Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЖМУРО́ЎСКІ (Дзмітрый Пятровіч) (н. 10.1.1918, в. Барысавічы Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1944). Д-р гіст. н. (1973), праф. (1974). У 1938—41 вучыўся ў Магілёўскім пед. ін-це. Скончыў Маскоўскі пед. ін-т (1946). У Вял. Айч. вайну на Бранскім, Калінінскім, 2-м Укр. франтах. Удзельнік Курскай бітвы, Корсунь-Шаўчэнкаўскай і Яска-Кішынёўскай аперацый. Камандзір кулямётнага разліку сяржант Ж. вызначыўся ў сак. 1944 пры фарсіраванні р. Прут, паранены, не пакінуў поля бою. З 1950 на выкладчыцкай рабоце ў ВНУ Вільнюса, Масквы, Мінска. Аўтар даследаванняў па гісторыі КПСС і КПБ.

Тв.:

Организаторская работа Коммунистической партии в деревне (1918—1920 гг.). Мн., 1970;

Республика Советов: единство фронта и тыла (1918—1920 гг.). Мн., 1980;

В борьбе за Советскую власть: Деятельность большевиков в бел. деревне, 1918—1920. Мн., 1989.

Дз.П.Жмуроўскі.

т. 6, с. 436

ЖНІ́ВЕНЬ (ад слова «жніво»),

восьмы месяц каляндарнага года (31 дзень), апошні месяц лета на Беларусі. 15 Ж. працягласць дня ў Мінску 14 гадз 56 мін, сярэдняя выш. Сонца над гарызонтам 50,3°, сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 478 МДж/м², радыяц. баланс дадатны (252 МДж/м²). На тэр. Беларусі сярэдняя т-ра паветра 15,5—18 °C, у 2-й пал. Ж. магчымы замаразкі на глебе (часам і ў паветры). Звычайна Ж. халаднейшы за ліпень, але прыкладна раз у 5 гадоў бывае наадварот. Адносная вільготнасць паветра ў Ж. не ніжэй за 70%, ападкаў 60—85 мм, у асобныя гады можа быць і больш (149 мм, Бабруйск, Жыткавічы, 1970) ці ападкі зусім не выпадаюць (Лепель, 1939). У сярэднім з ападкамі бывае 14—16 дзён. Частыя ліўневыя дажджы з моцнымі вятрамі выклікаюць паляганне збожжавых культур. У Ж. канчаецца жніво азімых, убіраюць яравыя, лён. З сярэдзіны месяца пачынаецца сяўба азімых жыта і пшаніцы. Даспявае садавіна, у разгары збор брусніц, касцяніц, чаромхі, ажыны. Ж. самы багаты месяц на грыбы. Паступова пачынаюць адлятаць у вырай птушкі: стрыжы, ластаўкі, зязюлі, івалгі, мухалоўкі, валасянкі, пліскі. Збіраюцца ў чароды шпакі, гракі. У канцы Ж. размнажаюцца змеі, яшчаркі, пачынаецца гон у казуль, нараджаюцца зайчаняты (другі прыплод).

т. 6, с. 436

ЖНІ́ВЕНЬСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1945 у В’етнаме,

нацыянальна-вызваленчае, нар.-дэмакр. і сацыяліст. выступленне ў канцы 2-й сусв. вайны. Падрыхтавана В’етмінем. 16 жн. пачалася ўсев’етнамская паліт. забастоўка пад лозунгам устанаўлення незалежнай рэспублікі. 19 жн. ў Ханоі ўзбр. рабочыя атрады пад кіраўніцтвам камуністаў скінулі праяпонскі ўрад. Пасля заняцця паўстанцамі гарадоў Хюэ (23 жн.) і Сайгон (25 жн.) імператар Бао-Дай адрокся ад прастола. 2 вер. на 500-тысячным мітынгу ў Ханоі Хо Шы Мін ад імя Часовага ўрада (створаны 27 жн.) абвясціў Дэкларацыю незалежнасці і ўтварэнне Дэмакр. Рэспублікі В’етнам. У ходзе рэвалюцыі створаны рэв. органы ўлады (нар. к-ты), зменена падатковая сістэма, праведзены перадзел абшчынных зямель, жанчыны ўраўнаваны ў правах з мужчынамі і інш.

т. 6, с. 436

ЖНІВО́,

уборка ўраджаю збожжавых культур. Пры аднафазнай уборцы Ж. сумяшчаюць з малацьбой і робяць збожжаўборачным камбайнам, пры двухфазнай (раздзельная ўборка) спелыя культуры спачатку скошваюць жняяркамі, потым валкі падбіраюць і абмалочваюць камбайнам. Шматфазная ўборка ўраджаю — вылучэнне асн. прадукцыі ў 3 этапы і болей. Спосаб уборкі вызначаецца біял. асаблівасцямі збожжавых культур, станам сцебластою, кліматычнымі ўмовамі і наяўнасцю неабходнай тэхнікі.

