Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СЕ́РА-БАЛІ́ВАР (Cerro Bolivar),

група жалезарудных радовішчаў у Венесуэле. Адкрыты ў 1947 (7 радовішчаў), найб. Сера-Балівар. Паводле паходжання метамарфізаваныя. Руды — жалезістыя кварцыты і гематытавыя. Агульныя запасы каля 850 млн. т. руды, з сярэдняй колькасцю жалеза 62—63%.

т. 14, с. 340

СЕ́РА-ДУ-ЭСПІНЬЯ́СУ (Serra do Espinhaço),

група горных хрыбтоў у Бразіліі, на У Бразільскага пласкагор’я, па правабярэжжы р. Сан-Франсіску, паміж 15—21° паўд. ш. Уласна С.-д.-Э. наз. паўд. ч. паміж 16—20° паўд. ш. Выш. да 2107 м (г. Сол). Уяўляюць сабой выхады шчыльных метамарфічных парод, пераважна кварцытаў. На Пд радовішчы жал. (Ітабіра) і марганцавых руд, а таксама алмазаў, золата. На ўсх. схілах вільготныя лясы, на зах. — ксерафітныя хмызнякі і рэдкалессі.

т. 14, с. 342

СЕ́РА САМАРО́ДНАЯ,

мінерал класа самародных элементаў, S. Часам мае ізаморфныя прымесі селену, тэлуру, мыш’яку і мех. прымесі гліністага або арган. рэчыва. Крышталізуецца ў рамбічнай і манакліннай сінганіях. Утварае дыпірамідальныя, дысфенаідальныя і таблітчастыя крышталі, крышт. агрэгаты, суцэльныя і зямлістыя масы, нацёчныя, ныркападобныя формы і налёты. Колер жоўты, розных адценняў. Бляск алмазны да тлустага. Цв. 1—2. Шчыльн. 2,05—2,08 г/см³. Крохкая. Паходжанне вулканагеннае, гіпергеннае (пры выветрыванні сульфідаў і разлажэнні гіпсаносных асадкавых тоўшчаў) і арганагеннае. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці сернай кіслаты, фарбавальнікаў, штучнага валакна, у папяровай і гумавай прам-сці, сельскай гаспадарцы. Радовішчы ў ЗША, Італіі, Іспаніі, Чылі, Японіі, Расіі, на Украіне.

Сера самародная.

т. 14, с. 340

СЕРБАЛУ́ЖЫЦКІЯ МО́ВЫ,

блізкія паміж сабою верхнялужыцкая і ніжнялужыцкая мовы сербаў-лужычан. Належаць да паўн. падгрупы зах. групы славянскіх моў. Распаўсюджаны ў Германіі вакол гарадоў Баўцэн (па-сербалужыцку Будышын) і Котбус (па-сербалужыцку Хосебуз). Больш пашырана верхнялужыцкая мова. С.м. уласцівы: у фанетыцы — націск фіксаваны на 1-м складзе, пратэтычны гук w перад u, o, змякчэнне шэрагу зычных; у марфалогіі — парны лік, клічны склон у назоўніках м.р. адз.л., архаічныя дзеяслоўныя формы (аорыст, імперфект, плюсквамперфект), адсутнасць кароткіх прыметнікаў; у лексіцы — шмат калек, запазычанняў з ням. мовы, словы чэш. і польскага паходжання. Асн. адрозненні верхнялужыцкай і ніжнялужыцкай моў: адпаведнасць верхнялужыцкага праточнага h ніжнялужыцкаму выбухному g, верхнялужыцкага č ніжнялужыцкаму с (цоканне); на месцы палатальных t, d у верхнялужыцкай ć, dź, у ніжнялужыцкай ś, ź і інш.

Пісьменства і друкаваныя кнігі з 16 ст. Сфарміраваліся 2 літ. мовы: верхнялужыцкая (мова паўд. Лужыцы, якая ўваходзіла ў склад Саксоніі, цэнтр г. Будышын) і ніжнялужыцкая (мова паўн. Лужыцы, якая ўваходзіла ў склад Прусіі, цэнтр г. Хосебуз). Усе сербалужычане двухмоўныя: разам з С.м. карыстаюцца ням. мовай. Алфавіт на аснове лацінкі.

