Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЭВА́НШ (ад франц. revanche адплата, помста),

адплата за паражэнне, няўдачу, пройгрыш, а таксама барацьба з мэтай узяць верх над ранейшым пераможцам.

т. 13, с. 544

РЭВАНШЫ́ЗМ (ад рэванш),

палітыка агрэсіўных колаў краіны, якая пацярпела паражэнне ў вайне, накіраваная на аднаўленне даваен. граніц і даваен. сістэмы міжнар. адносін; для дасягнення такой мэты прадугледжвае выкарыстанне разнастайных паліт. і ваен. сродкаў, у т. л. новай вайны-рэваншу.

т. 13, с. 544

РЭ́ВЕЛЬ, Рэвел (Rewell, Revell) Вільё Габрыэль (25.1.1910, г. Васа, Фінляндыя — ліст. 1964), фінскі архітэктар; лідэр фін. рацыяналізму. Вучыўся ў політэхн, ін-це ў Хельсінкі (1928—37). Творчасць адметная выразнай структурнай кампазіцыяй будынкаў, смелым спалучэннем крывалінейных і прамалінейных элементаў у пластычна багатай кампазіцыі, якая выяўляе іх функцыян, і канстр. мэтазгоднасць: у Хельсінкі — комплекс атэля «Палас» (1949—52), жылы комплекс Маўнула (1951—52), нар. школа ў раёне Мейлахты (1953), дзелавы цэнтр (1968, усе ў сааўт.); жылы дом (1950) і гар. храм (1964) у г. Васа, тэкст. ф-ка ў г. Ханка (1955), ратуша ў г. Таронта (Канада; 1958—65).

В.Рэвель. Ратуша ў г. Таронта (Канада). 1958—65.

т. 13, с. 544

РЭ́ВЕНЬ (Rheum),

род кветкавых раслін сям. драсёнавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Азіі (2 віды на Пд Еўропы). Трапляюцца па камяністых схілах. У культуры вырошчваюць пераважна Р. рапонцікавы, або чаранковы (R. rhaponticum), і хвалісты (R. undulatum).

Шматгадовыя травы з мясістым карэнішчам. Сцябло прамастойнае, полае, голае, выш. 50—250 см. Прыкаранёвае лісце буйное, сакаўное, доўгачаранковае, утварае разетку, сцябловае — чаргаванае, дробнае, яйцападобнае. Кветкі двухполыя, дробныя, жоўтыя, ружовыя, чырванаватыя ў коласападобным ці мяцёлчатым суквецці. Плод — трохгранны арэшак. Маладое лісце і чаранкі маюць у сабе вітамін С, да 2,5% цукру, каля 3,5% арган. к-т, мінер. солі. З іх гатуюць супы, кампоты, варэнне, мармелад, цукаты, сок, віно, начынку Для пірагоў, у рыбнай прам-сці выкарыстоўваюць як прыправу. Харч., лек., дубільныя расліны.

В.​М.​Прохараў.

Рэвень.

т. 13, с. 544

РЭВЕРБЕРА́ТАР,

прылада для стварэння штучнай рэверберацыі пераўтварэннем эл. сігналаў, якія нясуць гукавую інфармацыю. Выкарыстоўваецца пры фарміраванні праграм гукавога і тэлевізійнага вяшчання, у гуказапісе і інш. Дзеянне Р. зводзіцца да складання асн сігналу з паслядоўнасцю эл. сігналаў зменшанай амплітуды, якія нясуць тую ж інфармацыю і затрыманы ў часе адносна асн. сігналу. Час рэверберацыі вызначаецца патрабаваннямі да характару гучання.

т. 13, с. 545

РЭВЕРБЕРАЦЫ́ЙНАЯ КА́МЕРА,

спецыяльнае памяшканне для акустычных вымярэнняў. Служыць для вымярэння каэфіцыента гукапаглынання матэрыялаў, градуіроўкі вымяральных мікрафонаў і шумамераў, вывучэння акустычнага выпрамянення машын і інш. крыніц шуму, суб’ектыўных даследаванняў слыху і інш.

т. 13, с. 545

РЭВЕРБЕРА́ЦЫЯ (позналац. reverberatio адбіццё ад лац. reverbere адкідваю),

з’ява паступовага затухання гуку ў закрытых памяшканнях пасля спынення дзеяння крыніцы гуку. Р. наз. таксама паслягучанне, якое назіраецца на моры ў выніку адбіцця і рассеяння зыходнага гуку ад дна (донная Р.), усхваляванай паверхні (паверхневая Р.) і неаднароднасцей воднага асяроддзя, рыб і інш. (аб’ёмная Р.).

Абумоўлена прыходам у дадзены пункт адбітых (рэха) і рассеяных гукавых хваль Працягласць Р. — час, за які інтэнсіўнасць гуку змяншаецца ў 10​6 разоў, а яго ўзровень — на 60 дБ. Р. ўплывае на чутнасць і разборлівасць мовы і музыкі ў памяшканнях: празмерная Р. вядзе да непрыемнай гучнасці гуку, недастатковая — да рэзка перарывістага ці глухога гучання. З’ява Р. вывучаецца ў акустыцы архітэктурнай, улічваецца пры буд-ве памяшканняў з павышанымі акустычнымі якасцямі (тэатры, канцэртныя залы, храмы і інш.).

