РЭ́ВЕРС (ням. Revers ад лац. reversum павернуты назад),

1) механізм для змены напрамку руху (вярчэння) машыны, рухавіка або асобных іх элементаў на адваротны. У рухавіках Р. найчасцей — крывашыпна-кулісны або кулачковы механізм, у станках — зубчастае зачапленне з дадатковым (прамежкавым) колам.

Р. наз. таксама сам працэс змены напрамку руху на процілеглы — рэверсаванне. Выкарыстоўваецца ў грузападымальных (падыманне, спуск), трансп, (уперад, назад) машынах і інш. У авіяц. і суднавых рухавіках рэверсавання дасягаюць паваротам лопасцей паветраных або грабных вінтоў, у эл. рухавіках пастаяннага току — зменай напрамку току ў абмотках узбуджэння, пераменнага току — пераключэннем дзвюх фаз абмоткі статара (робіцца з дапамогай эл. рэверсара).

2) Адваротны бок медаля, манеты, процілеглы аверсу.

3) У гандлёвым праве пісьмовае абавязацельства адной асобы другой, у якім даюцца гарантыі чаго-небудзь, засведчваецца што-небудзь.

т. 13, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)