Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЖО́ДЗІШКАЎСКІ КАЛЬВІ́НСКІ ЗБОР,

помнік архітэктуры рэнесансу. Пабудаваны ў 1612 у в. Жодзішкі (Смаргонскі р-н Гродзенскай вобл.), у пач. 19 ст. перабудаваны пад Троіцкі касцёл. Першапачаткова храм быў 1-нефавы, прамавугольны ў плане, без апсіды, з двух’яруснай чацверыковай вежай-званіцай на гал. фасадзе. Пры перабудове да нефа прыбудаваны вял. прамавугольныя ў плане бакавыя капліцы з трохвугольнымі шчытамі ў завяршэнні тарцовых сцен. Цяпер — мураваны крыжападобны ў плане 1-нефавы будынак з квадратнай у плане алтарнай апсідай з сакрысціяй з Пн і вуглавымі контрфорсамі. Гал. фасад вырашаны плоскасна, завершаны шчытом, партал увахода аформлены рустыкай. Скляпенні капліц упрыгожаны размалёўкай (мастак П.Сергіевіч, 1937).

А.А.Міцянін, А.А.Ярашэвіч.

Жодзішкаўскі кальвінскі збор.

т. 6, с. 438

ЖО́ДЗІШКІ,

вёска ў Смаргонскім р-не Гродзенскай вобл., на правым беразе р. Вілія, на аўтадарозе Варняны—Нарач. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 19 км на Пн ад горада і чыг. ст. Смаргонь, 240 км ад Гродна. 891 ж., 251 двор (1997).

Вядомыя з 1511 як замак і мястэчка, засн. М.Мішковічам. У 16—17 ст. належалі Падбейпецічам, Забярэзінскім, Осцікавічам, Кішкам, Комарам, Мінкевічам. У 1709—73 дзейнічаў Жодзішкаўскі езуіцкі калегіум. З 1795 у Рас. імперыі. У сярэдзіне 19 — пач. 20 ст. ў Свянцянскім пав. Віленскай туб. У 1859—222 ж., 39 двароў. З 1921 у Польшчы, у Вілейскім пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Смаргонскім р-не. У 1971—794 ж., 276 двароў.

Малое прадпрыемства «Надзея», лясніцтва. Сярэдняя школа, дзіцячы рэабілітацыйна-аздараўленчы цэнтр «Лясная паляна», Дом культуры, б-ка, 2 бальніцы, амбулаторыя, 2 аптэкі, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — Жодзішкаўскі кальвінскі збор (1612) і сядзібны дом (з пейзажным паркам 19 ст.), пад які прыстасаваны кляштар езуітаў 17 ст.

т. 6, с. 438

ЖО́ДЗІШСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР Існаваў пры езуіцкім калегіуме ў в. Жодзішкі Смаргонскага р-на ў 1-й трэці 18 ст. Захаваліся праграмы трох пастановак 1716—30: канікулярная драма «Вянец духа-красамоўства» (са стараж.-рым. гісторыі) з інтэрлюдыямі пасля 1-га і 2-га актаў; масленічная «Палемонія за сталом, якую, па прыкладу Вітэлія, спасцігла смерць» з аргументам П.Каяловіча (1724, з алегарычным антыпралогам, харамі і інтэрлюдыямі паміж актамі) і «Перамога саюзу любві» (1730).

т. 6, с. 438

ЖО́ЛАБАЎ (Віталь Міхайлавіч) (н. 18.6.1937, с. Старая Збур’еўка Херсонскай вобл., Украіна),

савецкі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1976), лётчык-касманаўт СССР (1976). Скончыў Азербайджанскі ін-т нафты і хіміі (1959), Ваенна-паліт. акадэмію імя Леніна (1974). У 1963—81 у атрадзе касманаўтаў. 6.7—24.8.1976 з Б.В.Валынавым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-21» (як бортінжынер) і на арбітальнай станцыі «Салют-5». Правёў у космасе 49,3 сут.

т. 6, с. 438

ЖО́ЛАБ АКІЯНІ́ЧНЫ, глыбакаводны жолаб,

вузкае доўгае паніжэнне дна акіяна, элемент рэльефу пераходнай зоны паміж мацерыком і акіянам. Даўжыня дасягае некалькіх тысяч кіламетраў, шырыня — дзесяткаў і соцень кіламетраў, глыб. больш за 5000 км, сярэдняя стромкасць схілаў каля 5°, у месцах глыбінных разломаў схілы бываюць вельмі стромкія. Размяшчаюцца ўздоўж горных узбярэжжаў мацерыкоў (напр., Перуанскі і Чылійскі жалабы каля зах. берагоў Паўд. Амерыкі) або са знешняга боку астраўных дуг (Алеуцкі, Курыла-Камчацкі, Японскі, Філіпінскі жалабы). З Ж.а. звязаны макс. глыбіні Сусветнага ак., у т. л. найб. на Зямлі глыб. 11022 м (у Марыянскім жолабе Ціхага ак.).

