Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗВЫШТО́НКАЯ СТРУКТУ́РА,

рас шчапленне ўзроўняў энергіі (а таксама спектральных ліній) атама на некалькі падузроўняў, выкліканае гал. чынам узаемадзеяннем магн. момантаў атамных ядраў з магн. полем электронаў. Адлегласць паміж падузроўнямі З.с. прыкладна ў 1000 разоў меншая, чым паміж узроўнямі тонкай структуры. З.с. спектральнай лініі можа ўскладняцца з-за адрознення частот розных ізатопаў хім. элемента (ізатапічнае зрушэнне). Назіраецца таксама ў спектрах малекул і крышталёў.

т. 7, с. 42

ЗВЫШУРО́ЧНАЯ РАБО́ТА,

работа, якая выконваецца па распараджэнню або з ведама наймальніка звыш устаноўленай працягласці рабочага часу. З.р., як правіла, не дапускаецца. Працоўнае заканадаўства Рэспублікі Беларусь абмяжоўвае яе і ўстанаўлівае вычарпальны пералік выключных выпадкаў, калі З.р. могуць быць дазволены. Прыцягненне да З.р. дапускаецца толькі са згоды работніка, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных законам або калектыўным дагаворам, пагадненнем. З.р. без згоды работніка дапускаюцца: пры правядзенні работ для прадухілення грамадскага або стыхійнага бедства, вытв. аварыі і неадкладнай ліквідацыі іх вынікаў, папярэджання няшчасных выпадкаў, аказання экстраннай мед. дапамогі работнікамі ўстаноў аховы здароўя, пры правядзенні грамадска неабходных работ па забеспячэнні насельніцтва вадой, асвятленнем, ацяпленнем. сувяззю і да т.п. Пэўныя катэгорыі работнікаў (цяжарныя жанчыны, жанчыны, якія маюць малых дзяцей, непаўналетнія, інваліды, хворыя) да З.р. не дапускаюцца. Працягласць З.р. таксама абмежавана.

Ю.Я.Савельеў.

т. 7, с. 42

ЗВЫШЦВЁРДЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ матэрыялы, цвёрдасць матэрыялаў якіх сувымерная з цвёрдасцю алмазу. Адрозніваюць прыродныя (алмаз) і сінт. (найб. пашыраны сінт. алмазы і кубічны нітрыд бору), мікрацвёрдасць якіх — 60—100 ГПа. Маюць высокія трываласць, зносаўстойлівасць, цеплаправоднасць. Хімічна інертныя. Сінт. З.м. атрымліваюць з вугляроду і нітрыду бору пры высокім ціску (4—12 ГПа) і т-рах ад 1200 да 2200 °C у спец. камерах. Выкарыстоўваюць у выглядзе парашкоў, мона- і полікрышталёў, кампазітаў, плёнак для вырабу абразіўных, металарэзных, горна-буравых інструментаў. На Беларусі даследаванні па стварэнні З.м. праводзяцца з 1960 у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац. АН. Распрацаваны тэхналогіі атрымання сінт. алмазаў, кубічнага нітрыду бору, у т.л. полікрышт. («белбор»), кампазітаў на іх аснове, наладжана вытв-сць гэтых матэрыялаў. Парашкі сінт. алмазаў выпускаюць на Гомельскім ВА «Крышталь».

В.Б.Шыпіла.

т. 7, с. 42

ЗВЫШЦЯКУ́ЧАСЦЬ,

сукупнасць фіз. з’яў, звязаных з працяканнем без трэння вадкага гелію праз капіляры і вузкія шчыліны пры тэмпературах, блізкіх да абсалютнага нуля. Адкрыта эксперыментальна П.Л.Капіцам (1938), тэорыя створана Л.Д.Ландау (1941).

Пры т-ры 2,17 К (λ-пункт) у вадкім геліі (ізатоп ​1Не) адбываецца фазавы пераход 2-га роду: з нармальнага стану (гелій I) ён пераходзіць у звышцякучы стан (гелій II). З. суправаджаецца вельмі вял. цеплаправоднасцю і наяўнасцю рознасці тэмператур у двух сасудах са звышцякучым геліем, злучаных капілярам, што вядзе да значнай рознасці ціску ў іх (тэрмамех. эфект). У звышцякучым геліі разам са звычайным гукам (ваганні ціску) існуе другі гук (ваганні т-ры). Тэорыя З. заснавана на квантавых уяўленнях аб квазічасціцах — фанонах. У вадкім геліі змена энергіі суправаджаецца вылучэннем або паглынаннем фанона, які мае такую ж залежнасць паміж частатой і энергіяй, як і квант святла, але распаўсюджваецца са скорасцю гуку. Калі гелій II працякае праз капіляр са скорасцю, меншай за скорасць гуку, яго кінетычная энергія не пераходзіць у цеплавую, бо фаноны не могуць узнікнуць (трэнне адсутнічае). Калі скорасць руху перавышае скорасць гуку, узнікае трэнне і З. знікае.

Літ.:

Капица П.Л. Вязкость жидкого гелия при температурах ниже точки λ // Докл. АН СССР. 1938. Т. 18, № 1;

Ландау Л.Д. Собр. тр. Т. 1. М., 1969;

Халатников И.М. Теория сверхтекучести. М., 1971.

Л.І.Камароў.

т. 7, с. 42