Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СВЯНЦЯ́НСКІ ПАВЕ́Т Утвораны ў 1795 на тэр. паўн.-зах. часткі былога Ашмянскага пав. ВКЛ, далучанай да Расіі ў выніку 3-га падзелу Рэчы Паспалітай. Да 1842 наз. Завілейскім пав. Уваходзіў у Віленскую губ., з 12.12.1796 — у Літоўскую, з 9.9.1801 — зноў у Віленскую. Цэнтр — г. Свянцяны. Пл. каля 4,8 тыс. км², з іх каля 22% займалі ворныя землі, 32% — лясы. З 1861 падзяляўся на 22 воласці, з якіх 6 знаходзіліся на тэр. сучаснай Літоўскай Рэспублікі, а 16 — цалкам ці часткова на тэр. Беларусі (Аляксандраўская, Вішнеўская, Войстамская, Гадуцішская, Дубатоўская, Занарацкая, Кабыльніцкая, Кукуцішская, Камайская, Кемелішская, Лынгмянская, Лынтупская, Нястанішская, Свірская, Шэметаўская, Ясеўская). Насельніцтва на 1880 было 145,5 тыс. чал. (без г. Свянцяны), з іх 5,2 тыс. дваран, 13,3 тыс. мяшчан, 123,3 тыс. сялян, 3,3 тыс. ваеннаслужачых. Паводле канфесіянальнага складу — 122,4 тыс. католікаў, 13,1 тыс. праваслаўных, 5,4 тыс. старавераў, 4 тыс. іудзеяў. Мелася 1741 паселішча, 1067 тыс. двароў. У 1915 заняты германскімі, з вясны 1919 польскімі войскамі, уключаны ў Віленскую акругу. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 застаўся ў складзе Польскай Рэспублікі. З 22.12.1925 С.п. у складзе Віленскага ваяв. У 1930-я г. складаўся з 15 гмін. У вер. 1939 С.п. заняты Чырв. Арміяй, 2.11.1939 далучаны да БССР і ўключаны ў Вілейскую вобл., 15.1.1940 скасаваны, яго тэрыторыя ўвайшла ў Гадуцішскі, Свянцянскі і Свірскі р-ны (гл. адпаведныя арт.).

В.​Л.​Насевіч.

т. 14, с. 270

СВЯНЦЯ́НСКІ ПРАРЫЎ 1915,

наступальная аперацыя германскіх войск супраць рас. войск Зах. фронту 9.9—2.10.1915 у 1-ю сусв. вайну 1914—18. Пасля няўдалай спробы акружыць 10-ю рус. армію і ўзяць Вільню (жн. 1915) герм. войскі 9 вер. пачалі новае наступленне на г. Свянцяны і 10 вер. прарвалі фронт. Кав. група (6 дывізій) пранікла ў тылы рас. войск, захапіла Вілейку (14 вер.) і падышла да Маладзечна. Асобныя часці групы дайшлі да Барысава, а атрад конных егераў пашкодзіў чыгунку каля Смалявіч. Рас. войскі пакінулі Вільню, але немцы замацаваць поспехі не змаглі. Наступленне варожай кавалерыі 16—17 вер. было спынена 2-й рус. арміяй і ў ваколіцах Маладзечна, Вілейкі і Смаргоні яна была разбіта. Пасля 10-дзённых баёў (да 2 кастр.) герм. войскі адступілі ў раён азёр Нарач—Свір. С.п. — апошняя аперацыя манеўровага перыяду вайны на рас.-герм. фронце, пасля якой абодва бакі перайшлі да пазіцыйнай вайны.

М.​І.​Камінскі.

