Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЛУ́БІН (Lupinus),

род кветкавых раслін сям. бабовых. Каля 100 (паводле інш. звестак, больш за 200) відаў. Пашыраны ва ўмераных паясах абодвух паўшар’яў, пераважна ў Міжземнамор’і, Амерыцы. На Беларусі культывуюць Л.: вузкалісты (L. angustifolius), жоўты (L. luteus) і шматлісты (L. polyphyllus). Уведзены ў культуру ў Стараж. Рыме, на Беларусі — з 19 ст.

Адна- і шматгадовыя травы і паўкусты. Каранёвая сістэма стрыжнёвая, глыбока пранікае ў глебу, на каранях утвараюцца клубеньчыкі з бактэрыямі, якія засвойваюць атм. азот. Лісце чаранковае, пальчата-складанае. Кветкі яркай, разнастайнай афарбоўкі, суквецце — верт. гронка. Плод — шматнасенны боб. Усе ч. раслін маюць горкія і ядавітыя алкалоіды. У с.-г. вытв-сці выведзены кармавыя малаалкалоідныя формы. Кармавыя, сідэральныя, дэкар. культуры.

Літ.:

Алексеев Е.К., Рубанов В.С., Довбан К.И. Зеленое удобрение. Мн., 1970;

Шутов Г.К. Современное состояние и пути увеличения производства люпина. Мн., 1982.

У.​П.​Пярэднеў.

Лубін.

т. 9, с. 354

ЛУБКІ́ЎСКІ (Раман Мар’янавіч) (н. 10.8. 1941, с. Астравец Церабоўлянскага р-на Цярнопальскай вобл., Украіна),

украінскі паэт, перакладчык. Засл. дз. культ. Польшчы (1977). Скончыў Львоўскі ун-т (1963). З 1992 надзвычайны і паўнамоцны пасол Украіны ў Чэшскай і Славацкай федэратыўнай рэспубліцы, у 1993—95 у Чэшскай рэспубліцы. Аўтар паэт. зб-каў патрыят., культуралагічнай і філас. тэматыкі «Зачараваныя алені» (1965), «Перунова дрэва» (1967), «Паходні» (1975), «Астролаг» (1977, прэмія імя П.​Тычыны), «Чуццё сям’і адзінай» (1979), «Славацкае лета» (1985), «Погляд вечнасці» (1990, Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1992) і інш. Перакладае з арм., слав., у т. л. бел., моў. Складальнік анталогій перакладаў «Славянскае неба» (1972) і «Славянская ліра» (1983). Пераклаў на ўкр. мову творы М.​Багдановіча, Ф.​Багушэвіча, Р.​Барадуліна, П.​Броўкі, Л.​Геніюш, Н.​Гілевіча, У.​Дубоўкі, М.​Дуксы, С.​Законнікава, В.​Зуёнка, К.​Каганца, У.​Караткевіча, Я.​Коласа, Я.​Купалы, А.​Лойкі, М.​Машары, ІІ.​Пестрака, Ф.​Скарыны, М.​Танка, Цёткі, М.​Чарота. На бел. мову асобныя творы Л. пераклалі Барадулін, Г.​Бураўкін, Гілевіч, Законнікаў, Зуёнак, Караткевіч, В.​Коўтун, В.​Лукша, У.​Немізанскі, Р.​Семашкевіч, С.​Панізнік, Я.​Сіпакоў, М.​Рудкоўскі.

Тв.:

Бел. пер. — Пялёсткі святла. Мн., 1990;

Рус. пер. — Очарованные олени. М., 1971;

Звездочет. М., 1977.

В.​А.​Чабаненка.

т. 9, с. 354

ЛУБО́К, народная карціна,

твор графікі (пераважна друкаванай), прызначаны для масавага распаўсюджання. Вызначаецца даходлівасцю вобраза, дэкаратыўнасцю і прастатой тэхнікі, лапідарнасцю выяўл. форм, якая часта дасягаецца выразным штрыхом, яркай размалёўкай. У выяўл. тканіну Л. часта ўваходзяць подпісы, што тлумачаць выяву. Выконваецца звычайна непрафес. мастаком. Часам да Л. адносяць і творы прафес. графікі, якія пераймаюць лубачна-фальклорныя прыёмы.

Здаўна вядомы ў Кітаі, першапачаткова маляваны, з 8 ст. — у тэхніцы дрэварыту. Атрымаў пашырэнне ў краінах Еўропы: з 15 ст. — дрэварыт, з 17 ст. — медзярыт, з 19 ст, — літаграфія. У 19 ст. да тэхнікі Л. часам звярталіся прафес. мастакі: Ф.​Гоя (Іспанія), А.​Дам’е, Г.​Курбэ (Францыя), А.​Венецыянаў, Дз.​Маор (Расія) і інш., у 20 ст. — прадстаўнікі прымітывізму.

