Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СЕ́РАДЗСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Wojewodztwo Sieradzkie),

былая адм.-тэр. адзінка ў цэнтр. ч. Польшчы. З 1999 у складзе Лодзінскага ваяводства.

т. 14, с. 342

СЕРАДО́ВАЯ РЭ́ЧКА,

рака ў Маларыцкім і Брэсцкім р-нах, левы прыток р. Спанаўка (бас. р. Зах. Буг). Даўж. 28 км (разам з каналам). Пл. вадазбору 115 км². Цячэ на ПдЗ Брэсцкага Палесся. Пачынаецца за 1,5 км на У ад в. Хмялёўка Маларыцкага р-на, вусце за 2 км на ПнУ ад в. Знаменка Брэсцкага р-на. Каналізавана 11,6 км рэчышча ў ніжнім і 9 км у верхнім цячэнні.

т. 14, с. 342

СЕРАДЫЯГНО́СТЫКА (ад лац. serum сываратка + дыягностыка),

выяўленне дыягназу інфекц. і неінфекц. захворванняў або вызначэнне антыгенных характарыстык тканак чалавека (напр., груп крыві) з дапамогай сералагічных даследаванняў. Засн. на выяўленні антыгенаў або антыцел у крыві (інш. вадкасцях) і тканках арганізма.

Для С. выкарыстоўваюць рэакцыі аглюцінацыі (зліпанне і выпадзенне ў асадак бактэрый, клетак крыві, тканак і інш.), нейтралізацыі, прэцыпітацыі (асаджэнне комплексу антыген-антыцела ў выніку злучэння растваральнага антыгена с антыцелам), радыеімуналагічныя, імунаферментныя і інш. метады.

І.​М.​Семяненя.

т. 14, с. 342

СЕРАКАРАТНЯ́НКА,

рака ў Сенненскім р-не Віцебскай вобл., левы прыток р. Лучоса (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 24 км. Пл. вадазбору 356 км². Выцякае з Дзевінскага воз. (у некат. даведніках за пач. ракі прымаюцца сутокі рэк Добрынка і Зерамнянка за 1 км на У ад в. Добрына, дзе яна вядома пад назвай Серакаротня), цячэ праз воз. Серакаротня. Вусце за 500 м на ПнУ ад в. Шылы.

т. 14, с. 342

СЕРАКАРО́ТНЯ,

возера ў Сенненскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Лучоса, за 34 км на У ад г. Сянно. Пл. 1,75 км², даўж. 5,2 км, найб. шыр. 650 м, найб. глыб. 5,8 м, даўж. берагавой лініі 12,3 км. Пл. вадазбору 194 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 10—15 м (на З да 20 м), на У і ПдУ выш. 4—5 м, пад хмызняком, часткова разараныя. Тэраса выш. 1,5 м. Берагі на Пн зліваюцца са схіламі, на Пд і З нізкія, на У участкамі сплавінныя. Мелкаводдзе пясчанае, астатняя ч. дна ілістая. Паласа надводнай расліннасці шыр. да 30 м, месцамі адсутнічае. Моцна зарастаюць зах. і ўсх. ч. возера. Расце ахоўны від флоры Беларусі — наяда марская. Праз С. цячэ р. Серакаратнянка.

т. 14, с. 342

СЕРАКО́Ў (Іван Сцяпанавіч) (н. 23.8.1946, в. Язычкава Дрыбінскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне заатэхніі. Д-р с.-г. н. (1998), праф. (1999). Скончыў БСГА (1971), з 1973 працуе ў ёй (у 1993—98 заг. кафедры). Навук. працы па выкарыстанні вітамінаў і інш. біялагічна-актыўных рэчываў у кармавых дабаўках у рацыёнах с.-г. жывёл.

Тв.:

Теоретические и практические аспекты использования витаминов U, В12 и коэнзима В12 в рационах свиней. Горки, 1999;

Племенная работа в пчеловодстве с основами биометрии. Мн., 1999.