т. 6, с. 436

ЖНІ́ЎНЫЯ ПЕ́СНІ, жнейскія, жытныя песні,

«жніво», частка летняга цыкла каляндарна-земляробчага фальклору. Вядомы пераважна ў слав. і балцкіх народаў. На Беларусі — узор традыц. сялянскай нар.-песеннай класікі. Выконваліся жнеямі на полі. Падзяляюцца на зажынкавыя, уласна жніўныя (гал. жанрава-тэматычная група) і дажынкавыя. Пераважае прац., сацыяльна- і сямейна-бытавая тэматыка; асн. матыў — выказванне гора, крыўды, якія жняя давярала ніве, скарга яе на непасільную працу, нялёгкае жыццё ў сям’і мужа з проціпастаўленнем свайго і чужога дома, роднай і няроднай маці, нараканне на адзіноцтва ўдавы, сіраты, шкадаванне аб страчанай дзявочай прыгажосці. Вобразны лад вызначаюць псіхал. тонкасць, яркасць бытавых замалёвак. Разгорнутыя маналогі жняі (часам перарастаюць у дыялогі) уключаюць зварот да нівы, сонца, ветру, бору, хмар. У гумарыст. сюжэтах матыў скаргі амбівалентна пераасэнсоўваецца («Ох, і дайце ж мне раду, мой загонічак ззаду»). З часоў прыгону ў Ж.п. больш, чым у інш. каляндарна-земляробчых, выявілася антыпрыгонніцкая накіраванасць. У некат. песнях традыц. скарга жняі набывае характар пратэсту, перарастае ў праклён («Бадай пана громы ўбілі, як мы ручкі патамілі»).

Напевы Ж.п. яскрава выяўляюць характэрны для алігатонных ладава-меладычных сістэм драматургічны прынцып адначасовага кантрасту — рознанакіраванасць выразных сродкаў пры іх раўнапраўнасці, што надае падобным напевам асаблівую выразнасць. Нягледзячы на невял. гукавы дыяпазон, напевы Ж.п. уражваюць шырынёй меладычнага дыхання, дзякуючы свабоднай імправізацыйнай рытміцы з доўга працягнутымі апорнымі гукамі ладу. У паўд. (Палессе) і ўсх. раёнах Беларусі Ж.п. гучаць напружана (накшталт плачу-галашэння), у паўн. (Паазер’е) пераважна лірычна, у зах. і некат. цэнтр. раёнах часта набываюць эпічныя рысы (з эпічнымі зачынамі паэт. тэкстаў: «А заспорыў Дунай з морам за бедную сіраціну», «Да цераз лесы, цераз боры брат сястрыцы пакланяецца»). У асобных мясцовасцях Ж.п. збліжаюцца і нават зліваюцца з сенакоснымі (напевы, якія іх аб’ядноўваюць, наз. «лета»). Гучанне песень «лета», як і веснавых песень, яскрава прадстаўляе нар. школу галаснога спеву. Параўнальна невял. колькасць зажынкавых песень мае рытуальна заклікальны характар («Радзі, ніва, жыта, жыта і пшаніцу, усякую пашніцу»), дажынкавыя — велічальны, святочны, нярэдка афарбаваны ў гумарыст. тоны. Ад уласна жніўных яны адрозніваюцца меншай распеўнасцю, большай рытмічнай акрэсленасцю. Суправаджаюцца абрадамі «першага снапа» (зажынкавыя), «апошняга снапа» і «завівання барады» (дажынкавыя). І песні і абрады пранізвае адзін матыў — стаўленне да хлеба як да святыні.

Публ.: Беларускія народныя песні / Запіс Р.Шырмы. Т. 3. Мн., 1962; Жніўныя песні / Скл. А.С.Ліс, В.І.Ялтаў. Мн., 1974; Анталогія беларускай народнай песні / Уклад. Г.Цітовіч. 2 выд. Мн., 1975; Мажэйка З.Я. Песні Беларускага Паазер’я. Мн., 1981; Яе ж. Песни Белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983.

Літ.:

Мухаринская Л.С. Белорусская народная песня. Мн., 1977;

Эвальд З.В. Социальное переосмысление жнивных песен Белорусского Полесья // Эвальд З. Песни Белорусского Полесья. М., 1979;

Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985.

З.Я.Мажэйка.

т. 6, с. 436

ЖНЯЯ́РКА,

машына для скошвання с.г. культур і транспартавання скошанай масы ў малацільны апарат камбайна (пры прамым камбайнаванні) або ўкладкі яе на поле ў валкі ці ў рассціл (пры раздзельнай уборцы). Асн. рабочыя органы — рэжучы апарат, матавіла, шнэк, транспарцёр.

