Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СЕРЭНА́ДА (франц. sérénade, італьян. serenata ад sera вечар),

1) вячэрняя песня пад акампанемент лютні, мандаліны ці гітары, звернутая да каханай. Узнікла ў Італіі, пашырылася ў паўд.-раманскіх народаў. Пазней стала жанрам камернай вак. музыкі. Сярод вядомых камерных вак. С. «Начны зефір» М.​Глінкі, «Пецярбургскія серэнады» А.​Даргамыжскага, «Серэнада Дон Жуана» П.​Чайкоўскага, «Вячэрняя серэнада», «Ранішняя серэнада» Ф.​Шуберта.

2) Інструментальны муз. твор у 17—20 ст., блізкі да дывертысмента, накцюрна, касацыі. Найб. вядомыя «Хафнераўская серэнада» і «Маленькая начная музыка» В.​А.​Моцарта, «Італьянская серэнада» Х.​Вольфа, «Серэнада для струннага аркестра» Чайкоўскага.

Л.​А.​Шымановіч.

т. 14, с. 354

СЕРЭНГЕ́ЦІ (Serengeti),

нацыянальны парк (з 1951) у Танзаніі на аднайм. плато (выш. 1000—2000 м). Засн. ў 1940 як рэзерват. Пл. каля 13 тыс. км². У 1959 вылучаны асобны рэзерват Нгарангора, які ўключае гіганцкі кратэр і плато. Пераважаюць травяністыя саванны з участкамі хмызнякоў і асобнымі дрэвамі; у рачных лагах — галерэйныя лясы. У парку каля 1,5 млн. буйн. млекакормячых, пераважна капытных (антылопа гну, газелі Томсана і Гранта, зебра, насарог, кафрскі буйвал, жырафа і інш.), звычайныя афр. слон, леў, гепард, леапард. Больш за 200 відаў птушак, у т. л. фламінга, венцаносны журавель, бусел-ябіру. Міжнар. НДІ і мемарыяльная лабараторыя імя ням. заолага М.​Гржымека.

Да арт. Серэнгеці. Антылопы гну ў рэзерваце Нгарангора.

т. 14, с. 354

СЕ́СІЯ (ад лац. sessio пасяджэнне),

1) арганізацыйная форма работы прадстаўнічага органа, суда, міжнар., навук. ці грамадскай арганізацыі і інш. 2) Перыяд здачы экзаменаў у сярэдніх спец. і вышэйшых навуч. установах, дзе прынята прадметна-курсавая ці курсавая форма адукацыі. У навуч. годзе (дзённая і вячэрняя форма адукацыі) 2 С.: зімовая і веснавая.

т. 14, с. 354

СЕ́СПЕЛЬ (Мішы) (сапр. Кузьмін Міхаіл Кузьміч; 16.11.1899, в. Сеспель Канашскага р-на, Чувашыя — 15.6.1922),

чувашскі паэт; адзін з заснавальнікаў чув. сав. л-ры. Друкаваўся з 1917. У вершах апяваў радасць стваральнай працы і чалавека працы. Увёў у чув. паэзію сілаба-танічны верш. На бел. мову яго асобныя вершы перакладалі Е.​Лось, Ю.​Свірка.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Песні волжскага краю: Старонкі чуваш. паэзіі. Мн., 1988;

Рус. пер. — Стальная вера. М., 1957.

т. 14, с. 354

СЕСТРАРЭ́ЦК,

кліматычны і бальнеагразевы курорт у Ленінградскай вобл., паўн. ч. г. Сестрарэцк, Расія. Засн. ў 1898. Клімат прыморскі. Асн. прыродныя лек. фактары — сапрапелевыя гразі і мінер. радонавая хларыдная натрыевая вада з мінералізацыяй 1,12 г/л. Лечаць захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы, органаў стрававання, руху і апоры. Санаторый «Сестрарэцкі курорт», пясчаны пляж.

