Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ХВА́ЛЕВЫ ПАКЕ́Т,

1) суперпазіцыя плоскіх монахраматычных хваль з блізкімі значэннямі частот і хвалевых вектараў. Займае абмежаваную вобласць прасторы. Можа ўзнікнуць у хвалях адвольнай прыроды (гукавых, эл.-магн. і інш.). Гл. таксама Салітон. 2) У квантавай механіцы — хвалевая функцыя, што апісвае свабодную рухомую часціцу, магчымая лакалізацыя якой у кожны зададзены момант часу абмежавана пэўнай вобласцю каардынат. Скорасць цэнтра Х.п. супадае з мех. скорасцю такой часціцы. Паступова Х.п. расплываецца, што адпавядае павелічэнню вобласці лакалізацыі дадзенай часціцы.

т. 16, с. 569

ХВАЛЕ́Й Яўген Іванавіч (н. 1.1.1947, в. Белькаўшчына Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1971). Працаваў у стаўбцоўскай раённай газеце, выд-ве «Народная асвета», з 1976 на Бел. радыё і тэлебачанні, з 1985 у выд-ве «Юнацтва», з 2003 у час. «Славянскі свет. Крыніца». Друкуецца з 1967. Аўтар зб-каў паэзіі «Прычасце» (1983), «Зялёны прамень аеру» (1987), «Квадры памяці» (1992), «Прыстань віцінаў» (1996). У аповесці для падлеткаў «Пацукі, або Таямнічы дзённік» (1991) і яе працягу «Прынцэса з тусоўкі» (2000) узнімае надзённыя праблемы сучаснай школьнай моладзі. Дзецям прысвечаны яго казкі і вершы кніг «Насціны гасціны» (1989), «Каця на планеце радапедаў» (1997), «Дзіва-сны дзяўчынкі Вікі» (2002).

Л.​В.​Календа.

т. 16, с. 569

ХВА́ЛІ,

узбурэнні стану рэчыва і поля, якія распаўсюджваюцца ў прасторы з канечнай скорасцю. Суправаджаюцца пераносам энергіі без пераносу рэчыва (перанос рэчыва можа мець месца толькі як пабочная з’ява). Розным відам узбурэнняў (мех., цеплавым, эл.-магн. і інш.) адпавядаюць розныя віды Х. (гл. Паверхневыя хвалі, Пругкія хвалі, Сейсмічныя хвалі, Тэмпературныя хвалі, Электрамагнітныя хвалі).

Пры тэарэт. разглядзе Х. звычайна ўводзяць паняцце гарманічнай (сінусаідальнай) Х., у якой узбурэнні адбываюцца паводле закона гарманічных ваганняў і апісваюцца ўраўненнем хвалі. Асн. характарыстыкі такіх Х. — амплітуда, перыяд ваганняў, даўжыня хвалі, фаза. У залежнасці ад арыентацыі ўзбурэння адносна напрамку распаўсюджвання адрозніваюць падоўжныя хвалі і папярочныя хвалі. Найб. важныя ўласцівасці і характарыстыкі Х.: адбіццё хваль, дысперсія хваль, дыфракцыя хваль, інтэрферэнцыя хваль, паглынанне хваль, палярызацыя хваль, пераламленне хваль і рассеянне хваль; групавая скорасць, кагерэнтнасць, хвалевая паверхня, фазавая скорасць і фронт хвалі. Асаблівыя Х. ўзнікаюць пры руху цела ў асяроддзі са скорасцю, большай за фазавую скорасць Х. ў дадзеным асяроддзі, напр., пры руху самалёта са звышгукавой скорасцю ўзнікае ўдарная хваля. Пры аналізе энергет. характарыстык Х. выкарыстоўваюць паняцці Пойнтынга вектар, Умава вектар. У тэхніцы для памяншэння страт энергіі пры перадачы Х. выкарыстоўваюць хваляводы. Хвалевыя працэсы вельмі пашыраны ў прыродзе і тэхніцы. Найбольш выкарыстоўваюцца гукавыя хвалі (гл. Гук), паверхневыя акустычныя хвалі, ультрагукавыя хвалі, радыёхвалі, у т. л. ультракароткія хвалі. Пастаянна ўдасканальваюцца тэхн. сродкі выпрамянення і прыёму радыёхваль. Вывучэнне Х. важнае для развіцця фіз. і тэхн. навук. Гл. таксама Салітон, Хвалевы пакет, Хвалі дэ Бройля.

Літ.:

Горелик Г.С. Колебания и волны. 2 изд. М., 1959;

Крауфорд Ф. Волны: Пер. с англ. 3 изд. М., 1984;

Пирс Д.Р. Почти все о волнах: Пер. с англ. М., 1976;

Рабинович М.И., Трубецков Д.И. Введение в теорию колебаний и волн. 2 изд. М., 1992;

Кадомцев Б.Б., Рыдник В.И. Волны вокруг нас. М., 1981.

