Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЖО́ЎТАЯ АКА́ЦЫЯ,

кветкавая расліна, гл. ў арт. Карагана.

т. 6, с. 440

ЖО́ЎТАЯ ВАДЗЯНА́Я ЛІЛЕ́Я,

кветкавая расліна, гл. ў арт. Гарлачык жоўты.

т. 6, с. 440

ЖО́ЎТАЯ КРЫВЯ́НАЯ СОЛЬ,

калію гексацыянаферату (II) трыгідрат, K4[Fe(CN)6]∙3H2O, гл. ў арт. Калію злучэнні.

т. 6, с. 440

ЖО́ЎТАЯ ЛІХАМА́НКА,

вострая інфекц. хвароба чалавека з сімптомамі інтаксікацыі, гемарагічным сіндромам, жаўтухай. Выклікаецца вірусам, перадаецца камарамі роду Aëdes. Пашырана ў Паўд. Амерыцы і Зах. Афрыцы.

Інкубацыйны перыяд 3—6 (да 12) дзён, пасля паяўляецца ліхаманка, т-ра цела павышаецца да 39—40 °C, баляць галава і мышцы, пашкоджваюцца ныркі, печань (жаўтуха), крывяносныя сасуды (кровазліццё пад скуру і ва ўнутр. органы, ірвота з крывёю). Пасля хваробы застаецца імунітэт на 6—10 гадоў. Лячэнне сімптаматычнае.

т. 6, с. 440

ЖО́ЎТАЯ РАКА́,

у Кітаі, гл. Хуанхэ.

т. 6, с. 440

ЖО́ЎТА-ЗЯЛЁНЫЯ ВО́ДАРАСЦІ, разнажгуцікавыя водарасці (Xanthophyta, Heterocontae),

аддзел ніжэйшых раслін. Вядома каля 560 відаў і ўнутрывідавых таксонаў. Пашыраны па ўсім зямным шары пераважна ў прэсных, некаторыя — у салёных вадаёмах і глебе. Планктонныя арганізмы, радзей бентасныя. На Беларусі адзначана больш за 50 відаў з 22 родаў: арахнахлорыс, афіяцытыум, батрыдыум, батрыдыёпсіс, вашэрыя, гетэротрыкс, гетэракокус, манодус плеўрахлорыс, трыбанема, тэтраэдрыела, харацыёпсіс і інш.

Аднаклетачныя, шматклетачныя, радзей каланіяльныя і цэнабіяльныя арганізмы разнастайнай формы. Рухомыя, плаваюць пасіўна або прымацаваныя. Колер ад светла- да цёмна-жоўта-зялёнага, рэдка зялёны або блакітны з-за наяўнасці ў хларапластах, акрамя хларафілу, вял. колькасці жоўтых пігментаў (ксантафілы, караціны). Клеткі адна-, радзей шматядравыя з абалонкай, радзей голыя. Крухмал, як запасное рэчыва, адсутнічае (характэрная прыкмета). Жыўленне пераважна аўтатрофнае. Размнажэнне вегетатыўнае, бясполае (зааспорамі, аўтаспорамі і інш.), рэдка полавае (іза- і аагамія). Аднаклетачныя рухомыя віды і зааспоры маюць 2 жгуцікі рознай даўжыні (адсюль другая назва).

т. 6, с. 440

«ЖО́ЎТЫХ ПАВЯ́ЗАК» ПАЎСТА́ННЕ,

сялянскае паўстанне ў Стараж. Кітаі ў 184—204. Назва ад жоўтых павязак, якія паўстанцы насілі на галаве. Адзін з кіраўнікоў паўстання — Чжан Цзяо, ураджэнец Цзюйлу (прав. Хэбэй), які на працягу 10 гадоў аб’ядноўваў сялян на аснове прапаганды містычнага даоскага вучэння «пра шлях вялікай роўнасці». Паўстанцы былі арганізаваны ў 36 вял. (больш за 10 тыс. чал.) і малых (па 6—7 тыс. чал.) атрадаў (фан). Супраць іх выступілі войскі імператара і буйных землеўладальнікаў, якія ліквідавалі паўстанне; Чжан Цзяо загінуў. У хуткім часе ў прав. Хэбэй зноў паўсталі сяляне, якія ўтварылі «Армію чорных гор» (больш за 1 млн. чал.). Пазней паўстанне канчаткова ліквідавана сіламі военачальнікаў Юань Шао, Цао Цао і інш.

Літ.:

Очерки истории Китая: С древности до «опиумных войн»: Пер. с кит. М., 1959.

Дз.М.Чаркасаў.

т. 6, с. 440

ЖО́ЎТЫЯ ВО́ДЫ,

горад на Украіне, у Днепрапятроўскай вобл., на р. Жоўтая. 63,9 тыс. ж. (1991). Чыг. ст. Прам-сць: горна-здабыўная (жал. руда), прыладабуд. (з-д «Электрон», Паўд. радыёзавод), лёгкая (ф-ка штучнага футра) і харчовая. Засн. ў канцы 19 ст., горад з 1957. Месца бітвы ўкр. войска Б.Хмяльніцкага з авангардам войск Рэчы Паспалітай (1648).

т. 6, с. 440

ЖО́ЎТЫ ПАВІЯ́Н,

гл. Бабуін.

т. 6, с. 440

ЖО́ЎЦЕВЫЯ КІСЛО́ТЫ,

высокамалекулярныя монакарбонавыя поліцыклічныя кіслоты з класа стэрынаў, вытворныя халанавай к-ты. Утвараюцца ў клетках печані чалавека і многіх жывёльных арганізмаў і выдзяляюцца з жоўцю.

Да Ж.к. належаць холевая, дэзоксіхолевая, літахолевая і інш. к-ты. Асн. частка іх у жоўці злучаецца з глікаколам і таўрынам і ўтварае т. зв. парныя Ж.к. (напр., глікахолевыя к-ты), солі якіх садзейнічаюць эмульгаванню і ператраўленню тлушчаў, усмоктванню тлустых к-т. Ж.к., што атрымліваюць з жоўці вышэйшых жывёл, выкарыстоўваюцца ў фармацэўтычнай прам-сці як сыравіна для вытв-сці палавых гармонаў і інш.

т. 6, с. 440