Літ.:

Ермакова М.И. Очерк грамматики верхнелужицкого литературного языка: Морфология. М., 1973;

Трофимович К.К. Серболужицкий язык. Мн., 1989.

Н.​В.​Івашына.

т. 14, с. 344

СЕРБАНТО́ВІЧ (Анатоль Станіслававіч) (13.5.1941, в. Ордаць Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. — 21.3.1970),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1965). Працаваў у газ. «Піянер Беларусі» і час. «Бярозка». Друкаваўся з 1959. Аўтар зб-каў паэзіі «Азбука» (1966), «Міннае поле» (1968), «Пярсцёнак» (1971), у якіх змешчаны вянкі санетаў «Васілёк», «Курганы», «Салдат», балады, лірычныя вершы пра маладосць, хараство жыцця, каханне.

т. 14, с. 344

СЕ́РБАЎ (Ісак Абрамавіч) (27.5.1871, в. Кульшычы Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. — 21.1.1943),

бел. этнограф, фалькларыст, археолаг. Правадз. чл. Інбелкульта (1922). Канд. гіст. н. (1934). Скончыў Полацкую настаўніцкую семінарыю (1892), Маскоўскі археал. ін-т (1918). Працаваў настаўнікам у Мінску, Гомелі, Вільні, Троках, Хоцімску, Стоўбцах. У 1910—12 як член Паўн.-Зах. аддзела Рус. геагр. т-ва наладзіў шэраг экспедыцый па Беларусі. У 1917—18 заг. аддзела нар. асветы ў г. Сальцы Наўгародскай губ., з 1919 у аддзелах нар. асветы Магілёўскай і Гомельскай губ. З 1923 выкладчык, заг. кафедры этнаграфіі БДУ, супрацоўнік секцыі этнаграфіі Ін-та гісторыі АН БССР. У Вял. Айч. вайну выкладчык Тамбоўскага пед. ін-та. З 1900 вывучаў побыт, матэрыяльную культуру, вусную паэт. і муз. творчасць бел. народа. Сабраў багатыя калекцыі нар. адзення і мастацтва, на аснове якіх выдадзены альбом «Беларускае народнае мастацтва» (1951). Першы з бел. этнографаў стварыў вял. фотатэку (каля 5 тыс. фотаздымкаў), у якой зафіксаваны тыпы адзення жыхароў розных куткоў Палесся, жылля, гасп. пабудоў, вырабы рамёстваў і інш. Сабраныя этнагр. матэрыялы і назіранні абагульнены ў працах «Сяло Вялікае: Малюнкі з жыцця Беларусі» (1910), «Паездкі па Палессі 1911 і 1912 гг.» (1914), «Беларусы-сакуны» (1915). У 2-й пал. 1920-х г. правёў раскопкі грунтавога могільніка 5—8 ст. каля Новага Быхава, даследаваў курганы дрыгавічоў (каля Мінска і Мазыра), радзімічаў (каля Новага Быхава, у басейнах рэк Проня і Ухлясць), крывічоў (па р. Ушача). Вывучыў каля 100 насыпаў, абследаваў і апісаў больш за 30 гарадзішчаў, селішчаў і стаянак.

Тв.:

Археалагічныя раскопкі ў аколіцах Менску ў 1925 г. Мн., 1927;

Вічынскія паляне. Мн., 1928;

Археалагічныя помнікі Ушацкага раёна Полацкай акругі // Зап. аддз. гуманіт. навук БАН. Мн., 1930. Кн. 11. Пр. археал. камісіі, т. 2;

Археалагічныя абследаванні ў вадазборах рэк Проні — Ухлясцх ў был. Магілёўшчыне // Працы секцыі археалогіі Інта гісторыі БАН. Мн., 1932. Т. 3.

Літ.:

Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі. Пачатак XX ст. Мн., 1970;

Яго ж. Гісторыя беларускай савецкай этнаграфіі. Мн., 1972;

Цішчанка І.К. З творчай спадчыны І.​А.​Сербава // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1974. №1.