т. 6, с. 438

ЖО́ЛТАК (Валяр’яна Канстанцінаўна) (н. 13.12.1919, г. Жлобін Гомельскай вобл.),

бел. жывапісец. Скончыла Віцебскае маст. вучылішча (1939). У 1939—51 мастак-дэкаратар Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Працуе ў жанрах бытавым — «Зіма прыйшла» (1954), «У школу» (1963), «Вясна. 1930-я гады» (1972), «Кірмаш» (1984), нацюрморта — «Сон-трава» (1957), «Званочкі лясныя» (1958), «Суровыя гады» (1975), «Інтэр’ер з народнай керамікай» (1980), «Сухія кветкі» (1985), «Аканіт» (1988—89), «Успаміны пра лета» (1994), пейзажа — «Разліў на Бярэзіне» (1958), «Вязынка» (1964), «Бярозавыя карункі» (1993), «Полацк. Спаса-Ефрасіннеўская царква» (1994), серыі пейзажаў Закарпацця (1967), Ноўгарада і Пскова (1969), Сібіры і Крыма (1970) і інш. На тэму Вял. Айч. вайны карціны «За дапамогай да партызан» (1957), «Вяртанне» (1958, 1967). Іл. гл. таксама да арт. Бытавы жанр.

Л.Ф.Салавей.

В.Жолтак. Сухія кветкі. 1985.

т. 6, с. 438

ЖО́ЛУД,

аднанасенны плод, часткова або цалкам заключаны ў чашападобную дзеравяністую плюску, якая ўтвараецца са зрослых восей прыкветнікаў рэдукаванага суквецця. Характэрны для раслін сям. букавых: дуба (змяшчае ў плюсцы толькі 1 Ж.), бука і каштана (у плюсцы па 2—3 Ж.). У кожным Ж. адно семя, якое складаецца з зародка. 2 мясістых семядолей і абалонкі. Мае ў сабе вугляводы (пераважна крухмал), пратэін, дубільныя рэчывы. Выспяваюць восенню. Выкарыстоўваюць як корм для жывёлы, сурагат кавы.

т. 6, с. 438

ЖО́ЛУДЗЕЎ (Віктар Рыгоравіч) (22.3.1905, г. Угліч Яраслаўскай вобл., Расія — 21.7.1944),

удзельнік вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў у Вял. Айч. вайну. Ген.-маёр (1942), Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў камандныя курсы (1929), курсы ўдасканалення каманднага саставу (1930, 1934), курсы Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1940). У Чырв. Арміі з 1921. У Вял. Айч. вайну на Паўд.-Зах, Данскім, Цэнтр., Бранскім, 1-м Бел. франтах. Вызначыўся ў Беларускай аперацыі 1944: стралк. корпус пад яго камандаваннем авалодаў г.п. Клічаў, удзельнічаў у вызваленні Мінска. У г. Ваўкавыск каля школы № 1 устаноўлены яго бюст.

В.Р.Жолудзеў.

т. 6, с. 438

ЖО́ЛУДЗЕЎ (Навум Ілыч) (13.1.1922, г. Гомель — 9.12.1985),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў армейскія курсы парторгаў і камсоргаў (1944), курсы перападрыхтоўкі каманднага саставу (1946), Мінскі юрыд. ін-т (1950). У Чырв. Арміі з 1941. У Вял. Айч. вайну ўдзельнік Сталінградскай і Курскай бітваў, вызвалення Украіны, Румыніі. Камандзір мінамётнага разліку мал. сяржант Ж. вызначыўся ў кастр. 1943 пры фарсіраванні Дняпра на Пд ад г. Крамянчуг Палтаўскай вобл. (Украіна). Да 1970 у Сав. Арміі.

т. 6, с. 439

ЖО́РАЎ (Абрам Ільіч) (1907, г. Магілёў — 1943),

бел. скульптар. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1929). Асн. творы (гіпс) — «Качагар», «Плытагоны», «Лён», «С.Арджанікідзе ў разведцы і пад Барысавам» (усе 1930-я г.), праект помніка дукорскім партызанам (1940), «М.Ю.Лермантаў» (барэльеф, 1941). Прымаў удзел у афармленні Дома ўрада ў Мінску (1932—34), бел. павільёна на Усесаюзнай выстаўцы ў Маскве (1939). Загінуў на фронце.

А.Жораў. С.Арджанікідзе ў разведцы пад Барысавам. 1939.

т. 6, с. 439