РЭВЕРБЕРА́ЦЫЯ (позналац. reverberatio адбіццё ад лац. reverbere адкідваю),

з’ява паступовага затухання гуку ў закрытых памяшканнях пасля спынення дзеяння крыніцы гуку. Р. наз. таксама паслягучанне, якое назіраецца на моры ў выніку адбіцця і рассеяння зыходнага гуку ад дна (донная Р.), усхваляванай паверхні (паверхневая Р.) і неаднароднасцей воднага асяроддзя, рыб і інш. (аб’ёмная Р.).

Абумоўлена прыходам у дадзены пункт адбітых (рэха) і рассеяных гукавых хваль Працягласць Р. — час, за які інтэнсіўнасць гуку змяншаецца ў 10​6 разоў, а яго ўзровень — на 60 дБ. Р. ўплывае на чутнасць і разборлівасць мовы і музыкі ў памяшканнях: празмерная Р. вядзе да непрыемнай гучнасці гуку, недастатковая — да рэзка перарывістага ці глухога гучання. З’ява Р. вывучаецца ў акустыцы архітэктурнай, улічваецца пры буд-ве памяшканняў з павышанымі акустычнымі якасцямі (тэатры, канцэртныя залы, храмы і інш.).

т. 13, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)