т. 14, с. 270

СВЯРГУ́Н (Аляксандр Рыгоравіч) (30.12.1903, в. Гічыцы Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 31.8.1971),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. У 1923—27 чл. Косаўскага раённага, Слонімскага акр. к-таў КПЗБ; стварыў ячэйкі КПЗБ і КСМЗБ на Слонімшчыне; адзін з арганізатараў выступлення працоўных г. Косава ў абарону Бел. сял.-работніцкай грамады (гл. Косаўскі расстрэл 1927). У 1927—39 за рэв. дзейнасць зняволены польскімі ўладамі. Дэп. Нар. сходу Зах. Беларусі ў 1939. У Вял. Айч. вайну ў Чырв. Арміі, з 1943 у партызанах на Брэстчыне. З 1944 на сав. рабоце ў Брэсцкай вобл. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1941—47. Аўтар успамінаў аб рэв. руху ў Зах. Беларусі. Яго імем названа вуліца ў г. Пружаны.

М.​П.​Клімец.

т. 14, с. 272

СВЯРДЛО́ВА (Роза Міронаўна) (н. 25.10.1908, г. Віцебск),

бел. і расійская кінаактрыса. Засл. арт. Беларусі (1935). Скончыла кінааддзяленне Ленінградскага тэатр. тэхнікума (1930, майстэрня Я.​Чарвякова). З 1927 здымалася ў кіно. Выканаўца лірыка-драм. роляў. Створаным вобразам уласціва спалучэнне жыццёвай верагоднасці з героіка-рамант. афарбоўкай характару гераінь. Знялася ў бел. фільмах: «Да заўтра» (1929), «Баям насустрач» (1932), «Залатыя агні» (1934), «Новая радзіма», «Шлях карабля» (абодва 1935), «Дачка Радзімы» (1937). Найб. значныя ролі ў маст. стужках на «Ленфільме»: «Дзяўчына з далёкай ракі» (1928), «Цана чалавека» (1929), «Каўказскі палоннік» (1930), «Кроў зямлі» (1931), «Адчайны батальён» (1933), «Нявеста» (1957).

В.​А.​Мядзведзева.

т. 14, с. 272

СВЯРДЛО́Ў (Якаў Міхайлавіч) (4.6.1885, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 16.3.1919),

савецкі паліт. і дзярж. дзеяч. З сям’і рамесніка-гравёра, ураджэнца г. Полацк. Чл. РСДРП з 1901, бальшавік з 1903. З 1904 прафес. рэвалюцыянер. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07 на Урале. За рэв. дзейнасць 14 разоў арыштаваны, 12 гадоў прабыў у турмах і ссылках. Чл. ЦК і Рус. бюро ЦК (з 1912), сакратар ЦК партыі (з 1917). Адзін з кіраўнікоў кастр. ўзбр. паўстання 1917 у Петраградзе (гл. Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917). З 8.11.1917, застаючыся сакратаром ЦК партыі, старшыня ВЦВК Саветаў. Адзін з ініцыятараў «чырвонага тэрору» і «расказачвання». На пасяджэнні ЦК КП(б)Б 1.2.1919 абвясціў пастанову ЦК РКП(б) аб неабходнасці стварэння адзінай Літ.-Бел. Сацыяліст. Рэспублікі, на 1-м Усебел. з’ездзе Саветаў (2—3.2.1919) абвясціў пастанову Прэзідыума ВЦВК аб прызнанні незалежнасці БССР. Адзін са стваральнікаў Камуністычнага Інтэрнацыянала.

т. 14, с. 272

СВЯРДЛО́ЎСК,

назва г. Екацярынбург у 1924—91.

т. 14, с. 272

СВЯРДЛО́ЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на ўсх. схілах Сярэдняга і Паўн. Урала і зах. частцы Зах.-Сібірскай раўніны, у Расійскай Федэрацыі. Утворана 17.1.1934. Пл. 194,8 тыс. км². Нас. 4603 тыс. чал. (2000), гарадскога 87,6%. Цэнтр — г. Екацярынбург. Найб. гарады: Ніжні Тагіл, Каменск-Уральскі, Перваўральск, Сяроў, Азбест, Раўда.

