РЭ́ДГРЭЙВ, Рэдгрэў (Redgrave) Майкл Ск’юдамар (20.3.1908, г. Брысталь, Вялікабрытанія — 21.3.1985), англійскі акцёр, рэжысёр. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1931). З 1934 працаваў у т-рах Ліверпуля, Лондана, Стратфарда-он-Эйван. Сярод роляў: Тузенбах, Вайніцкі («Тры сястры», «Дзядзька Ваня» А.Чэхава), Ракіцін («Месяц у вёсцы» І.Тургенева), Аляксей Турбін («Дні Турбіных» М.Булгакава), Гамлет, Шэйлак, Лір, Антоній («Гамлет», «Венецыянскі купец», «Кароль Лір», «Антоній і Клеапатра» У.Шэкспіра). Староннік сцэн. рэалізму, паслядоўнік сістэмы К.Станіслаўскага. Паставіў спектаклі «Лінія жыцця» Н.Армстранга (1942), «Генрых IV» Шэкспіра (1951), «Месяц у вёсцы» Тургенева (1956, 1965), оперы — «Вертэр» Ж.Маснэ (1966), «Багема» Дж.Пучыні (1967). У кіно з 1938. Зняўся ў фільмах: «Глыбокай ноччу» (1945), «Версія Браўнінга» (1951, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Канах), «Адзінота бегуна на доўгую дыстанцыю» (1963), «Мікалай і Аляксандра» (1971) і інш. Рэжысёр фільма «Антоній і Клеапатра» (1957).
т. 13, с. 551
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)