Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЖАЎТАПУ́ЗІК.

глушэц (Ophisaurus apodus), яшчарка сям. вераценніцавых. Пашыраны ў Паўд.-Зах. Еўропе, Сярэдняй і Паўд.-Зах. Азіі. Жыве пераважна ў сухіх месцах, з густой расліннасцю.

Даўж. да 1,5 м, маса да 550 г. Верхняя ч. цела бурая, брудна-бурая з аліўкавым або чырванавата-бурым адценнем, ніжняя — жоўта-бурая або мяснога колеру. Цела змеепадобнае, без ног (у самцоў захаваліся рудыменты задніх ног). Пад луской залягаюць касцявыя пласцінкі (астэадэрмы). Па баках цела глыбокая маршчына скуры, высланая дробнай луской. Адкладваюць 8—10 яец. Кормяцца беспазваночнымі (пераважна насякомымі і малюскамі), дробнымі пазваночнымі.

Жаўтапузік.

т. 6, с. 428

ЖАЎТО́К,

пажыўныя рэчывы, якія назапашваюцца ў яйцаклетках жывёл і чалавека ў выглядзе гранул (радзей суцэльнай масы) і служаць для жыўлення зародка на працягу яго развіцця. Мае ў сабе бялкі, тлушчы, вугляводы, рыбануклеінавую кіслату, мінер. рэчывы; асн. яго масу складаюць ліпа- і глікапратэіды. Наяўнасць Ж. ў яйцаклетках абумоўлівае іх значна большыя памеры ў параўнанні са сперматазоідамі. Сінтэз Ж. бывае энда- або экзагенным у залежнасці ад таго, дзе ён ажыццяўляецца: у яйцаклетцы або па-за ёй.

т. 6, с. 428

ЖАЎТУ́ХА,

жаўтушная афарбоўка склер, скуры, слізістых абалонак; сіндром захворванняў з парушэннем білірубінавага абмену. Назіраецца пры хваробах печані (гл. Гепатыт інфекцыйны), жоўцевых шляхоў (гл. Жоўцекамянёвая хвароба і інш. механічныя Ж.), крыві (гл. Гемалітычная хвароба нованароджаных і інш. гемалітычныя Ж.), пры некат. фізіял. станах, ад павышанага назапашвання ў крыві і ў тканках жоўцевага пігменту — білірубіну. Жаўтуха нованароджаных — жаўтушная афарбоўка скуры і слізістых абалонак у дзяцей да 4—5 тыдняў жыцця. Бывае ад парушэння звязвання білірубіну (фізіял. Ж.н.), ад узмоцненага распаду — гемолізу эрытрацытаў (гемалітычная хвароба нованароджаных), ад мех. затрымкі жоўці (прыроджанае недаразвіццё ці набытае звужэнне жоўцевывадных шляхоў), ад пашкоджання тканак печані. Лячэнне: выдаленне білірубіну з арганізма.

А.Л.Лстапаў.

т. 6, с. 428

ЖАЎТУ́ХА РАСЛІ́Н,

хваробы, якія выклікаюцца пераважна мікаплазмападобнымі арганізмамі і вірусамі. Пашкоджвае бульбу, канюшыну, цыбулю, моркву, дэкар. культуры і інш. Пашырана ўсюды. Хворыя расліны характарызуюцца карлікавасцю, хларозам і пажаўценнем лісця, шматлікімі бакавымі парасткамі, якія прыціснуты да гал. сцябла; у кветках падоўжаныя чашалісцікі з пазелянелымі дэфармаванымі венчыкамі, завязь прарастае ў лісцікі. Рэзерватары віруса — пустазелле (дзьмухавец, асот палявы, шчаўе, рамонкі, трыпутнік і інш.). Узбуджальнік перадаецца насякомымі-пераносчыкамі (пераважна цыкадамі і тлямі). Пра меры барацьбы гл. ў арт. Вірусныя хваробы раслін.

т. 6, с. 429

ЖАЎТУ́ШКІ (Colias),

род дзённых матылёў сям. бялянак. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. Жывуць пераважна ў высакагор’ях і ў арктычнай зоне. Некат. трапляюцца на раўнінах: у стэпах, на балотах, лугах, у лясах і інш. На Беларусі 4 віды Ж.: малая, ці лугавая (C. hyale), шафранавая (C. croceus), зяноўцавая (C. myrmidone), тарфянікавая (C. palaeno; занесена ў Чырв. кнігу).

Крылы (размах да 6 см) чырвоныя, аранжавыя, жоўтыя, зеленаватыя, часта з чорным абадком на вонкавым краі. Ніз задніх крылаў жоўты. Выразны палавы дымарфізм або полімарфізм: крылы ў самак святлейшыя, чым у самцоў (звычайна зеленаватыя або белыя). Вусікі кароткія, з прытупленай булавой. Вусені развіваюцца пераважна на бабовых раслінах.

Жаўтушкі: 1 — шафранавая; 2 — лугавая; 3 — тарфянікавая (а — самец; б — самка).

т. 6, с. 429

ЖАЎТУ́ШНІК (Erysimum). род кветкавых раслін сям. капуставых. Больш за 100 відаў. Пашыраны ва ўмераных абласцях Еўропы, Азіі і Паўн. Афрыкі. пераважна ў Міжземнамор’і. На Беларусі 5 відаў: Ж. выгрызены (E. repandum), лакфіёлевы (E. cheiranthoides), раскідзісты (E. diffusum), цвёрды (E. durum) і ястрабковалісты (E. hieracifolium). Растуць на лугах. травяных схілах, у ярах, як пустазелле на палях і агародах, таксама як занесеныя каля дарог.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з разгалінаваным прамастойным сцяблом. Лісце чаргаванае, суцэльнае, пераважна падоўжана-ланцэтнае. Кветкі дробныя, жоўтыя. рэдка ліловыя або белыя, у густых гронках. Плод — стручок. Лек., меданосныя і дэкар. расліны. Некаторыя віды ядавітыя.

Г.У.Вынаеў.

Жаўтушнік раскідзісты.

т. 6, с. 429

ЖАЎЦЯГО́ННЫЯ СРО́ДКІ,

рэчывы, якія стымулююць утварэнне жоўці або павялічваюць выдзяленне яе ў дванаццаціперсную кішку.

Падзяляюць на 3 групы: прэпараты, у якіх ёсць жоўць і жоўцевыя к-ты (алахол, дыгідрахолевая к-та, халензім і інш.), сінт. рэчывы (оксафенамід, нікадзін і інш.), лек. настоі, экстракты, канцэнтраты, якія атрымліваюць з кветак бяссмертніку пясчанага, рыльцаў кукурузы, вял. падтынніку, амурскага барбарысу і інш. Ж.с. ўжываюць пры хваробах печані, жоўцевага пузыра і жоўцевывадных шляхоў (гепатыт, халецыстыт, жоўцекамянёвая хвароба, халангіт і інш.).

т. 6, с. 429