т. 14, с. 354

СЕСТЭ́РЦЫЙ (ад лац. sestertius),

сярэбраная і медная манета, а таксама грашова-лікавае паняцце ў Стараж. Рыме. З 269 да н.э. чаканіўся з серабра, з канца I ст. да н.э. — са сплаву каляровых металаў. Адзнака наміналу — IIS / 2 ​1/2 aca, ac — спачатку ​1/10, з 217 да н.э.1/16 дэнарыя). На Беларусі выяўлены медныя С.

т. 14, с. 354

СЕТ, Сетх,

у старажытнаегіпецкай рэлігіі і міфалогіі адзін з гал. багоў. Бог «чужых краін» (пустынь), цемры і зла, брат і забойца «добрага бога» Асірыса. У перыяд Стараж. царства (28—23 ст. да н.э.) лічыўся таксама апекуном царскай улады. Паводле міфаў, С. быў пераможаны сынам Асірыса богам Горам, які адпомсціў за бацьку і сам стаў уладаром Сусвету.

т. 14, с. 355

СЕ́ТАН-ТО́МПСАН ((Seton-Thompson) Эрнест) (14.8.1860, г. Саўт-Шылдс, Вялікабрытанія — 23.10.1946),

канадскі пісьменнік, прыродазнавец, мастак-анімаліст. Скончыў каледж мастацтваў у Таронта (1879), вывучаў выяўл. мастацтва ў Парыжы, Лондане, Нью-Йорку. Падарожнічаў, даследаваў жыццё жывёл. Арганізатар руху следапытаў у Амерыцы. Друкаваўся з 1883. Пісаў на англ. мове. Аўтар больш як 40 кніг пра жывёльны свет, індзейскую і эскімоскую нар. культуру. Вядомасць прынеслі праца «Жыццё дзікіх жывёл» (т. 1—8, 1925—27) і блізкія да навук.-папулярнай л-ры аповесці, апавяданні, нарысы «Дзікія жывёлы, як я іх ведаў» (1898), «Біяграфія грызлі» (1900), «Жыцці тых, на каго палююць» (1901), «Два малыя дзікуны» (1903), «Героі-жывёлы» (1906), «Біяграфія серабрыстага ліса» (1909), «Рольф сярод лясоў» (1911), «Кніга аб лесе» (1912) і інш. Аўтар маст. аўтабіяграфіі «След мастака-натураліста» (1940). Сам ілюстраваў свае кнігі.

Тв.:

Бел. пер. — Гісторыя аднаго мядзведзя. Мн., 1927;

Лепш смерць, чым няволя. Мн., 1928;

Рванае вушка. Мн., 1939;

Рус. пер. — Рассказы о животных. Мн., 1980;

Прерии Арктики... М., 1987;

Моя жизнь;

Маленькие дикари;

Рассказы о животных. М., 1991;

Приключения Рольфа. М., 1993;

Лесные рассказы. СПб., 1994.

Л.​П.​Баршчэўскі.

т. 14, с. 355

СЕ́ТАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА, Сеты,

возера ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дабрылаўка, за 11 км на Пн ад г. Глыбокае. Пл. 0,49 км², даўж. 1,7 км, найб. шыр. 410 м, найб. глыб. 19,8 м, даўж. берагавой лініі 4,9 км. Пл. вадазбору 4,7 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 2—5 м (на З і Пд 10—27 м), разараныя, часткова пад хмызняком, на ПдЗ пад лесам. На З, ПнЗ і ПнУ пойма шыр. 3—50 м: Берагі нізкія, пясчаныя, задзернаваныя. Ёсць залівы і паўастравы. Падводная ч. катлавіны мае 2 плёсы, раздзеленыя падняццем з глыб. 6 м. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей дно ілістае. Зарастае. Злучана канавай з воз. Загорскае.

т. 14, с. 355

СЕ́ТКА (лац. Reticulum),

невялікае сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркая зорка 3,3 візуальнай зорнай велічыні. Гл. Зорнае неба.

т. 14, с. 355