Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДВАНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.

Адбыўся ў Мінску 5—16.2.1929. Прысутнічала 356 дэлегатаў з рашаючым і 222 з дарадчым голасам ад 41 207 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздача ЦК КП(б)Б (Я.Б.Гамарнік); даклад Рэвіз. камісіі КП(б)Б (Я.М.Кроль); справаздача ЦКК КП(б)Б (А.Я.Калнін); даклад аб пяцігадовым плане развіцця нар. гаспадаркі і культуры БССР 1928/29—1932/33 (М.М.Галадзед); аб вярбоўцы рабочых у партыю і чыстцы КП(б)Б (І.А.Васілевіч); аб рабоце прафсаюзаў (І.П.Рыжоў); выбары кіруючых органаў КП(б)Б.

Гал. ідэя, што вызначыла ход з’езда і яго пастановы, — ідэя абвастрэння класавай барацьбы. Ставіліся задачы ўсямернага і няўхільнага павышэння ўдзельнай вагі прам-сці, асабліва буйной, калектывізацыі сельскай гаспадаркі з прыярытэтам калгаснай і саўгаснай формаў. Гал. разлік рабіўся на адм. пры мусовыя меры ў спалучэнні з маральнымі стымуламі, на энтузіязм, сацыяліст. спаборніцтвы і паліт. выхаванне. Курс на адзяржаўленне вытв-сці і размеркавання, выцяснення прыватнага капіталу з вытв-сці, фінансаў, гандлю, які выразна выявіўся ў 1926—27, набыў у рашэннях з’езда завершанае афармленне. Указвалася на неабходнасць павышэння тэмпаў ліквідацыі непісьменнасці, пашырэння сеткі школ, падрыхтоўкі маладых навук. сіл, якія выйшлі з пралет. асяроддзя. З’езд патрабаваў узмацніць барацьбу з праявамі шавінізму, нацыянал-дэмакратызму, нацыянал-ухілізму ў розных формах, што прыкрывала змену курсу ўсёй нац. палітыкі. Для БССР гэта азначала адмаўленне ад палітыкі беларусізацыі, якая праводзілася ў 1920-я гады. З’езд выбраў ЦК КП(б)Б з 77 чл. і 57 канд., ЦКК з 76 чал., Цэнтр. рэвіз. камісію з 7 чал.

Літ.:

Стэнаграфічная справаздача XII з’езда КП(б)Б (5—14 лют. 1929 г.). Мн., 1929;

Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК Т. 2. 1928—1932. Мн., 1984.

А.С.Кароль.

т. 6, с. 74

ДВАНА́ЦЦАТЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎ (надзвычайны). Адбыўся ў Мінску 20—23.11.1936 і 15—19.2.1937. Прысутнічалі 843 дэлегаты, пераважную большасць якіх складалі камуністы і камсамольцы. Парадак дня: аб праекце Канстытуцыі СССР (А.Р.Чарвякоў); выбары дэлегатаў на VIII Усесаюзны Надзвычайны з’езд Саветаў; праект Канстытуцыі БССР (М.М.Галадзед). На пасяджэннях у ліст. 1936 з’езд абмеркаваў і аднагалосна адобрыў праект Канстытуцыі СССР, абраў на VIII Усесаюзны з’езд Саветаў 63 дэлегаты і ў сувязі з пачаткам яго работы (25 ліст.) спыніў сваю працу. У лют. 1937 з’езд разгледзеў і прыняў за аснову праект Канстытуцыі БССР, утварыў рэдакцыйную камісію для разгляду паправак і дадаткаў. У апошні дзень працы зацвердзіў Канстытуцыю Беларускай ССР 1937. ЦВК рэспублікі было даручана распрацаваць і зацвердзіць палажэнне аб выбарах і прызначыць дату выбараў у Вярх. Савет БССР. Работу з’езда характарызавалі здравіцы І.В.Сталіну і інш. кіраўнікам саюзнага і рэсп. маштабу. У абставінах культу асобы работа з’езда праходзіла па строгім рэгламенце, пад кантролем парт. і адм. структур.

