Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

«ОКРА́ИНА»,

штодзённая грамадска-паліт. і літ. газета ліберальна-радыкальнага кірунку. Выдавалася з 30.7(12.8). 1907 да 25.5(7.6).1908 у Мінску на рус. мове. Развівала праграму забароненай газ. «Жизнь провинции». Цэнзура характарызавала яе як выданне «рэзка апазіцыйнага кірунку без ясна і пэўна вызначанай праграмы якой-небудзь партыі». Друкавала апошнія паведамленні, артыкулы грамадска-паліт. і літ.-маст. зместу, белетрыстыку, паэзію, мясц. хроніку, рэкламу, ілюстрацыі. Крытыкавала ўрадавую палітыку П.​А.​Сталыпіна, злоўжыванні мясц. улад, выступала супраць дыскрымінацыі «іншародцаў». Праблемам гістарыяграфіі, гісторыі, культуры прысвечаны даследаванні Д.​Бохана «Польская народная паэзія», М.​Метэрлінка «Псіхалогія няшчаснага выпадку», «Вялікі мастак» (пра Л.​Талстога), М.​Караліцкага «Ідэя творчасці ў творах Тургенева і Гаўптмана» і інш. Аўтары літ.-маст. аддзела арыентаваліся на традыцыі рэалізму і асветніцкую эстэтыку, прапагандавалі спадчыну рус., польск. і зах.-еўрап. л-ры і маст. культуры, станоўча ацанілі наватарства Л.​Андрэева, К.​Бальмонта, З.​Гіпіус, У.​Меерхольда, М.​Мінскага, Г.​Гаўптмана, Метэрлінка, Ф.​Салагуба. Асвятляла тэатральнае і муз. жыццё Мінска. Выданне газеты прыпынена, пазней забаронена.

Літ.:

Конон В.М. Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала XX в. Мн., 1985.

У.​М.​Конан.

т. 11, с. 431

О́КСКА-ДАНСКА́Я РАЎНІ́НА, Тамбоўская раўніна. У еўрап. ч. Расіі, паміж Сярэднярускім і Прыволжскім узвышшамі, у міжрэччы Акі і Дона. Паўн. і цэнтр. частка наз. Тамбоўскай раўнінай. Пласкахвалісты рэльеф водападзелаў з выш. 150—180 м чаргуецца з шырокімі тэрасаванымі далінамі, ярамі і западзінамі, т.зв. стэпавымі сподкамі. Лесастэп.

т. 11, с. 431

О́КСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК.

На ПдУ Мяшчорскай нізіны (Расія). Засн. ў 1935 з мэтай аховы прыроднага комплексу Мяшчоры і захавання хахулі. З 1984 біясферны запаведнік. Пл. 22,9 тыс. га. Рэльеф нізінны. Поймавыя лугі, старыцы, азёры. Хваёвыя, яловыя лясы, дубровы. У флоры больш за 800 відаў раслін. У фауне звычайныя лось, дзік, ліс, бабёр, куніца, вавёрка і інш. У арнітафауне 220 відаў тушак. Гадавальнікі рэдкіх відаў жывёл: зубра, жураўлёў белага, чорнага і японскага, сапсана, крэчата і інш. Музей прыроды.

т. 11, с. 431

О́КСНА,

рака ў Смаргонскім р-не Гродзенскай вобл., левы прыток р. Вілія. Даўж. 20 км. Пл. вадазбору 104 км². Пачынаецца каля в. Глінна, цячэ па Ашмянскім узвышшы, праз г. Смаргонь, упадае ў Вілію на ПнЗ ад в. Перавозы. Асн. прыток — р. Гервятка.

т. 11, с. 431

О́КСНЕР (Альфрэд Мікалаевіч) (22.2.1898, г. Кіраваград, Украіна — 20.11.1973),

украінскі вучоны батанік-ліхенолаг; заснавальнік укр. школы ліхенолагаў. Чл.-кар. АН Украіны (1972). Скончыў Кіеўскі ін-т нар. адукацыі. З 1922 у АН Украіны. У 1924 даследаваў ліхенафлору Беларусі. З 1931 у Ін-це батанікі АН Украіны (у 1968—70 дырэктар). Навук. працы па фларыстыцы, сістэматыцы, філагеніі, бат. геаграфіі і фітацэналогіі споравых і кветкавых раслін. Апісаў больш за 100 таксонаў відавога і ўнутрывідавога і 48 надвідавога рангу лішайнікаў, прапанаваў 230 новых назваў і сістэму класіфікацыі лішайнікаў, правёў фларыстычны аналіз ліхенафлоры сав. Арктыкі.

У.​У.​Галубкоў.

т. 11, с. 431

О́КСФАРД (Oxford),

горад у Вялікабрытаніі, на ПнЗ ад Лондана, на р. Тэмза. Адм. ц. графства Оксфардшыр. Каля 130 тыс. ж. (1999). Паліграф. і эл.-тэхн. прам-сць. Старажытны універсітэцкі горад (гл. Оксфардскі універсітэт). Арх. помнікі: рамана-гатычны сабор (12—16 ст.), арх. ансамблі універсітэцкіх каледжаў пераважна ў стылі англ. готыкі. Музей Ашмала (археал. і маст. калекцыі). У прыгарадзе Каўлі — аўтамабілебудаванне.