т. 13, с. 545

РЭ́ВЕРС (ням. Revers ад лац. reversum павернуты назад),

1) механізм для змены напрамку руху (вярчэння) машыны, рухавіка або асобных іх элементаў на адваротны. У рухавіках Р. найчасцей — крывашыпна-кулісны або кулачковы механізм, у станках — зубчастае зачапленне з дадатковым (прамежкавым) колам.

Р. наз. таксама сам працэс змены напрамку руху на процілеглы — рэверсаванне. Выкарыстоўваецца ў грузападымальных (падыманне, спуск), трансп, (уперад, назад) машынах і інш. У авіяц. і суднавых рухавіках рэверсавання дасягаюць паваротам лопасцей паветраных або грабных вінтоў, у эл. рухавіках пастаяннага току — зменай напрамку току ў абмотках узбуджэння, пераменнага току — пераключэннем дзвюх фаз абмоткі статара (робіцца з дапамогай эл. рэверсара).

2) Адваротны бок медаля, манеты, процілеглы аверсу.

3) У гандлёвым праве пісьмовае абавязацельства адной асобы другой, у якім даюцца гарантыі чаго-небудзь, засведчваецца што-небудзь.

т. 13, с. 545

РЭВЕ́РСІЯ (ад лац. reversio вяртанне) у генетыцы, узнаўленне ў мутантнага арганізма дзікага (нармальнага) фенатыпу ў выніку паўторнай мутацыі. Адбываецца за кошт прыгнечання (супрэсіі) уздзеяння мутантнага гена або шляхам сапраўднай мутацыі. Арганізм, які ўзнік у выніку супрэсіі, мае псеўдадзікі фенатып, а пры сапраўднай зваротнай мутацыі — нармальны, таму што геном вяртаецца ў зыходны стан (напр., узнаўленне зыходнай нуклеатыднай паслядоўнасці ў гене, які быў закрануты прамой мутацыяй). Частата і характар Р. залежаць ад тыпу змен, якія адбыліся пры прамой мутацыі.

Р.​Г.​Заяц.

т. 13, с. 545

РЭВІ́ЗІІ (ад лац. revisio перагляд),

перапісы насельніцтва, якое плаціла падаткі і адбывала рэкруцкую павіннасць у Рас. імперыі ў 18—19 ст. Выкліканы заменай падворнага абкладання падушным падаткам. Р ўлічвалі падатныя саслоўі (да 95% насельніцтва імперыі, без Польшчы, Фінляндыі і Закаўказзя) і ч. непадатковых груп насельніцтва — духавенства, адстаўных салдат, ямшчыкоў і інш. Вынікі перапісу падлягалі шматгадовай праверцы — рэвізіі (адсюль і назва). Асобы, якія падлягалі перапісу, называліся рэвізскімі душамі і заносіліся ў т.зв. рэвізскія сказкі. Усяго праведзена 10 Р. (3—5-я, 7—10-я ахапілі і асоб жаночага полу). Колькасць насельніцтва Расіі паводле Р.: 1-й (1719) — 15,6 млн. чал.; 2-й (1744—45) — 18,1 млн.; 3-й (1763) — 23,2 млн.; 4-й (1782) — 28,4 млн.; 5-й (1795) — 37,4 млн.; 6-й (1811) — 42,7 млн.; 7-й (1815) — 43,9 млн.; 8-й (1833) — 52,9 млн.; 9-й (1850) — 56,9 млн.; 10-й (1857) — 59,3 млн. чал. На Беларусі Р. праводзіліся з 1772. Колькасць насельніцтва ў бел. губернях паводле 3-й Р. (дадатковы перапіс па далучаных бел. землях) — 1,2 млн. чал., 4-й — 1,3 млн. (Полацкая і Магілёўская губ.), 5-й — 4 млн., 6-й — 3,8 млн., 7-й — 3,8 млн., 8-й — 4,7 млн., 9-й —4,8 млн., 10-й —4,5 млн. чал. Матэрыялы Р. — каштоўная крыніца па сац.-эканам. гісторыі Рас. імперыі, даюць магчымасць высветліць колькасць і дынаміку руху насельніцтва, яго саслоўны і нац. склад, суадносіны сельскага і гар. насельніцтва і інш. Напр., удзельная вага прыгонных з 5-й да 10-й Р. па 5 бел. губернях знізілася з 75,7% да 55,7% усяго насельніцтва, а іх абсалютная колькасць з 1 527 699 да 1 264 400 чал. мужчынскага полу, што сведчыла пра крызіс прыгонніцтва.

Літ.:

Кабузан В.М. Изменения в размещении населения России в XVIII—первой половине XIX в.: (По материалам ревизий). М., 1971.

Э.​М.​Савіцкі.

т. 13, с. 545