Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЖЛО́БІНСКІ РАЁН,

на ПнУ Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 1962). Пл. 2,1 тыс. км². Нас. 38,1 тыс. чал. (1997). Сярэдняя шчыльнасць 18 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Жлобін; г.п. Стрэшын, 156 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на Стрэшынскі пасялковы Савет і 16 сельсаветаў: Акцябрскі, Верхнеалбянскі, Дабрагашчанскі, Кабанаўскі, Кароткавіцкі, Кіраўскі, Луцкі, Майскі, Малевіцкі, Навамаркавіцкі, Папаратнянскі, Пірэвіцкі, Салонскі, Стараруднянскі, Чырвонабярэжскі, Шчадрынскі.

Раён размешчаны пераважна ў межах Гомельскага Палесся, паўн.-зах. ч. ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны, асноўная ч. тэр. занята Прыдняпроўскай нізінай. Паверхня плоская з выш. 130—145 м. Найвыш. пункт 151,5 м (каля в. Дабрагошча). Карысныя выкапні: нафта, торф, гліны, пяскі. Сярэдняя т-ра студз. -6,9 °C, ліп. 18,4 °C. Ападкаў 595 мм за год. Вегетац. перыяд 193 сут. Рэкі: Дняпро з прытокамі Бярэзіна, Добасна, Окра і Ржаўка, прыток Бярэзіны р. Ала. Пашыраны глебы дзярнова-падзолістыя (40,6%), тарфяна-балотныя (13,2%). Пад лесам 31,1%. Пераважаюць хваёвыя і бярозавыя, сустракаюцца чорнаальховыя і дубовыя лясы. Балоты займаюць 2,9% тэр. Помнік прыроды — Чырвонабярэжскі парк, гідралагічны заказнік Выдрыца.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 101 тыс. га, з іх асушана 32,4 тыс. га. На 1.1.1997 у раёне 19 калгасаў, 9 саўгасаў, Чырвонабярэжскі саўгас-тэхнікум, 2 птушкафабрыкі, прадпрыемствы па кормавытворчасці «Ала». Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя, бульбу, лён, кармавыя культуры. Прадпрыемствы паліўнай (торфабрыкет), пач. апрацоўкі лёну (ільнозавод), харч. (мясакамбінат, малочны, крухмала-патачны з-ды) прам-сці; домабудаўнічы камбінат і камбінат буд. матэрыялаў. Лясгас. Здабыча фармовачных пяскоў. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Мінск—Гомель і Магілёў—Калінкавічы, аўтадарогі Бабруйск—Гомель, Рагачоў—Светлагорск. Суднаходства па Бярэзіне і Дняпры. У раёне 25 сярэдніх, 7 базавых, 7 пач. школ, Чырвонабярэжскі с.-г. тэхнікум, дапаможная школа-інтэрнат, 52 дашкольныя ўстановы, 37 клубаў, 37 бібліятэк, 8 бальніц, 29 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: Пакроўская царква (1807) у г.п. Стрэшын, сядзіба — палаца-паркавы ансамбль (1890—1893) у в. Чырвоны Бераг; ветраны млын (19 ст.) каля в. Ляды, царква Усіх Святых (1902) у в. Пірэвічы.

Выдаецца аб’яднаная раённая і гарадская газ. «Новы дзень».

С.І.Сідор.

т. 6, с. 435

ЖЛУ́КТА,

у беларусаў бандарная пасудзіна для запарвання бялізны. Звычайна мела кадзепадобную форму, да 1 м у вышыню, на трох ножках (утвараліся даўжэйшымі клёпкамі). Бялізну складвалі ў Ж. і залівалі шчолакам або перасыпалі попелам (найлепшым лічыўся попел бярозавай драўніны), потым залівалі кіпенем. Праз некаторы час ваду злівалі праз адтуліну ў днішчы, якая закрывалася коркам, а бялізну паласкалі ў балеі ці ночвах. Часам у сял. гаспадарцы выкарыстоўвалі і больш архаічны від Ж. — кадаўб, зроблены са ствала дрэва без днішча, які ставілі ў цэбар ці кадку. У сял. побыце Ж. выкарыстоўвалі да сярэдзіны 20 ст.

В.С.Цітоў.

Выдзеўбаная жлукта-кадаўб без дна ў цэбры. Вёска Запярынне Пухавіцкага раёна Мінскай вобл.

