ДУРНАП’Я́Н (Datura),

род кветкавых раслін сям. паслёнавых. Каля 20 відаў. Пашыраны пераважна ў субтрапічнай і трапічнай зонах, асабліва ў Цэнтр. Амерыцы, некаторыя — ва ўмераным поясе. На Беларусі 2 віды: Д. смярдзючы (D. stramonium), трапляецца каля жылля, на засмечаных месцах, агародах пераважна ў паўн. раёнах, і фіялетавы (D. tatula), трапляецца як заносны від зрэдку на чыг. насыпах і сметніках.

Пераважна аднагадовыя травяністыя расліны з тоўстым, уверсе разгалінаваным прамастойным сцяблом і стрыжнёвым коранем, з непрыемным дурманлівым пахам (адсюль назва). Лісце простае, чаргаванае, зубчастае або лопасцевае, зялёнае ці з цёмна-фіялетавымі жылкамі, на чаранках. Кветкі буйныя, 5-членныя, двухполыя, белыя, сінявата- ці пурпурова-фіялетавыя, размешчаны па адной у развілках сцябла; вяночак з доўгай вузкай трубкай і шырокім складкаватым адгінам. Плод — яйцападобная 4-гнездавая каробачка з шыпамі. Лек. і дэкар. расліны. Ядавітыя.

Дурнап’ян смярдзючы.

т. 6, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)