У бел. мастацтве вядомы з сярэдзіны 16 ст. (асобныя дрэварыты віленскіх выданняў Ф.​Скарыны). У 17—18 ст. прыёмы Л. шырока выкарыстоўваліся ў ілюстрацыях бел. друкарняў Вільні, Еўя, Заблудава, Куцейны, Магілёва. Лубачныя карцінкі на рэліг. сюжэты, абразкі бытавалі на Беларусі ў 18—19 ст. Яны выконваліся ў тэхніцы абразной гравюры або медзярыта (Л. гравёра П.​Комара з Супрасля, 1740). У бел. мастацтве нашага часу стылістыка Л. ўласціва кніжнай графіцы А.​Лось, станковым серыям Я.​Бусла і інш.

В.​Ф.​Шматаў.

Да арт. Лубок. Блазан Фарнос, Чырвоны нос. Рускі народны лубок. 18 ст.

т. 9, с. 354

ЛУБУМБА́ШЫ (Lubumbashi),

горад на ПдУ Дэмакр. Рэспублікі Конга. Засн. ў 1910. Да 1966 наз. Элізабетвіль. 810 тыс. ж. (1997). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Цэнтр горнапрамысл. раёна Шаба, прамысл. цэнтр краіны (другі пасля Кіншасы). Здабыча і выплаўка медзі. Прам-сць: харчасмакавая, тэкст., швейная, хім., лакафарбавая, папяровая, маш.-буд., дрэваапрацоўчая. Аддзяленне Нац. ун-та. Навук. цэнтры: па даследаванні прамысл. развіцця Цэнтр. Афрыкі, па вывучэнні этнаграфіі і афр. моў.

т. 9, с. 355

ЛУБЯ́КА (Васіль Мікітавіч) (26.4.1891, г. Горкі Магілёўскай вобл. — 16.6.1950),

бел. вучоны-эканаміст. Акад. АН Беларусі (1931). Д-р с.-г. н. (1931), праф. (1929). Засл. дз. нав. Беларусі (1944). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію імя К.​А.​Ціміразева (1925). У 1928—38 заг. кафедры ў гэтай акадэміі. У 1940—46 дырэктар Ін-та эканомікі АН Беларусі. Навук. працы па пытаннях арг-цыі і планавання с.-г. вытв-сці, пасляваеннага аднаўлення нар. гаспадаркі, развіцця сыравіннай і энергет. базы Беларусі.

В.М.Лубяка.

т. 9, с. 355

ЛУБЯ́НКА у беларусаў пасудзіна з лубу (кары ліпы і інш. дрэў) на ягады, грыбы і інш. патрэбы. Выкарыстоўвалася і як сявенька.

Да арт. Лубянка. Карабы-лубянкі.

т. 9, с. 355

ЛУБЯ́НСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА.

У Свіслацкім р-не Гродзенскай вобл., каля в. Лубянка. Утворана плацінай у верхнім цячэнні р. Лубянка ў 1978. Пл. 0,74 км², даўж. 1,4 км, найб. шыр. 1 км, найб. глыб. 2,8 м, аб’ём вады 1,04 млн. м³. Ваганні ўзроўню вады на працягу года 1 м. Выкарыстоўваецца для двухбаковага рэгулявання вільготнасці асушаных с.-г. угоддзяў, рыбагадоўлі, добраўпарадкавання прыбярэжнай зоны.

т. 9, с. 355

ЛУБЯНЫ́Я ВАЛО́КНЫ,

валокны, якія ёсць у сцёблах наземных насенных раслін. Маюць моцна патоўшчаныя (часта адраўнелыя) сценкі з развітай слаістасцю, простымі порамі і вузкай поласцю. Жывое змесціва Л.в. пасля завяршэння фарміравання адмірае. Асн. функцыя — ахова элементаў мяккага лубу ад дэфармацыі, а таксама апорная сістэма органа. Бываюць гнуткія, мала адраўнелыя (лён, кіт. крапіва), грубыя, моцна адраўнелыя (пянька, джут і інш.). Выкарыстоўваюць у тэкст. прамысловасці.

т. 9, с. 355

ЛУБЯНЫ́Я КУЛЬТУ́РЫ,

расліны, якія вырошчваюць для атрымання лубяных валокнаў. Паходзяць з розных сям., растуць ва ўмераных, трапічных і субтрапічных зонах. Адна- і шматгадовыя культуры. На Беларусі культывуюць лён-даўгунец, каноплі. Валакно знаходзіцца ў кары сцябла ў абутылону, джуту, лёну-даўгунцу (гл. ў арт. Лён), канапель, кенафу, кендыру, краталярыі, рамі і інш., у лісці агавы (валакно сізаль), новазеландскага лёну, прадзільнага банана (валакно манільская пянька) і інш. Валокны — сыравіна для тэкст. прам-сці, алей насення прыдатны ў ежу і на тэхн. мэты, з кастрыцы робяць буд. пліты, паперу, тэрмаізаляцыйныя матэрыялы, выкарыстоўваюць на паліва і інш.

У.​П.​Пярэднеў.

т. 9, с. 355

ЛУВЕ́Н (Louvain),

французская назва г. Лёвен у Бельгіі.

т. 9, с. 355