т. 6, с. 435

ЖМА́КІН (Ігар Канстанцінавіч) (н. 24.7.1926, Кіеў),

бел. вучоны ў галіне фізіялогіі. Д-р мед. н. (1974), праф. (1977). Скончыў 1-ы Маскоўскі мед. ін-т (1951). З 1959 у Гродзенскім мед. ін-це (у 1961 прарэктар, з 1969 заг. кафедры). Навук. працы па фізіялогіі ц. н. с. і кровазвароту, сістэмных механізмах рэгуляцыі функцый, гісторыі фізіялогіі.

Тв.:

Ангиотензиотонография в эксперименте и клинике. Мн., 1967 (у сааўт.).

т. 6, с. 435

«ЖМЕНЬ»,

«цмень», каменны метэарыт, які выпаў у 1858 каля в. Цмень Столінскага р-на Брэсцкай вобл. Маса 246 г. Належыць да ахандрытаў. Асн. частка (116 г) зберагаецца ў Венскім нац. прыродазнаўча-гіст. музеі, 26,6 г — у калекцыі метэарытаў Рас. АН (Масква), 6,8 г — у Амер. музеі прыродазнаўчай гісторыі (Нью-Йорк). Гл. таксама Метэарыты.

Літ.:

Бордон В.Е., Давыдов М.Н. Рожденные в космосе. Мн., 1982. С. 36—37.

У.Я.Бардон.

т. 6, с. 435

ЖМІ́НДА,

кветкавая расліна, гл. ў арт. Лебяда.

т. 6, с. 435

ЖМО́ЙДЗЯК (Расціслаў Афанасьевіч) (н. 24.12.1936, в. Яжона Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. географ, картограф. Праф. (1989). Засл. работнік нар. адукацыі Беларусі (1992). Скончыў БДУ (1959). З 1961 у БДУ (з 1980 заг. кафедры геадэзіі і картаграфіі, з 1983 дэкан геагр. ф-та, з 1992 навук. кіраўнік Лабараторыі комплекснага картаграфавання БДУ). Навук. працы па тапаграфіі і картаграфіі, картаграфаванні с.-г. вытворчасці і насельніцтва, старшыня рэдкалегіі «Атласа БССР» (1990).

Тв.:

Экономическая картография. Мн., 1973 (разам з В.Я.Крышчановічам);

Полевая практика по топографии с основами геодезии. Мн., 1987 (разам з Б.А.Мядзведзевым).

П.М.Бараноўскі.

т. 6, с. 435

ЖМУ́ДЗЬ,

гл. Жамойць.

т. 6, с. 435

ЖМУ́ДСКАЕ ЎЗВЫШША,

тое, што Жэмайцкае ўзвышша.

т. 6, с. 435

ЖМУЙДЗІНАВІ́ЧУС ((Žmuidzinavičius) Антанас) (31.10.1876, с. Сейрыяй Лаздзійскага р-на, Літва — 9.8.1966),

літоўскі жывапісец. Нар. мастак Літвы (1954), нар. маст. СССР (1957). Чл.-кар. АМ СССР (1958). Вучыўся ў маст. акадэміях у Варшаве (1899—1901) і Парыжы (1905—06). Адзін з заснавальнікаў (1907) Суполкі літ. выяўленчага мастацтва, яго старшыня да 1934. З 1926 выкладаў у Каўнаскай маст. школе, у 1944—53 у розных вышэйшых школах; праф. (1947). Сярод твораў пераважаюць пейзажы, якім уласцівы рэаліст. вобразы, ідэалізацыя прыроды: «Нярыс каля Антакальніса» (1906), «Нёман перад навальніцай» (1917), «Дзве сасны» (1931), цыкл «Тут будзе Каўнаскае мора» (1953—59) і інш. Пісаў сюжэтныя карціны («Адпачынак», 1920, «Прачкі», 1926), партрэты (Т.Даўгірдаса, 1910, В.Міцкевіча-Капсукаса, 1945, і інш.).

А.Жмуйдзінавічус. Нёман перад навальніцай. 1917.

т. 6, с. 435

ЖМУ́РАЎКА,

вёска ў Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., на правым беразе р. Дняпро, на аўтадарозе Рэчыца—Лоеў. Цэнтр сельсавета. За 3 км на Пд ад горада і чыг. ст. Рэчыца. 47 км ад Гомеля, 1801 ж., 910 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 6, с. 436