РЭГУЛЯ́ТАР (ад лац. regulo прыводжу ў парадак, наладжваю) аўтаматычны, прыстасаванне (комплекс прыстасаванняў), якое ажыццяўляе рэгуляванне аўтаматычнае. З дапамогай адчувальнага элемента (датчыка) Р. вымярае ўзбуральнае ўздзеянне (велічыню, што рэгулюецца) і праз пераўтваральнік ці выліч. прыстасаванне аказвае ўздзеянне, якое падаецца на рэгулявальны орган непасрэдна з адчувальнага элемента (Р. прамога ўздзеяння) або пасля папярэдняга ўзмацнення (Р. непрамога ўздзеяння). Таксама можа мець кампенсавальныя прыстасаванні, што забяспечваюць устойлівасць і неабходную якасць працэсу рэгулявання.
Аўтаматычны рэгулятар частаты вярчэння вала ў паравой машыне.