В.​С.​Вяргей.

І.​А.​Сербаў.

т. 14, с. 344

СЕРБАХАРВА́ЦКАЯ МО́ВА,

гл. ў арг. Сербская мова, Харвацкая мова.

т. 14, с. 344

СЕ́РБА-ХАРВА́ТА-СЛАВЕ́НСКАЕ КАРАЛЕ́ЎСТВА,

адна з назваў дзяржавы Югаславія ў 1918—29.

т. 14, с. 344

СЕРБЕДА́РЫ,

сарбадары (перс. — іпыбенікі), удзельнікі нар. руху ў Цэнтр. Азіі і Усх. Іране ў 14 ст. Заснавальнік руху С. — шэйх Халіфэ, які выступіў у г. Харасан з пропаведдзю шыізму супраць правіцеляў-сунітаў. Пасля забойства ў 1335 Халіфэ яго справу працягваў шэйх Хасан Джуры. Ён заснаваў асобнае рэліг. брацтва (тарыкат), падтрыманае насельніцтвам Харасана. У выніку нар. паўстання ў Харасане С. захапілі г. Себзевар, які зрабілі сваёй сталіцай (1337), потым — Нішапур і Тус. Галава С. — Веджых-ад-дзін Масуд абвясціў сябе султанам. У 1353 С. разбілі войска апошняга правіцеля Хулагуідаў дзяржавы Туга Цімура. З часам дзяржава С. ператварылася ў звычайную феад. дзяржаву, якая была знішчана войскамі Цімура ў 1381. Паўстанні С. адбыліся таксама ў Самаркандзе (1365), Кермане (1373—74) і Себзевары (1383).

т. 14, с. 344

СЕРБЁНТА (Віталь Андрэевіч) (14.6.1895, в. Люкяй Марыямпальскага пав., Літва — 26.10.1980),

бел. гісторык і філосаф. Акад. АН Беларусі (1931), праф. (1930), д-р гіст. н. (1934). Скончыў гіст.-філал. (1920) і мед. (1922) ф-ты Харкаўскага ун-та, Ін-т чырв. прафесуры(1924). Удзельнік рэв. руху, рэдактар падп. і легальных выданняў у Літве, Маскве, Варонежы, Харкаве. З 1917 чл. Харкаўскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. З 1920 заг. аддзела друку Харкаўскага губкома КП(б)У, сакратар ЦБ Літоўскіх секцый пры ЦК КП(б)У; рэдактар літ. газ. «Darbininkn balsas» («Голас рабочага»), час. «Raudonóju Dirva» («Чырвоная ніва»), газ. «Красные резервы», «Красноармейская страница», «Коммунист» [орган ЦК КП(б)У]. Ў 1922—23 выкладаў у Камуніст. ун-це нац. меншасцей Захаду імя Ю.​Мархлеўскага (Масква). У 1924—25 заг. Віцебскай губсаўпартшколы. У 1924—34 дацэнт, потым праф. БДУ і Камуніст. ун-та. У 1925—27 нам. заг. аддзела друку ЦК КП(б)Б. У 1929—32 дырэктар Ін-та гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б. У 1931—37 чл. Прэзідыума, у 1932—37 заг. сектара Ін-та гісторыі АН Беларусі. Абвінавачаны ў патуранні антыпартыйным групам у бел. гіст. навуцы, 22.5.1937 арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў. У 1956 рэабілітаваны. З 1957 заг. сектара, з 1967 ст. навук. супрацоўнік Ін-та філасофіі і права АН Беларусі. Працы па філасофіі і сац. думцы на Беларусі і Літве. Адзін з рэдактараў перакладу збораў твораў У.​І.​Леніна ў 12 т. на бел. мову (1925—33). Сааўтар кніг «З гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі» (1962), «Нарысы гісторыі марксісцка-ленінскай філасофіі ў Беларусі, 1919—1968» (1968).

В.​А.​Астрога.

т. 14, с. 344