Шнэкавыя Ж. (хедэры) бываюць навясныя (на збожжаўборачныя камбайны) або прычапныя да трактара; валковыя (платформавыя) — самаходныя ці ў агрэгаце з трактарамі, самаходнымі шасі, камбайнамі. Валковыя Ж. паводле размяшчэння рэжучага апарата падзяляюцца на франтальныя і бакавыя, паводле спосабу фармавання валкоў — на адна-, двух- і трохпаточныя (фармуюць валок рэзальным апаратам або яшчэ з дапамогай 1 ці 2 транспарцёраў). Ж. бываюць універсальныя і спецыяльныя (для ўборкі пэўных культур). Напр., зернебабовая Ж. — навясная на камбайны машына для скошвання і ўкладкі ў валкі зернебабовых культур (у т. л. зялёнага гарошку, іх сумесей) і палеглай збажыны. Мае пальцавы рэжучы апарат са сцёблападымальнікам, універсальнае эксцэнтрыкавае матавіла, раменна-планкавы транспарцёр, платформу, механізм прывода і інш. Шырыня захопу Ж. ад 3,5 да 17 м, прадукцыйнасць ад 1,2 да 8 га/гадз.

Жняяркі: 1 — навясная з універсальным матавілам для раздзельнай уборкі збожжа; 2 — збожжавая прычапная да трактароў; 3 — зернебабовая; 4 — канапляная жняярка-снопавязалка.

т. 6, с. 437

ЖО́ДЗЕНЬ,

возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свіна, за 32 км на ПнЗ ад г. Гарадок. Пл. 0,5 км², даўж. 1,1 км, найб. шыр. 900 м, даўж. берагавой лініі 3,6 км. Пл. вадазбору 62,3 км². Схілы катлавіны выш. 2—3 м, пад лесам і хмызняком, на У разараныя. Праз возера працякае р. Копань, на Пд упадае ручай з воз. Соміна.

т. 6, с. 437

ЖО́ДЗІНА,

горад абл. падпарадкавання ў Смалявіцкім р-не Мінскай вобл., на р. Пліса. За 55 км ад Мінска. Чыг. ст. на лініі Мінск—Орша, на аўтадарозе Мінск—Масква. 59,9 тыс. ж. (1997).

Упершыню ўпамінаецца пад 1688 як в. Жодзіна Слабада Барысаўскага староства Мінскага ваяв., уласнасць Радзівілаў. Пасля 1793 у Рас. імперыі ў Барысаўскім пав. Мінскай губ. У 1871 праз Ж. прайшла чыгунка Масква—Брэст. У 1897—697 ж, 97 гаспадарак, царква (пабудавана ў 1864), нар. вучылішча, вадзяны млын, кузня, карчма, крама 3 1924 цэнтр сельсавета ў Смалявіцкім р-не. 21.1.1958 пасёлкі Смалявіцкай ДРЭС, з-да дарожных і меліярац. машын і суседнія вёскі Зарэчча і Крушынікі аб’яднаны з Ж. ў гар. пасёлак. У 1958 створаны Бел. аўтамаб. з-д (БелАЗ). З 7.3.1963 горад. У 1962—65 у складае Барысаўскага р-на. У 1970—22,1 тыс. ж.

Смалявіцкая ДРЭС, Беларускі аўтамабільны завод, з-ды дарожных і меліярац. машын, цяжкіх кавальскіх штамповак. Прадпрыемствы харч., лёгкай (швейна-трыкат. ф-ка і інш.), дрэваапр., буд. матэрыялаў прам-сці. Жывёлагадоўлі Беларускі НДІ, Земляробства і кармоў Беларускі НДІ. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, Манумент у гонар маці-патрыёткі.

Фрагмент забудовы горада Жодзіна.

т. 6, с. 437

ЖО́ДЗІНСКІ ПОЛІТЭХНІ́ЧНЫ ТЭ́ХНІКУМ Засн. ў 1973 на базе Жодзінскага філіяла (з 1966) Мінскага аўтамех. тэхнікума. Рыхтуе тэхнікаў-электрыкаў, тэхнікаў-тэхнолагаў, бухгалтараў-менеджэраў. Спецыяльнасці (1997/98 навуч. г.): электратэхніка; тэхналогія, абсталяванне і аўтаматызацыя апрацоўкі матэрыялаў; тэхналогія, абсталяванне і аўтаматызацыя машынабудавання; тэхн. абслугоўванне тэхнал. абсталявання і сродкаў робататэхнікі ў аўтаматызаванай вытв-сці; менеджмент; бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт (на камерцыйнай аснове). Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае.

т. 6, с. 437

ЖО́ДЗІШКАЎСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ.

Дзейнічаў у 1709—73 у в. Жодзішкі. У 1708 уладальніца Жодзішак Барбара Мінкевіч ахвяравала езуітам 6 вёсак. Спачатку калегіум размяшчаўся пры парафіяльным касцёле св. Тройцы, з 1727 пры новым касцёле св. Іуды Фадзея. У 1745 пры ім адкрыта муз. бурса, у 1767 — аптэка. У 1757—70 пабудаваны новы вучэбны корпус. Да 1762 калегіум узначальвалі віцэ-рэктары, потым — рэктары. Праграма была традыцыйнай для езуіцкіх калегіумаў, з 1770 выкладаліся таксама ням., франц. мовы, матэматыка. Пасля скасавання ордэна езуітаў пераабсталяваны пад сядзібу новых гаспадароў Жодзішак Ласкарысаў.

т. 6, с. 438