВ, Рэдгрэў (Redgrave) Ванеса (н. 30.1.1937, Лондан), англійская актрыса.

Дачка М.С.Рэдгрэйва. Скончыла Цэнтр. школу музыкі і танца. У 1957 дэбютавала ў т-ры, з 1958 у кіно. Адна з найб. яркіх інтэлектуальных актрыс у сусв. кіно, з буйным тэмпераментам, моцным характарам. Знялася ў фільмах рэж. М.​Антаніёні [«Фотапавелічэнне» («Блоу-ап»), 1967], англ. рэжысёраў Т.​Рычардсана («Марак з «Гібралтара», 1967; «Атака лёгкай брыгады», 1968), К.​Рэйса («Морган, выпадак, прыдатны для лячэння», 1966; прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Канах; «Айседора», 1968; прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Канах), К.​Расела («Д’яблы», 1971), амер. рэжысёраў Ф.​Цынемана («Джулія», 1977; прэмія «Оскар»), С.​Люмета («Забойства ва Усходнім экспрэсе», 1974), Дж.​Шлезінгера («Янкі», 1979) і інш. Сярод фільмаў 1990-х г.: «Хоўардс Энд» («Сядзіба Хоўардс Энд»), «Дом духаў», «Месяц каля возера», «Місія немагчыма», «Дэжа вю», «Нязваны», «Мірка» і інш.

т. 13, с. 551

РЭ́ДГРЭЙВ, Рэдгрэў (Redgrave) Майкл Ск’юдамар (20.3.1908, г. Брысталь, Вялікабрытанія — 21.3.1985), англійскі акцёр, рэжысёр. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1931). З 1934 працаваў у т-рах Ліверпуля, Лондана, Стратфарда-он-Эйван. Сярод роляў: Тузенбах, Вайніцкі («Тры сястры», «Дзядзька Ваня» А.​Чэхава), Ракіцін («Месяц у вёсцы» І.​Тургенева), Аляксей Турбін («Дні Турбіных» М.​Булгакава), Гамлет, Шэйлак, Лір, Антоній («Гамлет», «Венецыянскі купец», «Кароль Лір», «Антоній і Клеапатра» У.​Шэкспіра). Староннік сцэн. рэалізму, паслядоўнік сістэмы К.​Станіслаўскага. Паставіў спектаклі «Лінія жыцця» Н.​Армстранга (1942), «Генрых IV» Шэкспіра (1951), «Месяц у вёсцы» Тургенева (1956, 1965), оперы — «Вертэр» Ж.​Маснэ (1966), «Багема» Дж.​Пучыні (1967). У кіно з 1938. Зняўся ў фільмах: «Глыбокай ноччу» (1945), «Версія Браўнінга» (1951, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Канах), «Адзінота бегуна на доўгую дыстанцыю» (1963), «Мікалай і Аляксандра» (1971) і інш. Рэжысёр фільма «Антоній і Клеапатра» (1957).

т. 13, с. 551

РЭ́ДЖА-ДЫ-КАЛА́БРЫЯ (Reggio di Calabria),

горад на Пд Італіі, адм. цэнтр аднайм. правінцыі. Засн. ў 720 да н.э. З прыгарадамі каля 200 тыс. ж. (2000). Порт у Месінскім праліве; чыг. паромам звязаны з г. Месіна (в-аў Сіцылія).

Аэрапорт. Прам-сць: харч. і харчасмакавая, дрэваапр., машынабуд. (вагонабудаванне). База рыбалоўства. Ун-т. Геафіз. абсерваторыя. Нац. музей. Частыя землетрасенні; пасля разбуральнага землетрасення 1908 горад перабудаваны. Руіны стараж.-грэч. храмаў і жылых дамоў (пераважна 4 ст. да н.э.). Турызм.

т. 13, с. 551