РЭДА́КЦЫЯ (франц. rédaction ад лац. redactus прыведзены ў парадак),

1) працэс апрацоўкі рэдактарам (рэдагаванне) аўтарскага твора для публікацыі ў друку, на радыё, тэлебачанні. Р. твораў маст. ці навук. л-ры ў тых выпадках, калі выдаюцца кананізаваныя тэксты, зводзіцца да складальніцкай працы, удакладнення тэксту і падрыхтоўкі даведачнага апарата (гл. Тэксталогія, Каментарый).

2) Разнавіднасць (варыянт) тэксту літ. або фалькл. твора, этап у яго творчай гісторыі. Новая Р. ўзнікае, як правіла, у выніку свядомай мэтанакіраванай перапрацоўкі твора, выкліканай Пэўнымі ідэйна-маст. задачамі, зменай аўтарскай задумы і яе літ. выражэння, новымі грамадска-паліт. ўмовамі, эстэт. запатрабаваннямі часу, а таксама ў выніку значных пераробак у працэсе доўгага бытавання.

3) Установа сістэмы сродкаў масавай інфармацыі (Р. газеты, часопіса і інш.).

т. 13, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)