ДУКО́РА,
вёска ў Пухавіцкім р-не Мінскай вобл., на р. Свіслач, на аўтадарозе Мінск—Гомель. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 27 км на ПнЗ ад г. Мар’іна Горка, 38 км ад Мінска, 13 км ад чыг. ст. Рудзенск. 1429 ж., 596 двароў (1997).
У 16 ст. ў складзе маёнтка Бакшты ў Мінскім пав., належала Кезгайлам, Служкам, Агінскім і інш. З 1793 у Рас. імперыі, у Ігуменскім пав. Мінскай губ. У 1800 складалася з мястэчка і сяла, мела царкву, яўр. школу, будаваўся мураваны касцёл (у 1864 ператвораны ў правасл. царкву), праводзіліся 4 кірмашы ў год. З 1-й пал. 19 ст. існавала Дукорская сядзіба. З 1861 цэнтр воласці, у 1881 мястэчка злілося з сялом, 842 ж. У 1919—20 непадалёку ад Д. дзейнічаў партыз. атрад (гл. Дукорскія партызаны). У 1924—60 цэнтр сельсавета ў Смілавіцкім, Пухавіцкім, Рудзенскім, з 1960 у Пухавіцкім р-нах. У 1970 у Д. 2258 ж., 797 двароў.
Філіял Мінскага матацыклетнага і веласіпеднага з-да, дрэваапр. цэх, пякарня. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, помнік землякам, што загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік дукорскім партызанам, якія загінулі ў 1920. Радзіма дзярж. дзеяча А.Р.Чарвякова. Помнік архітэктуры — сядзіба (19 ст.).
т. 6, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)