т. 14, с. 342

СЕРАКО́ЎСКІ ((Sierakowski) Зыгмунт) (Сігізмунд; псеўд. Даленга; 30.5.1826, с. Лісавое Маневіцкага р-на Валынскай вобл., Украіна — 27.6.1863),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1845—48), скончыў Акадэмію Генштаба ў Пецярбургу (1859). У 1848 за ўдзел у студэнцкіх гуртках высланы радавым у Арэнбургскі корпус, дзе пасябраваў з Т.​Р.​Шаўчэнкам, Б.​Залескім. У 1856 вярнуўся ў Пецярбург, падтрымліваў сувязі з М.​А.​Дабралюбавым, М.​Г.​Чарнышэўскім, супрацоўнічаў у час. «Современник». Арганізатар і кіраўнік ваен.-рэв. арг-цыі ў Пецярбургу, членамі якой былі браты В. і К.​Каліноўскія. Чл. арг-цыі выступалі супраць сац., нац і рэліг. прыгнёту, за бурж.-дэмакр. пераўтварэнні ў Расіі, за свабодную і незалежную Рэч Паспалітую, узаемадзейнічалі з польскімі канспіратарамі з партыі «чырвоных», з «Зямлёй і воляй», К-там рускіх афіцэраў у Польшчы. У час замежных паездак (1860—61, 1862) сустракаўся і зблізіўся з А.​І.​Герцэнам, М.​П.​Агаровым, Дж.​Гарыбальдзі, наладзіў канспіратыўныя сувязі з польскай рэв. эміграцыяй. Да пач. паўстання працаваў у Генштабе. У снеж. 1862 прызначаны ваен. нач. паўстання ў Літве. Вясной 1863 на Ковеншчыне арганізаваў паўстанцкае злучэнне (2 тыс. чал.). Прыхільнік цеснай сувязі польскага паўстання з агульнарус. рухам. Імкнуўся аб’яднаць рух літ. сялян на чале з А.​Мацкявічусам з бел. паўстанцкімі атрадамі К.​Каліноўскага. 7—9.5.1863 паўстанцы С. разбіты пад мяст. Біржы, паранены С. ўзяты ў палон. Павешаны на Лукішскай плошчы ў Вільні.

Тв.:

Записка З.​Сераковского «Вопрос польский» // Русско-польские революционные связи. М., 1963. Т. 1.

Літ.:

Дьяков В.А. Сигизмунд Сераковский. М., 1959;

Смирнов А.Ф. Сигизмунд Сераковский. М., 1959.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 14, с. 343

СЕРАКО́ЎСКІ Кароль Юзаф

(каля 1750—1817),

адзін з кіраўнікоў паўстання 1794 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве, генерал. Вучыўся ў Варшаве ў корпусе кадэтаў. Быў вядомы. як здольны вайсковы інжынер і артылерыст. У ліп.жн. 1794 на чале 4-тысячнага корпуса прайшоў рэйдам ад мяст. Высокае (праз Шарашова, Пружаны, Ружаны) да Слоніма. Удзельнік Крупчыцкага бою 1794 і бою пад Брэстам.

т. 14, с. 343

СЕРАЛО́ГІЯ (ад лац. serum сываратка + ...логія),

раздзел імуналогіі, які вывучае механізмы сералагічных рэакцый, магчымасці іх выкарыстання ў біялогіі і медыцыне. Сералагічныя рэакцыі пашыраны для дыягностыкі захворванняў, вызначэння антыгенных уласцівасцей біял. тканак (груп крыві, ступені чужароднасці органаў, што перасаджваюцца), гармонаў, лек. сродкаў, вывучэння механізмаў працэсаў жыццядзейнасці і іх парушэнняў. Гл. таксама Серадыягностыка.

Літ.:

Никитин В.М. Справочник серологических реакций. Кишинев, 1977;

Иммунологические методы. М., 1987;

Руководство по инфекционным болезням. СПб., 2000.

І.​М.​Семяненя.

т. 14, с. 343

СЕРА́М,

востраў на У Малайскага архіпелага, у складзе Малукскіх а-воў. Тэр. Інданезіі. 17,1 тыс. км² (з прылеглымі астравамі 18,7 тыс. км²). Гарысты, выш. да 3019 м (г. Біная). На вузкай паласе ўзбярэжжа нізіны. Каля берагоў месцамі каралавыя рыфы. Клімат экватарыяльны, вільготны. Т-ра паветра на працягу года 25—27 °C, ападкаў на раўнінах да 2000 мм, у гарах да 4000 мм за год. Густыя вільготныя трапічныя лясы, на Пд участкі мусонных лясоў. На прыбярэжных раўнінах вырошчваюць какосавую пальму, тытунь, каўчуканосы. Трапічнае земляробства, рыбалоўства. На паўн. беразе порт Вахай.

т. 14, с. 343