Рэльеф Сярэдняга Урала слабахвалісты, найб. высокія вяршыні на Паўн. Урале — Канжакоўскі Камень (1569 м) і Дзенежкін Камень (1492 м). Ускраіна Зах.-Сібірскай раўніны займае ​2/3 тэр. вобласці. Карысныя выкапні: жал. і медныя руды, каменны і буры вугаль, азбест, тальк, мармур, золата, плаціна, каштоўныя камяні, торф і інш. Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -20 °C на Пн да -15 °C на Пд, ліп. ад 16 °C на Пн да 19 °C на ПдУ. Ападкаў 350—600 мм за год. Асн. рэкі: Таўда, Тура, Ісець (бас. р. Об) і Чусавая, Уфа (бас. р. Кама). Глебы падзолістыя, дзярнова-падзолістыя, тарфяна-балотныя, у паласе лесастэпу шэрыя лясныя і чарназёмныя. Пад лесам каля 61% тэр. У горнай ч. пераважае цемнахвойная тайга, па нізкіх мясцінах — яловыя лясы з дамешкамі кедру. Шмат балот. На ПдУ лесастэп. Нац. парк Прыпышмінскія бары, запаведнікі Вісімскі і Дзенежкін Камень.

С.в. — адзін з найб. развітых прамысл. рэгіёнаў Расіі. У прам-сці (1999) вядучае месца належыць каляровай (31%) і чорнай (19,8%) металургіі, машынабудаванню (цяжкае, энергет., трансп. станкабудаванне, эл.-тэхн. і інш.) і металаапрацоўцы (15,7%), электраэнергетыцы (10,8%). Вытв-сць алюмінію, медзі, нікелю, пракату чорных металаў (3,4 млн. т), выплаўка сталі (5,4 млн. т). Вытв-сць пракатных станаў, абсталявання для доменных пячэй, нафтабуравых установак, буйных эл. машын, турбін, кормаўборачных камбайнаў, вагонаў, аўтапрычэпаў, матацыклаў, металарэзных станкоў, абсталявання для хім., лясной і дрэваапр. прам-сці, ваен. тэхнікі (танкаў, ракетных комплексаў, авіяц. оптыкі), падшыпнікаў, кабелю, трансфарматараў, халадзільнікаў, пыласосаў, пральных машын, радыёапаратуры і інш. Вытв-сць электраэнергіі 35,8 млрд. кВтгадз. Белаярская АЭС, Верхнетагільская, Ніжнетурынская, Рафцінская, Сяроўская, Сярэднеўральская ДРЭС. Развіты коксахім., хім. (шыны, мінер. ўгнаенні, пластмасы, хім. рэактывы, гумава-тэхн. вырабы, лакі, фарбы) і хіміка-фармацэўтычная (антыбіётыкі), лясная і дрэваапр. (піламатэрыялы, фанера, мэбля, кардон, папера), буд. матэрыялаў, азбеставая, лёгкая і харч. прам-сць. Здабыча жал. і медных руд, золата, баксітаў, азбесту, тальку, вугалю, торфу. Вытв-сць ювелірных вырабаў з уральскіх самацветаў і вырабных камянёў. Сельская гаспадарка жывёлагадоўча-збожжавага кірунку. Гадуюць малочна-мясныя пароды буйн. раг. жывёлы, свіней, коз, авечак, птушак. Пасяўныя пл. займаюць 1,2 млн. га (1999).

Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, авёс, шматгадовыя травы, кукурузу на сілас, караняплоды, бульбу і агародніну (пераважна вакол буйных гарадоў і на Пд вобласці). Даўж. чыгункі 3551 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 10,1 тыс. км. Асн. чыг. вузлы: Екацярынбург, Ніжні Тагіл, Сяроў, Каменск-Уральскі, Арцёмаўскі і інш. Суднаходства па р. Таўда і яе прытоках Лозьва і Сосьва і р. Тура. Газаправоды Урэнгой—Сяроў—Ніжні Тагіл—Екацярынбург, Бухара—Урал (да Екацярынбурга), транзітны газаправод Урэнгой—Памары—Ужгарад і нафтаправод Сургут—Перм—Ніжні Ноўгарад. Курорты: Абухава, Кур’і, Ніжнія Сяргі, Самацвет, Малтаева Возера.

