Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДУ́РБАН (Durban),

горад на У Паўднёва-Афр. Рэспублікі. Засн. ў 1822. 715,7 тыс. ж., з прыгарадамі 1137 тыс. ж. (1993). Вузел чыгунак і аўтадарог. Адзін з найбуйнейшых партоў Індыйскага ак. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: нафтаперапр., хім., маш.-буд., гарбарна-абутковая, тэкст., цукр., кансервавая. Суднабудаванне і суднарамонт. Прыморскі кліматычны курорт. Цэнтр турызму. 2 ун-ты. Музей і маст. галерэя.

т. 6, с. 262

ДУ́РБІН (Durbin) Дзіна [сапр. Ме

(Мае) Эдна; н. 4.12.1921, Нью-Йорк], амерыканская кінаактрыса. У кіно з 1936. Папулярная ў канцы 1930 — пач. 1940-х г. у ролях абаяльных гераінь у муз. камедыях: «Сто мужчын і адна дзяўчына», «Першае каханне» (у пракаце «Першы баль»),

«Гэта пачалося з Евы» (у пракаце «Шлюб паняволі»), «Сястра яго дварэцкага» і інш. Не здолеўшы пераадолець інерцыю аднатыпных персанажаў, актрыса губляла сваіх гледачоў. Пасля 1949 у кіно не здымалася.

т. 6, с. 262

ДУРГАПУ́Р,

горад на У Індыі, на р. Дамодар, у штаце Зах. Бенгалія. Каля 500 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Буйны цэнтр цяжкай прам-сці ў горнапрамысл. раёне р. Дамодар. Металургічны камбінат; прадпрыемствы цяжкага машынабудавання, з-ды горнашахтавага абсталявання, аптычнага шкла і хімічныя.

т. 6, с. 262

ДУРГ-БХІЛАІНА́ГАР,

горад у Індыі, у штаце Мадх’я-Прадэш. Утвораны ў 1980-я г. аб’яднаннем гарадоў Дург і Бхілаі. Каля 550 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Металургічны камбінат (на базе мясц. жал. і марганцавых руд, каменнага вугалю з наваколля г. Корба). З-д мінер. угнаенняў.

т. 6, с. 262

ДУ́РКА ((Durkó) Жольт) (н. 10.4.1934, г. Сегед, Венгрыя),

венгерскі кампазітар. Засл. арт. Венгрыі. Скончыў Вышэйшую муз. школу імя Ф.Ліста ў Будапешце (1960, клас Ф.Фаркаша). Удасканальваўся ў акадэміі «Санта-Чэчылія» (1961—63). У муз. мове спалучаюцца элементы вербункаша, інтанацыі нар. плачаў з санорыкай, алеаторыкай і інш. Сярод твораў: опера «Майсей» (1977); араторыя «Надмагільнае слова» (1972); 2 кантаты; для аркестра «Эпізоды на тэму ВАСН» (1963), «Арнаменты»; «Венгерская рапсодыя» для 2 кларнетаў і аркестра (1964); Канцэрт для фп. з аркестрам (1981); «Альтаміра» для камернага хору і арк.; 2 стр. квартэты; п’есы для інструментаў сола з арк. ці камерным ансамблем. 1-я прэмія на Міжнар. трыбуне кампазітараў ЮНЕСКА (Парыж, 1975). Прэміі Венгрыі імя Ф.Эркеля (1968), імя Б.Бартака і Д.Пастары (1985).

т. 6, с. 262

ДУРНАВО́ (Мікалай Мікалаевіч) (4.11.1876, Масква —27.10.1937?),

рускі мовазнавец. Чл.-кар. АН СССР (1924), акад. АН БССР (1928). Скончыў Маскоўскі ун-т. З 1918 праф. Саратаўскага, Бел. і Маскоўскага ун-таў. У 1933 рэпрэсіраваны, у 1934 высланы. Рэабілітаваны ў 1964. Даследаваў слав. мовазнаўства («Да пытання аб старажытнейшых перакладах на стараславянскую мову біблейскіх тэкстаў. Супрасльскі рукапіс», 1926, «Думкі і меркаванні аб паходжанні стараславянскай мовы і славянскіх алфавітаў» і «Да пытання аб распадзе агульнаславянскай мовы», 1929), дыялекталогію і гісторыю рус. мовы. Аўтар першага рус. слоўніка лінгвістычных тэрмінаў «Граматычны слоўнік» (1924). У навук. працах выкарыстоўваў факты бел. мовы, апублікаваў арт. «Увагі да беларускай фанетыкі» (1929), рэцэнзіі на бел. і ўкр. мовазнаўчыя выданні.

Літ.:

Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды. Т. 2. Мн., 1977.

І.К.Германовіч.

М.М.Дурнаво.

т. 6, с. 262

ДУРНАП’Я́Н (Datura),

род кветкавых раслін сям. паслёнавых. Каля 20 відаў. Пашыраны пераважна ў субтрапічнай і трапічнай зонах, асабліва ў Цэнтр. Амерыцы, некаторыя — ва ўмераным поясе. На Беларусі 2 віды: Д. смярдзючы (D. stramonium), трапляецца каля жылля, на засмечаных месцах, агародах пераважна ў паўн. раёнах, і фіялетавы (D. tatula), трапляецца як заносны від зрэдку на чыг. насыпах і сметніках.

Пераважна аднагадовыя травяністыя расліны з тоўстым, уверсе разгалінаваным прамастойным сцяблом і стрыжнёвым коранем, з непрыемным дурманлівым пахам (адсюль назва). Лісце простае, чаргаванае, зубчастае або лопасцевае, зялёнае ці з цёмна-фіялетавымі жылкамі, на чаранках. Кветкі буйныя, 5-членныя, двухполыя, белыя, сінявата- ці пурпурова-фіялетавыя, размешчаны па адной у развілках сцябла; вяночак з доўгай вузкай трубкай і шырокім складкаватым адгінам. Плод — яйцападобная 4-гнездавая каробачка з шыпамі. Лек. і дэкар. расліны. Ядавітыя.

Дурнап’ян смярдзючы.

т. 6, с. 263

ДУРНІ́ЦЫ,

тое, што буякі.

т. 6, с. 263

ДУРНІ́ЧНІК (Xanthium),

род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 30 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. і Цэнтр. Амерыцы. На Беларусі трапляюцца 4 віды: Д. валлякападобны, або звычайны (X. strumarium), каліфарнійскі (X. californicum), ігольчасты (X. spinosum) і эльбскі (X. albinum). Растуць па берагах рэк і вадаёмаў, каля дарог, жылля і інш.

Аднагадовыя травяністыя расліны з тоўстым прамастойным разгалінаваным сцяблом і стрыжнёвым коранем. Лісце чаргаванае, простае, зубчастае або лопасцевае, на чаранках. Кветкі дробныя, непрыкметныя. трубчастыя, аднаполыя, сабраны ў кошыкі: тычынкавыя шматкветныя, шарападобныя, размешчаны ў верхняй ч. агульнага суквецця, песцікавыя 1—2-кветныя, адзіночныя ці ў клубочках, з двухрадковай абгорткай, якая каля пладоў укрыта калючкамі або шыпамі. Плод — учэпістая авальная сямянка. Лек. (у лісці і сцёблах шмат ёду), алейныя, меданосныя і фарбавальныя расліны. Некат. віды ядавітыя.

Г.У.Вынаеў.

Дурнічнік ігольчасты.

т. 6, с. 263

Дуровіч Аляксандр Пятровіч

т. 18, кн. 1, с. 382