Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДУ́ДЧЫК (Павел Андрэевіч) (12.7.1918, в. Казённыя Паршні Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 17.4.1994),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў артыл. школу (1939), Бранскае ваенна-паліт. вучылішча (1942), Вышэйшую афіцэрскую артыл. штабную школу (1950). У Чырв. Арміі з 1938. У Вял. Айч. вайну з 1942 на Калінінскім, Паўн.-Зах., 2-м Прыбалт., 1-м і 4-м Укр. франтах. Вызначыўся ў 1944 у баях на тэр. Літвы; артыл. батарэя на чале з капітанам Д. адбіла 11 контратак ворага і прымусіла адступіць. Да 1959 у Сав. Арміі.

П.А.Дудчык.

т. 6, с. 255

ДУ́ЖАЎКА,

вёска ў Чавускім р-не Магілёўскай вобл., на р. Проня, на аўтадарозе Чавусы—Слаўгарад. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 21 км на Пд ад г. Чавусы. 62 км ад Магілёва, 17 км ад чыг. ст. Чавусы. 269 ж., 106 двароў (1997). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. З брацкія магілы сав. воінаў.

т. 6, с. 255

ДУ́ЖКІ,

гл. ў арт. Знакі прыпынку.

т. 6, с. 255

ДУЖ-ДУШЭ́ЎСКІ Клаўдзій Сцяпанавіч, гл. Душэўскі К.С.

т. 6, с. 255

ДУ́ЗЕ ((Duse) Элеанора) (3.10.1858, г. Віджэвана, Італія — 21.4.1924),

італьянская актрыса. З акцёрскай сям’і. Выступала ў італьян. вандроўных трупах, у 1887 арганізавала ўласную. Шмат гастраліравала па краінах Еўропы і Амерыкі. Актрыса трагічнага плана. Лепшыя ролі: Тэрэза Ракэн («Тэрэза Ракэн» Э.Заля), Маргарыта Гацье («Дама з камеліямі» А.Дзюма-сына), Сантуца («Сельскі гонар» Дж.Вергі), Клеапатра («Антоній і Клеапатра» У.Шэкспіра), Нора («Нора» Г.Ібсена), Мірандаліна («Карчмарка» К.Гальдоні), Ганна («Мёртвы горад» Г.Д’Анунцыо). Дэмакр. і гуманіст. мастацтва Д. вызначалася праўдзівасцю, філігранным майстэрствам.

т. 6, с. 255

ДУ́ЙСБУРГ (Duisburg),

горад на З Германіі, у зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія, у Рурскім прамысл. раёне. Горад з 12 ст. 536,8 тыс. ж. (1994). Буйнейшы ў свеце рачны порт, на р. Рэйн і канале Рэйн—Герне. Вузел чыгунак і аўтадарог. Важны індустр. цэнтр Рурскага прамысл. раёна. Цэнтр чорнай і каляровай металургіі, цяжкага машынабудавання, рачнога суднабудавання, вытв-сці стальных канструкцый. Прам-сць: нафтахім. і нафтаперапр., вуглехім., харчасмакавая (піваварная, мукамольная, тытунёвая). Маст. музеі.

т. 6, с. 256

ДУКА́Т (італьян. ducato ад позналац. ducatus герцагства),

агульнаеўрапейская назва залатой манеты, якую з 1284 чаканіла Венецыя. Чаканілі ў Венгрыі і Чэхіі (каля 1325—26), Германіі (сярэдзіна 14 ст.), Польшчы (1320, 1528), ВКЛ (1562). На тэр. Беларусі ў 14—16 ст. найб. пашыраны венгерскі Д., у 16—18 ст. абарачаўся Д. Паўд. Нідэрландаў і Германіі.

Дукат ВКЛ. 1561.

т. 6, с. 256

Дуке Педра

т. 18, кн. 1, с. 382

ДУ́КІ-ДЫ-КАШЫ́ЯС (Duque de Caxias),

горад на ПдУ Бразіліі, у штаце Рыо-дэ-Жанейра. Горад-спадарожнік г. Рыо-дэ-Жанейра. Засн. ў 16 ст. 664,6 тыс. ж. (1991). Буйны цэнтр нафтаперапр. прам-сці, машынабудавання і каляровай металургіі. Прадпрыемствы хім., фармацэўтычнай, керамічнай, тэкст., харч. прам-сці.

т. 6, с. 256

ДУКО́РА,

вёска ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл., на р. Свіслач, на аўтадарозе Мінск—Гомель. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на ПнЗ ад г. Мар’іна Горка, 38 км ад Мінска, 13 км ад чыг. ст. Рудзенск. 1429 ж., 596 двароў (1997).

У 16 ст. ў складзе маёнтка Бакшты ў Мінскім пав., належала Кезгайлам, Служкам, Агінскім і інш. З 1793 у Рас. імперыі, у Ігуменскім пав. Мінскай губ. У 1800 складалася з мястэчка і сяла, мела царкву, яўр. школу, будаваўся мураваны касцёл (у 1864 ператвораны ў правасл. царкву), праводзіліся 4 кірмашы ў год. З 1-й пал. 19 ст. існавала Дукорская сядзіба. З 1861 цэнтр воласці, у 1881 мястэчка злілося з сялом, 842 ж. У 1919—20 непадалёку ад Д. дзейнічаў партыз. атрад (гл. Дукорскія партызаны). У 1924—60 цэнтр сельсавета ў Смілавіцкім, Пухавіцкім, Рудзенскім, з 1960 у Пухавіцкім р-нах. У 1970 у Д. 2258 ж., 797 двароў.

Філіял Мінскага матацыклетнага і веласіпеднага з-да, дрэваапр. цэх, пякарня. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, помнік землякам, што загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік дукорскім партызанам, якія загінулі ў 1920. Радзіма дзярж. дзеяча А.Р.Чарвякова. Помнік архітэктуры — сядзіба (19 ст.).

т. 6, с. 256