РЭ́ВЕНЬ (Rheum),

род кветкавых раслін сям. драсёнавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Азіі (2 віды на Пд Еўропы). Трапляюцца па камяністых схілах. У культуры вырошчваюць пераважна Р. рапонцікавы, або чаранковы (R. rhaponticum), і хвалісты (R. undulatum).

Шматгадовыя травы з мясістым карэнішчам. Сцябло прамастойнае, полае, голае, выш. 50—250 см. Прыкаранёвае лісце буйное, сакаўное, доўгачаранковае, утварае разетку, сцябловае — чаргаванае, дробнае, яйцападобнае. Кветкі двухполыя, дробныя, жоўтыя, ружовыя, чырванаватыя ў коласападобным ці мяцёлчатым суквецці. Плод — трохгранны арэшак. Маладое лісце і чаранкі маюць у сабе вітамін С, да 2,5% цукру, каля 3,5% арган. к-т, мінер. солі. З іх гатуюць супы, кампоты, варэнне, мармелад, цукаты, сок, віно, начынку Для пірагоў, у рыбнай прам-сці выкарыстоўваюць як прыправу. Харч., лек., дубільныя расліны.

В.​М.​Прохараў.

Рэвень.

т. 13, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)