Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛУ́ІСВІЛ (Louisville),

горад на У ЗША, у штаце Кентукі. Засн. ў 1778, гар. правы з 1828. Названы ў гонар франц. караля Людовіка XVI. 270,3 тыс. ж., з прыгарадамі каля 1 млн. ж. (1997, частка прыгарадаў у штаце Індыяна). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на р. Агайо. Важны гандл.-прамысл. цэнтр, гал. рынак тытуню ў ЗША. Прам-сць: хім. (у т.л. вытв-сць сінт. каўчуку, пластмас), харчасмакавая (буйны цэнтр вытв-сці віскі і тытуню), паліграф., металаапр. і маш.-буд. (вытв-сць электрабыт. прылад, рачных суднаў, рухавікоў унутр. згарання, с.-г. машын), ваенная. Ун-т.

т. 9, с. 360

ЛУІ́ БАНАПА́РТ,

гл. Напалеон III.

т. 9, с. 360

ЛУІ́ ФІЛІ́П (Louis Philippe; 6.10.1773, Парыж — 26.8.1850),

французскі кароль [1830—48]. Прадстаўнік малодшай (Арлеанскай) галіны Бурбонаў, герцаг Арлеанскі з 1793. У час Французскай рэвалюцыі 1789—99 якабінец (з 1790), удзельнік вайны з антыфранц. кааліцыяй. У 1793 перайшоў на бок аўстрыйцаў, да 1814 у эміграцыі. У перыяд Рэстаўрацыі (1814—30) быў звязаны з ліберальнай апазіцыяй. У час Ліпеньскай рэвалюцыі 1830 абвешчаны каралём арлеаністамі. Правіў у інтарэсах найбагацейшых вярхоў прадпрымальнікаў (пераважна банкіраў). Жорстка падаўляў нар. хваляванні, фактычна ліквідаваў дэмакр. свабоды, гарантаваныя «Хартыяй 1830» (сходаў, друку і інш.). У 1830—47 пры ім быў заваяваны Алжыр. Скінуты з прастола ў час Лютаўскай рэвалюцыі 1848, уцёк у Англію.

т. 9, с. 360

ЛУК,

1) ручная зброя далёкага бою для кідання стрэл. Вядомы з часоў позняга палеаліту. Выкарыстоўваўся ўсімі народамі і плямёнамі (акрамя карэнных аўстралійцаў і мікранезійцаў) на вайне і паляванні да 18 ст. (у некаторых народаў Афрыкі і ў 20 ст.).

З сярэдневякоўя ў Еўропе вядомы Л. просты і складаны. Просты Л. — сагнутая ў дугу пругкая драўляная палка, канцы якой сцягнуты цецівой; быў пашыраны ў стараж. рымлян, германцаў, нарманаў, кельтаў, англа-саксаў. Складаны Л. меў драўляную аснову лукавішча, узмоцненага звонку жыламі, з унутр. боку — касцянымі пласцінкамі; канцы і дзяржанне мелі таксама касцяныя пласцінкі, асобныя часткі змацоўваліся клеем і жыламі. Цеціву скручвалі з сухажылляў жывёл, вузкіх палос скуры, валасоў, раслінных валокнаў. Меў памеры 1,2—1,6 м і кідаў стрэлы да 900 м. Складаны Л. пераўзыходзіў просты ў трываласці, далёкасці кідання стрэл і сіле паражэння цэлі. Стрэлы рабілі з прамастойнага дрэва ці трыснягу; наканечнікі — з крэменю, рогу або косці, з 1-га тыс. да н.э. — з металу.

На тэр. Беларусі крамянёвыя наканечнікі стрэл знаходзяць пры раскопках мезалітычных і неалітычных помнікаў Верхняга Падняпроўя, Панямоння, Прыпяці, а металічныя — пры раскопках помнікаў бронзавага і жал. вякоў і ранняга сярэдневякоўя. Спачатку тут карысталіся простым, а з 16 ст. складаным Л., якім была ўзброена лёгкая конніца (гл. ў арт. Лучнікі). У эпоху сярэдневякоўя Л. доўгі час спаборнічаў па баявых якасцях з агнястрэльнай зброяй. Вопытны лучнік з добрага Л. трапна страляў на 300 м і рабіў 4—5 стрэлаў за мінуту.

2) Спарт. прылада (зброя), якая выкарыстоўваецца з 19 ст. Гл. Стральба з лука. Іл. гл. таксама да арт. Зброя.

Літ.:

Разин Е.А. История военного искусства. СПб., 1994.

М.Г.Нікіцін, В.А.Юшкевіч.

т. 9, с. 360

ЛУ́КАВА,

вадасховішча, гл. Лукаўскае вадасховішча.

т. 9, с. 361

ЛУ́КАВА,

вёска ў Маларыцкім р-не Брэсцкай вобл., на беразе Лукаўскага вадасховішча. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Маларыта, 45 км ад Брэста. 744 ж., 283 двары (1999). Т-ва з абмежаванай адказнасцю «Вілія». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Магіла сав. воіна і ахвяр фашызму. Каля вёскі стаянкі эпохі мезаліту і неаліту.

т. 9, с. 361

ЛУ́КАВА,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Маларыцкім р-не Брэсцкай вобл. Засн. ў 1994 з мэтай аховы лясных фармацый з наборам рэдкіх відаў раслін. Пл. 1523 га. Балоты нізіннага тыпу чаргуюцца з дубовымі, дубова-грабавымі, хваёва- і ясянёва-дубовымі лясамі. Папуляцыі раслін з Чырв. кнігі: зубніца клубняносная, пылкагалоўнік чырвоны, кадзіла сармацкае, касач сібірскі, лілея царскія кучары, гайнік цёмна-чырвоны, тайнік яйцападобны. Самая вял. на Беларусі папуляцыя венерынага чаравічка (каля 2 тыс. экз.). 3 лек. раслін пашыраны ландыш майскі, валяр’ян лекавы, дзівасіл, дзядкі аптэчныя, святаяннік прадзіраўлены і інш.

П.І.Лабанок.

т. 9, с. 361

ЛУКАВІ́НЫ,

выгіны рэчышча ракі, тое, што меандры.

т. 9, с. 361

ЛУ́КАМКА,

рака, гл. Лукомка.

т. 9, с. 361

ЛУ́КАМЛЬ,

гл. Лукомскае возера.

т. 9, с. 361