ЕЗЯРЫ́ШЧАНСКІ ЗА́МАК Існаваў у 14—17 ст. Размяшчаўся за 3 км ад г.п. Езярышча Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. У плане чатырохвугольнік (100 х х 120 м). Быў абкружаны землянымі валамі з 3 вежамі і ровам, які аддзяляў замак ад астатняй тэр. паўвыспы. У час паводак замак ператвараўся ў астраўную крэпасць. Паводле польскага храніста Р.Гейдэнштэйна, у 16 ст. Е.з. меў значныя ўмацаванні і разам з Полацкім замкам панаваў над «усім краем». У Лівонскую вайну 1558—83 узяты рус. войскам (1565) і спалены, потым адбудаваны. У 1579 яго знішчылі ў час штурму войскі караля Стафана Баторыя, пазней адноўлены. У пач. 17 ст. ў час пажару ўмацаванні замка згарэлі, адбудаваны па загадзе караля Жыгімонта III Вазы езярышчанскім старостам К.Сакалінскім. У жн. 1654 замак захапіла рус. войска на чале з ваяводам С.Стрэшневым. Захаваліся рэшткі валоў.
В.М.Ляўко.
т. 6, с. 384
ЕЗЯРЫ́ШЧАНСКІ РАЁН,
адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—29 і 1958—62. Утвораны 17.7.1924 у складзе Віцебскай акругі. Цэнтр — ст. Езярышча. Падзяляўся на 8 сельсаветаў. 12.10.1929 раён скасаваны, яго тэр. далучана да Гарадоцкага раёна. 12.2.1935 утвораны Мехаўскі раён з цэнтрам на ст. Езярышча, які 18.3.1958 перайменаваны ў Е.р. Быў у складзе Віцебскай вобл. Уключаў г.п. Езярышча і 9 сельсаветаў (у 1960—11 сельсаветаў). 25.12.1962 раён скасаваны, яго тэр. далучана да Гарадоцкага р-на.
т. 6, с. 384