Літ.:

Бюлетэнь Надзвычайнага XII з’езда Саветаў БССР. [Мн., 1936], № 1—6.

М.П.Касцюк.

т. 6, с. 74

ДВАНАЦЦАЦІПЕ́РСНАЯ КІ́ШКА,

пачатковы аддзел тонкай кішкі ад выхадной адтуліны страўніка да парожняй кішкі. Даўжыня яе ў чалавека 27—30 см (прыблізна 12 папярочнікаў пальца, адсюль назва). У поласці Д.к. адкрываюцца вывадныя пратокі падстраўнікавай залозы і печані. Залозістыя элементы сценкі выдзяляюць сакрэт, у якім ёсць ферменты, неабходныя для ператраўлення бялкоў, тлушчаў і вугляводаў (у поласці Д.к. ператраўленне рэчываў найб. інтэнсіўнае).

т. 6, с. 74

ДВАНАЦЦАЦІТО́НАВАСЦЬ, дадэкатоніка,

дванаццацітонавая гармонія, від дванаццаціступеннай гукавой сістэмы, у якой кожны гук можа функцыянаваць як самаст. элемент. З ёю звязаны многія новыя віды тэхнікі ў музыцы 20 ст., у т.л. сіметрычныя лады (І.Стравінскі, А.Месіян), «сінтэтакорды» М.Рослаўца, дадэкафонія, тропы (І.М.Хаўэр), 12-тонавыя рады (Дз.Шастаковіч, Р.Шчадрын), 12-тонавыя палі, акорды, свабодная атанальнасць і інш.

т. 6, с. 74

ДВАРАКО́ЎСКІ Валяр’ян Дзмітрыевіч

(10.9 1904, Мінск — 18.8.1979),

бел. графік. Скончыў Вышэйшы маст.-тэхн. ін-т у Ленінградзе (1929). Працаваў у станковай і кніжнай графіцы, плакаце. У 1929—31 маст. рэдактар Белдзяржвыда. З 1931 у Ленінградзе. Аформіў кнігі «Сымон-музыка» Я.Коласа і «Два» А.Вольнага (1925), «Выбраныя апавяданні» (1926) і «У глыбі Палесся» (1927) Я.Коласа, «У віры жыцця» М.Зарэцкага, зборы твораў Я.Купалы (т. 2, 2-е выд.) і Ц.Гартнага (т. 2; усе 1929), «Яўген Анегін» А.Пушкіна (1937), «Выбранае» Ю.Тынянава (1941), «Байкі» І.Крылова (1944), «Лірыка» А.Пракоф’ева (1956), зб. «Нашы казкі» (1965) і інш. Творы Д. вызначаюцца высокай тэхнікай выканання, арыгінальнасцю кампазіцыйнай будовы.

Л.Дз.Налівайка.

т. 6, с. 74

ДВАРАНІ́Н,

1) у ВКЛ і Рэчы Паспалітай шляхціц, які служыў пры двары вял. князя ці караля (Д. гаспадарскі, Д. яго каралеўскай мосці). Зрэдку такая пасада існавала і пры дварах магнатаў. Вядомы з 15 ст. Звычайныя функцыі — выкананне розных спец. даручэнняў вял. князя, перш за ўсё судовых.

2) У Расійскай дзяржаве (з канца 18 ст. і ў Беларусі) прадстаўнік дваранства.

