ХВА́ЛІ марскія,

вагальны рух воднай масы мораў і акіянаў, буйных азёр, выкліканы прыліваўтваральнымі сіламі Месяца і Сонца, ветрам, зменамі атм. ціску, падводнымі землетрасеннямі, вывяржэннямі вулканаў або рухам суднаў. Паводле прычын, якія іх выклікаюць, бываюць ветравыя хвалі (гл. таксама Зыб), прыліўныя і барычныя (гл. Сейшы), сейсмічныя (гл. Цунамі), карабельныя; паводле становішча ў воднай тоўшчы — паверхневыя і ўнутр.; паводле суадносін даўж. Х. і глыб. мора — кароткія і доўгія: паводле формы і памераў — правільныя (2-мерныя) і няправільныя (3-мерныя) і інш. Асн. характарыстыкі: вышыня (вымяраецца па вертыкалі паміж грэбнем і падэшвай Х.), даўжыня (прамежак паміж 2 сумежнымі вяршынямі або падэшвамі Х.), скорасць перамяшчэння формы Х. (фазавая скорасць), перыяд Х., сярэдняя і макс. стромкасць, грэбень, фронт Х., хвалевы прамень. Выклікаюць згонна-нагонныя з’явы, перамяшчаюць тоўшчы вады і ўзбагачаюць іх кіслародам, фарміруюць пляжы.

Хвалі: 1 — элементы хвалі; 2 — ветравыя хвалі; 3 — зыб; 4 — хвалі прыбою.

т. 16, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)