Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СЛАБАДА́У́ЧЫНКА,

вёска ў Капыльскім р-не Мінскай вобл., на р. Выня, каля аўтадарогі Асіповічы—Нясвіж. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 14 км на ПнУ ад г. Капыль, 108 км ад Мінска, 24 км ад чыг. ст. Цімкавічы. 502 ж., 193 двары (2001). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 14, с. 484

СЛАБАДЗЯНЮ́К (дзявочае Зубава) Вера Міхайлаўна

(н. 22.6.1938, г. Курск, Расія),

бел. спартсменка і трэнер (парашутны спорт). Майстар спорту СССР (1959). Засл. трэнер Беларусі (1976). З 1976 інструктар-парашутыст Мінскага аэраклуба. Чэмпіёнка свету па паветранай акрабатыцы, сярэбраны прызёр у мнагабор’і і ў асабістым заліку (1960, Сафія). Абс. чэмпіёнка Усесаюзнай спартакіяды па тэхн. відах спорту (1961). Рэкардсменка свету, СССР.

т. 14, с. 484

СЛАБАДСКА́Я УКРАІ́НА,

гістарычная вобласць у Расіі 17—18 ст. на тэр. сучасных Украіны (Харкаўская, часткі Данецкай, Луганскай і Сумскай абл.) і Рас. Федэрацыі (часткі Варонежскай, Курскай і Белгарадскай абл.). З 2-й пал. 16 ст. засялялася ўкр. казакамі і сялянамі, што ўцякалі сюды з тэр. Украіны, падуладнай Рэчы Паспалітай. Сяліліся слабодамі (адсюль назва). Казацкае насельніцтва стала называцца слабадскімі казакамі. С.У. з поўначы засялялі рус. служылыя людзі і збеглыя сяляне. З пач. 18 ст. ўрад рассяляў тут вял. групы выхадцаў з тур. уладанняў (малдаван, сербаў і інш.). У 1765 на тэр. С.У. ўтворана Слабодска-Укр. губ., якая ў 1835 перайменавана ў Харкаўскую губерню.

т. 14, с. 484

СЛАБАДСКІ́ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1926—27, калі цэнтр раёна з Мазыра быў перанесены ў в. Слабада, а Мазырскі раён 5.10.1926 перайменаваны ў Слабадскі. Уваходзіў у Мазырскую акругу, падзяляўся на 14 сельсаветаў. 4.8.1927 раён скасаваны, сельсаветы перададзены Калінкавіцкаму, Каралінскаму, Нараўлянскаму і Петрыкаўскаму р-нам.

т. 14, с. 484

СЛАБАДСКО́Е ВО́ЗЕРА У Бешанковіцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свячанка (цячэ праз возера), за 11 км на З ад г.п. Бешанковічы. Пл. 0,94 км², даўж. 2,7 км, найб. шыр. 500 м, найб. глыб. 22 м. Пл. вадазбору 491 кМ​2. Катлавіна лагчыннага тыпу. Злучана ручаём з воз. Чорнае.

т. 14, с. 484

СЛАБАДСКО́Е ВО́ЗЕРА У Вілейскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Нарач, за 25 км на ПнЗ ад г. Вілейка. Пл. 0,86 км², даўж. 1,5 км, найб. шыр. 0,77 км, найб. глыб. 11 м, даўж. берагавой лініі 3,75 км Пл. вадазбору 6,14 км². Катлавіна рэшткавага тыпу. Схілы выш. 1—4 м, параслі лесам, часткова разараныя. Пойма шыр. да 20 м, забалочаная, укрыта хмызняком. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, месцамі забалочаныя; на ПнЗ абразійныя, тарфяністыя. У прыбярэжнай зоне дно пясчанае, глыбей сапрапелістае. Паласа прыбярэжнай расліннасці шыр. да 50 м. Выцякае ручай у р. Нарач.

т. 14, с. 484

СЛА́БАЕ ЎЗАЕМАДЗЕ́ЯННЕ, узаемадзеянне Фермі,

адно з узаемадзеянняў элементарных часціц паміж ферміёнамі ў адзіным (лакалізаваным) пункце прасторы-часу. Значна слабейшае за моцнае і эл.-магн., аднак значна мацнейшае за гравітацыйнае ўзаемадзеянне.

С.ў. не лічыцца фундаментальным, разглядаецца як праяўленне 2 паслядоўных электраслабых узаемадзеянняў паміж часціцамі. Для С.ў. характэрна парушэнне законаў захавання дзіўнасці, цотнасці, чароўнасці і інш. Абумоўлівае павольныя распады элементарных часціц (напр., бэта-распад нейтрона і ядраў атамаў), узаемадзеянне нейтрына з рэчывам, рассеянні лептонаў на лептонах ці адронах і інш. С.ў. тлумачацца працэсы ўтварэння энергіі на Сонцы і зорках, у час выбухаў звышновых зорак С.ў. нараджае магутныя патокі нейтрына.

Літ.:

Окунь Л.Б. Слабое взаимодействие элементарных частиц. М., 1963;

Яго ж. Лептоны и кварки. 2 изд. М., 1990.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 14, с. 484

СЛАБАЖА́НІНА (Кацярына Іванаўна) (н. 10.3.1945, г.п. Лельчыцы Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне біяфізікі. Чл.-кар Нац. АН Беларусі (2000), д-р біял. н. (1992). Скончыла БДУ (1967). З 1967 у Ін-це фотабіялогіі Нац. АН Беларусі (з 1993 нам. дырэктара, адначасова з 1999 заг. лабараторыі). Навук. працы па пытаннях структурнай рэарганізацыі мембран эрытрацытаў пры паталогіі і старэнні клетак in vivo і in vitro, а таксама пад уплывам фізіка-хім. фактараў. Распрацавала шэраг метадаў фотадыягностыкі захворванняў. Дзярж. прэмія Беларусі 1992.

Тв.:

Спектральный люминесцентный анализ в медицине. Мн., 1989 (разам з Я.​А.​Чарніцкім).

т. 14, с. 484

СЛАБАЖА́НКА,

вёска ў Хойніцкім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр Алексіцкага с/с і камунальнага унітарнага с.-г. прадпрыемства. За 19 км на З ад горада і 24 км ад чыг. ст. Хойнікі, 121 км ад Гомеля. 405 ж., 158 двароў (2001). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 14, с. 484

СЛАБІ́ЛЬНЫЯ СРО́ДКІ,

лекавыя сродкі, якія паскараюць апаражненне кішэчніка. Адрозніваюць С.с., якія ўздзейнічаюць пераважна на тонкі кішэчнік (рыцына), тоўсты кішэчнік (прэпараты кораня рэвеню, кары крушыны, лісця сены, міндальны і вазелінавы алей, сінт. рэчывы — фенолфталеін, ізафенін), на ўсёй працягласці кішэчніка (натрыю і магнію сульфат, карлаварская соль).

Некат. С.с. расл. і сінт. паходжання выклікаюць хім. раздражненне рэцэптараў слізістай кішэчніка, салявыя — мех. раздражненне ў выніку павелічэння аб’ёму і разбаўлення змесціва кішэчніка. Падзяляюць на паслабляльныя (вазелінавы алей), уласна слабільныя (фенолфталеін) і праносныя (салявыя). Ужываюць пры запорах, вострых атручэннях, для ачышчэння кішэчніка і інш.

І.​М.​Семяненя.

т. 14, с. 484