Упершыню згадваецца як крэпасць у 912. Да канца 12 ст. горад абкружаны валамі і драўлянымі ўмацаваннямі. Стварэнне ў 2-й пал. 12 ст. ун-та вызначыла яго развіццё як універсітэцкага горада. Як крэпасць і цэнтр навукі ў сярэднявеччы О. адыгрываў ролю 2-й сталіцы Англіі. У 1258 у О. збіраўся т.зв. «шалёны парламент», які абмежаваў уладу караля. З 1541 рэзідэнцыя англіканскага епіскапа. У час англійскіх рэвалюцый 17 стагоддзя рэзідэнцыя і штаб-кватэра караля Карла I. У 1646 горад заняты войскамі О.Кромвеля. У 1681 у час рэстаўрацыі Сцюартаў Карл II правёў тут апошняе пасяджэнне парламента.

т. 11, с. 431

О́КСФАРДСКАЯ ШКО́ЛА,

плынь у зах.-еўрап. філасофіі 13 ст. Узнікла ў Оксфардскім ун-це. Філас. асновай поглядаў мысліцеляў О.ш. (Грасетэст, Альфрэд Англійскі, Адам з Марча) было аўгусцініянства. Значную ўвагу яны звярталі на пытанні прыродазнаўства (творы Арыстоцеля, інш. грэч. і араб. вучэнні), што на той час было наватарствам, бо рымская курыя забараняла вывучэнне твораў, прысвечаных гэтым праблемам. У выніку аддаленасці ад рымскай курыі Оксфардскі ун-т валодаў значнай свабодай. Акрамя таго, яго даследаванні стымуляваліся тым, што ў Англіі раней, чым у інш. краінах, атрымалі развіццё рамесная вытв-сць і гандаль, якім патрэбны былі прыродазнаўчанавук. веды. З О.ш. выйшаў мысліцель і прыродазнавец Р.Бэкан.

т. 11, с. 431

О́КСФАРДСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,

адзін са старэйшых і буйнейшых ун-таў Вялікабрытаніі. Засн. ў 2-й палове 12 ст. У 13 ст. ў О.у. былі гуманіт., юрыд., багаслоўскі і мед. ф-ты. У розны час у ім выкладалі Р.Бэкан, Дж.Уікліф, Эразм Ратэрдамскі, Т.Мор, Дж.Лок, А.Сміт, Р.Бойль, Э.Галей, Ф.Содзі, Д.Кроўфут-Ходжкін, Р.Робінсан, С.Н.Хіншэлвуд і інш. У складзе ун-та (1995) каля 40 каледжаў, 19 тыс. студэнтаў, у т. л. 2,3 тыс. замежных; спецыялізаваныя н.-д. цэнтры і ін-ты; музеі, бат. сад, б-ка (з 1602) і інш. Ф-ты: антрапалогіі і геаграфіі; геалогіі; біял. навук; клінічнай медыцыны; фізіялогіі; адукацыі; англ. мовы і л-ры; сярэдневяковых і сучасных моў; выяўленчага мастацтва; музыкі; права; матэматыкі; фізікі; сучаснай гісторыі; псіхалогіі; сац. навук; вывучэння Усходу.

В.​М.​Навумчык.

т. 11, с. 431

«ОКТЯ́БРЬ»,

літаратурна-мастацкі і публіцыстычны часопіс. Выдаецца з 1924 у Маскве на рус. мове штомесячна. Мае раздзелы: «Проза і паэзія», «З літаратурнай спадчыны», «Публіцыстыка і нарысы», «Літаратурная крытыка» і інш. Асвятляе пытанні грамадска-паліт. і культ. жыцця краіны. Змяшчае літ.-крытычныя артыкулы і рэцэнзіі, успаміны, матэрыялы па пытаннях культуры і мастацтва. Знаёміць з новымі кнігамі. У часопісе надрукаваны маст. творы К.​Ваншэнкіна, В.​Каверына, Э.​Казакевіча, Ю.​Морыц, К.​Паустоўскага, А.​Рыбакова, У.​Салаухіна, А.​Сафронава, А.​Талстога, А.​Твардоўскага, А.​Фадзеева, Л.​Філатава, А.​Чакоўскага, М.​Шолахава і інш. Сярод бел. пісьменнікаў, творы якіх друкаваліся ў «О.», П.​Броўка, Я.​Брыль, В.​Быкаў, М.​Гарэцкі, У.​Калеснік, Я.​Колас, Я.​Купала, І.​Навуменка, А.​Савіцкі, М.​Танк, І.​Шамякін і інш. Гал. рэдактары: А.​Серафімовіч (1926—29), Ф.​Панфёраў (1931—60, з перапынкамі), У.​Кочатаў (1961—73), А.​Ананьеў (з 1973).

т. 11, с. 431