т. 6, с. 75

ДВАРАНІ́Н Арсень Міхайлавіч

(н. 13.3.1949, в. Малыя Краглі Дзятааўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1977). Працуе ў тэхніцы габелену. Асн. работы (усе з жонкай І.Данілавай). трыпціх «Раніца», «Поўдзень», «Вечар» (1986—87), дыпціх «Мой горад», «Маё Палессе» (1988—90) для аэрапорта, «Музыка» (1990—91), «Песня» (1991—93), «Музыка і тэатр» (1994) для муз. і маст. навуч. устаноў, «Песня пра зубра» (1995), для абл. драм. т-ра — усе ў Гомелі, «Лес» (1996) і інш. Творчасць адметная тонкім колераспалучэннем, кампазіцыйнай завершанасцю, эмацыянальнасцю.

Т.Ф.Літвінава.

А.Дваранін. Лес. 1995.

т. 6, с. 75

ДВАРА́НСКІ ЗЯМЕ́ЛЬНЫ БАНК, Дзяржаўны дваранскі зямельны банк,

саслоўная крэдытная ўстанова для дваран у Рас. імперыі ў 1885—1917. Засн. царскім урадам для крэдытавання памешчыкаў пад заклад зямлі і будынкаў. Меў аддзяленні ва ўсіх, у т.л. бел., губернях. Пазыкі даваліся на самых ільготных умовах: да 1900 крэдыт даваўся на тэрмін да 48 гадоў 8 месяцаў, пры 5,75% гадавых. Пасля 1900 тэрмін пазыкі падоўжаны да 66,5 года, а плата за крэдыт зніжана да 3,5—4%, даваліся і інш. льготы. У Беларусі банк не абслугоўваў дваран «польскага паходжання» і каталіцкага веравызнання, якія былі вымушаны звяртацца да камерц. акц. банкаў на менш выгадных умовах. Да 1900 большая частка дваранскіх маёнткаў у Беларусі была закладзена ў банках, у 1917 звыш чвэрці іх — у Д.з.б. Дзейнасць банка фактычна спынілася ў пач. 1917, афіцыйна скасаваны 21.12.1917.

З.І.Гіяргідзе.

т. 6, с. 75

ДВАРА́НСКІ ІНСТЫТУ́Т,

закрытая мужчынская сярэдняя навуч. ўстанова для дваранскіх дзяцей у Рас. імперыі ў 19 ст. Паводле рэформы 1828 ствараліся як дзярж. навуч. ўстановы на базе гімназій і высакародных пансіёнаў. Рыхтавалі да стацкай і дыпламат. службы, паступлення ва ун-т. Навучанне платнае. Існавала 5 Д. і.: у Маскве (1833—49), Вільні (1838—63), Пензе (1843—63), Ніжнім Ноўгарадзе (1844—1917) і Высакародны ін-т у Варшаве (1844—63). Не набылі пашырэння з-за таго, што дваране традыц. імкнуліся ўладкаваць сваіх дзяцей у ваен. навуч. ўстановы.

т. 6, с. 75

ДВАРА́НСКІ СХОД,

карпаратыўны орган дваранскага самакіравання ў губернях і паветах Рас. імперыі ў канцы 18 — пач. 20 ст. Узніклі ў паветах у 1766, потым утвораны губернскія дваранскія т-вы і іх органы — губернскія Д.с. У 1775 «Устанаўленне для кіравання губернямі», а ў 1785 «Даравальная грамата дваранству» узаконілі арганізац. структуру губернскіх і павятовых Д.с. Звычайна яны збіраліся раз у 3 гады; надзвычайныя маглі склікацца часцей, але з дазволу губернатара. Губернскія Д.с. абмяркоўвалі ўсе саслоўныя справы і пытанні, прапанаваныя дзярж. ўладамі; мелі права рабіць прадстаўленні губернатару, міністру ўнутр. спраў, а ў асабліва важных выпадках непасрэдна цару. Важнейшай функцыяй Д.с. былі выбары саслоўных дваранскіх органаў. Павятовыя Д.с. збіраліся за 3 месяцы да губернскага сходу і разглядалі саслоўныя справы павятовага маштабу. Д.с. скасаваны ў 1917.

т. 6, с. 75