КЁРЛ ((Curl) Роберт) (н. 23.8.1933, г. Аліс, ЗША),
амерыканскі хімік. Скончыў Каліфарнійскі ун-т (1957). З 1958 ва ун-це У.М.Райса (г. Х’юстан; з 1967 праф.). Навук. працы па даследаванні адкрытых ім фулерэнаў (1985). Нобелеўская прэмія 1996 (з Г.Крота, Р.Смелі).
т. 8, с. 244
КЁРНЕР ((Körner) Тэадор) (24.4.1873, г. Комарна, Славакія — 4.1.1957),
аўстрыйскі ваен. і дзярж. дзеяч. Генерал. Скончыў ваен.-тэхн. акадэмію ў Вене (1894). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1923—33 дэп. аўстр. парламента. Удзельнік стварэння «Шуцбунда». Пасля паражэння лютаўскага паўстання сацыял-дэмакратаў супраць аўтарытарнага ўрада Э.Дольфуса (1934) арыштаваны; у 1944 арыштаваны гестапа. Пасля аднаўлення Аўстр. рэспублікі бургамістр Вены, кіраваў яе аднаўленнем (1945—51). У 1951—57 федэральны прэзідэнт Аўстрыі, выступаў за выкананне краінай пастаяннага нейтралітэту і развіццё дружалюбных адносін з СССР.
т. 8, с. 244
КЁРЭШ (Körös),
рака ў Румыніі і Венгрыі, левы прыток р. Ціса. Даўж. 580 км, пл. бас. 27,5 тыс. км². Пачынаецца ў Зах. Румынскіх гарах (масіў Біхар і хр. Металіч) двума вытокамі — Крышу-Алб і Крышу-Негру. Ад іх зліцця да вусця цячэ па раўніне Альфёльд. Паводкі ў цёплае паўгоддзе. Сярэдні гадавы расход вады каля 100 м³/с. У ніжнім цячэнні каналізаваная, суднаходная.
т. 8, с. 244
«КЁР-АГЛЫ́»,
«Кёраглу», фальклорна-эпічны твор народаў Б. Усходу і Сярэдняй Азіі, у аснове сюжэта якога жыццё і подзвігі легендарнага волата-змагара за нар. шчасце і справядлівасць. Створаны не раней 17 ст. Сабраны і запісаны ў 1-й пал. 19 ст. Напісаны прозай і вершамі (тадж. толькі вершамі). Версіі «К.-а.» ўмоўна падзяляюць на зах. (арм., груз., курдскую, адж., тур., вытокі якіх у азерб. эпасе) і ўсх. ці сярэднеазіяцкую (туркм. «Гёраглы», узб. і каз. «Гораглы», тадж. «Гуруглі» ці «Гургулі»).
Паводле зах. версій герой-мсцівец Кёраглы (Сын сляпога), ён жа і паэт-імправізатар помсціць за свайго бацьку, якога тыран зрабіў сляпым. Эпас «К-а.», верагодна, заснаваны на дзейнасці рэальнай гіст. асобы, пра што сведчаць дакументы 16—17 ст. Усх. версіі адрозніваюцца ад зах., у іх многа казачна-фантаст. элементаў. Іх герой Гёраглы (Сын магілы, нарадзіўся ад мёртвай маці ў магіле) манарх знатнага паходжання. Свае подзвігі Гёраглы здзяйсняе ў казачнай краіне Чамбел (Шамбел), яго ўчынкі сімвалізуюць справядлівага і сумленнага правіцеля, абаронцу радзімы. «К.-а.» перакладзены на рус. (упершыню выд. азерб. версія ў 1856), англ., венгр. і інш. мовы.
Публ.: Кёроглу. Баку. 1959.
Літ.:
Каррыев Б.А. Эпические сказания о Кёр-оглы у тюркоязычных народов. М., 1968.
т. 8, с. 244