А.​І.​Балсун, У.​М.​Сацута.

Хвалі: а — падоўжныя (гукавыя) у вадкасцях і газах; б — папярочныя (ваганні струны, пры якіх зрух яе часціц перпендыкулярны да напрамку распаўсюджання хвалі); в — марскія.

т. 16, с. 569

ХВА́ЛІ марскія,

вагальны рух воднай масы мораў і акіянаў, буйных азёр, выкліканы прыліваўтваральнымі сіламі Месяца і Сонца, ветрам, зменамі атм. ціску, падводнымі землетрасеннямі, вывяржэннямі вулканаў або рухам суднаў. Паводле прычын, якія іх выклікаюць, бываюць ветравыя хвалі (гл. таксама Зыб), прыліўныя і барычныя (гл. Сейшы), сейсмічныя (гл. Цунамі), карабельныя; паводле становішча ў воднай тоўшчы — паверхневыя і ўнутр.; паводле суадносін даўж. Х. і глыб. мора — кароткія і доўгія: паводле формы і памераў — правільныя (2-мерныя) і няправільныя (3-мерныя) і інш. Асн. характарыстыкі: вышыня (вымяраецца па вертыкалі паміж грэбнем і падэшвай Х.), даўжыня (прамежак паміж 2 сумежнымі вяршынямі або падэшвамі Х.), скорасць перамяшчэння формы Х. (фазавая скорасць), перыяд Х., сярэдняя і макс. стромкасць, грэбень, фронт Х., хвалевы прамень. Выклікаюць згонна-нагонныя з’явы, перамяшчаюць тоўшчы вады і ўзбагачаюць іх кіслародам, фарміруюць пляжы.

Хвалі: 1 — элементы хвалі; 2 — ветравыя хвалі; 3 — зыб; 4 — хвалі прыбою.

т. 16, с. 570

ХВАЛІ́НСКІ Максімілян (1770, в. Быцень Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — ?),

бел. і польскі танцоўшчык. З прыгонных А.​Тызенгаўза. Вучыўся ў Пастаўскай балетнай школе Тызенгаўза ў Ф.Г. Ле Ду. У 1785—94 выступаў у Варшаўскім каралеўскім балеце «танцораў нарадовых». У 1796—97 у балетнай трупе варшаўскага Нац. т-ра. Паводле сцвярджэнняў сучаснікаў, адзін з лепшых танцоўшчыкаў трупы.

т. 16, с. 570

ХВА́ЛІ ДЭ БРО́ЙЛЯ, хвалі імавернасці,

характарыстыка хвалевых уласцівасцей элементарных часціц; колькаснае праяўленне карпускулярна-хвалевага дуалізму матэрыі. Уведзены Л. дэ Бройлем (1924); іх існаванне пацверджана ў доследах па дыфракцыі часціц.

Кожнай часціцы з энергіяй E і імпульсам p адпавядае Х. дэ Б. з даўжынёй λ = h/p і частатой v = E/h, дзе h — Планка пастаянная. Хвалевая функцыя такой часціцы перыядычная ў прасторы і часе з адпаведнай даўжынёй хвалі λ і перыядам Τ = 1/v. Напр., для электронаў з энергіяй ад 1 эВ да 10 кэВ даўжыні Х. дэ Б. ляжаць у дыяпазоне рэнтгенаўскага выпрамянення.

т. 16, с. 570

ХВА́ЛІ ЖЫЦЦЯ́, папуляцыйныя хвалі,

ваганні колькасці асобін, характэрныя для папуляцый жывых арганізмаў. Тэрмін увёў рас. генетык С.​С.​Чацверыкоў (1905). З’яўляюцца элементарным эвалюц. фактарам (разам з мутацыямі, ізаляцыяй і натуральным адборам), змяняюць канцэнтрацыю розных мутацый і генатыпаў, таксама кірунак і інтэнсіўнасць адбору. Выклікаюцца абіятычнымі (сезоннымі і несезоннымі) і біятычнымі (напр., генет.) фактарамі.

т. 16, с. 570

ХВА́ЛІ НА ПАВЕ́РХНІ ВА́ДКАСЦІ,

тое, што паверхневыя хвалі.

т. 16, с. 570

ХВАЛЫ́НСКАЕ МО́РА, Хваліскае мора,

старажытная назва Каспійскага мора; ад назвы качавых плямён хвалісаў, якія жылі на яго берагах.

т. 16, с. 570

ХВАЛЫ́НСКІ БАСЕ́ЙН (ад стараж.-рус. назвы Каспійскага м. — Хвалынскае м.),

позначацвярцічная трансгрэсія Каспійскага м., на працягу якой яно займала амаль усю Прыкаспійскую нізіну да 51° паўн. шыраты. Узр. мора падымаўся прыблізна да абс. выш. 50 м.

т. 16, с. 570