т. 14, с. 272

СВЯРЧЭ́ЎСКІ ((Świerczewski) Кароль) (псеўд. ген. Вальтэр; 22.2.1897, Варшава — 28.3.1947),

дзяржаўны і ваенны дзеяч Польшчы, адзін з арганізатараў нар. Войска Польскага. Ген. броні. Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1927). У 1-ю сусв. вайну эвакуіраваны ў Маскву. У 1917 добраахвотнік атрада Чырв. гвардыі, удзельнік Кастр. паўстання ў Маскве. У Чырв. Арміі ў 1918—36 і 1938—43. Удзельнік грамадз. вайны ў Расіі. Да 1936 на камандных і штабных пасадах (у 1927—28 у штабе БВА). У 1936—38 пад імем ген. Вальтэра камандаваў інтэрнац. брыгадай, потым дывізіяй у грамадз. вайне ў Іспаніі. У 1939—41 выкладаў у Ваен. акадэміі імя Фрунзе. У Вял. Айч. вайну з 1941 камандзір 248-й стралк. дывізіі на Зах. фронце. У 1943 удзельнічаў-у арг-цыі Польскай арміі на тэр. СССР. Са жн. 1943 нам. камандзіра 1-га польскага корпуса, у сак.жн. 1944 нам. камандуючага 1-й арміяй Войска Польскага. У вер. 1944 сфарміраваў 2-ю армію Войска Польскага, якая пад яго камандаваннем удзельнічала ў вызваленні зах. польскіх зямель і Чэхаславакіі. З лют. 1946 нам. міністра нац. абароны Польшчы. Забіты тэрарыстамі ў час інспекцыйнай паездкі ў Баліград (Польшча).

Літ.:

Бранеўская Я. Пра чалавека, які не кланяўся кулям: Пер. з пол, Мн., 1968;

Wadecka S.L. Generał Karol Swierczewski «Walter» 1897—1947. Warszawa, 1976;

Сверчевские А. и М. Солдат трех армий.-М., 1993.

т. 14, с. 273

СВЯРЫ́НАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА У Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Расонка, за 7 км на Пд ад г.п. Расоны. Пл. 0,22 км², даўж. 820 м, найб. шыр. 430 м, даўж. берагавой лініі каля 2,1 км. Пл. вадазбору 2,75 км². Схілы катлавіны выш. 8—10 м, стромкія, пад лесам, на Пн спадзістыя, разараныя. Пойма забалочаная, пад хмызняком.

т. 14, с. 273

«СВЯ́ТА»,

бел. дзярж. ансамбль нар. музыкі. Створаны ў 1984 пры Бел. філармоніі. Арганізатар і маст. кіраўнік В.Купрыяненка, з 2001 — А.Кашталапаў. Уключае інстр. ансамбль (10 музыкантаў), вак. (4 спевакі) і танц. (4 выканаўцы) групы. У рэпертуары аўтэнтычныя і апрацаваныя бел. нар. песні і танцы, музыка і абрады з розных рэгіёнаў Беларусі, у т. л. «Цячэ вада ў ярок», «Ой, у полі крыніца», «Пасею гурочкі», віцебская і лядзецкая полькі, вак.-харэаграфічныя замалёўкі «Каханачка», «Лысы», вак.-інстр. кампазіцыя «Вяселле Магілёўшчыны і Палесся». Сярод выкарыстоўваемых бел. нар. інструментаў цымбалы, жалейка, акарына, колавая ліра, басэтля, саломка, дуда і інш. Лаўрэат Міжнар. маст. фестывалю садружнасці краін у Паўн. Карэі (г. Пхеньян, 1992). Пра «С.» зняты аднайм. кінафільм (1988). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1988.

Н.​Г.​Мазурына.

Ансамбль народнай музыкі «Свята».

т. 14, с. 273