Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГЕ́СЕН Сяргей Іосіфавіч

(28.8.1887, Масква — 2.7.1950),

расійскі філосаф і педагог. Скончыў Пецярбургскі ун-т, вучыўся ў Гайдэльбергскім і Фрайбургскім ун-тах. У 1909 уваходзіў у «гайдэльбергскую філас. садружнасць» (аб’ядноўвала ням. і рус. філосафаў-неакантыянцаў), удзельнічаў у выданні ў Лейпцыгу зб. «Пра месію». Адзін з рэдактараў філас. час. «Логос» (1910—13, Масква; 1914, Пецярбург). У 1914—17 працаваў у Пецярбургскім, у 1917—21 — у Томскім ун-тах. Выкладаў у Берліне і Празе (1923—35), шэрагу навуч. устаноў у Варшаве (1935—45), з 1945 праф. педагогікі ун-та ў Лодзі. Значны яго ўклад у развіццё філас. антрапалогіі, якую лічыў «прыкладной філасофіяй»; яе асновай лічыў вучэнне пра асобу, што ствараецца шляхам далучэння да звышасобасных каштоўнасцей. Аўтар літ.-крытычных артыкулаў пра творчасць Ф.М.Дастаеўскага, У.С.Салаўёва.

Тв.:

Основы педагогики. Введение в прикладную философию. Берлин, 1923;

Монизм и плюрализм в систематике понятий // Труды Русского Народного университета в Праге. 1928. Т. 1;

Философия наказания // Логос. 1912—1913. Кн. 1—2;

Мое жизнеописание // Вопр. философии. 1994. № 7—8.

т. 5, с. 205

ГЕ́СЕН Юлій Ісідаравіч

(Іуда Ізраілевіч; 20.3.1871, г. Адэса, Украіна — 22.8.1939),

гісторык. Д-р гіст. н. (1939). Да 1917 займаўся гісторыяй яўрэяў у Рас. імперыі, у т. л. гісторыяй яўрэяў на Беларусі. Адзін з ініцыятараў стварэння «Яўрэйскай энцыклапедыі» на рус. мове (т. 1—16, 1908—13), у якой узначальваў аддзел «Яўрэі ў Расіі з 1772» і быў аўтарам многіх артыкулаў. Пасля 1917 пераважна даследаваў гісторыю рас. рабочага класа. З 1921 пад яго рэдакцыяй у Ленінградзе выдаваўся «Архіў гісторыі працы ў Расіі», «Рускае мінулае», у 1925 — «Хрэстаматыя па гісторыі рабочага класа ў Расіі». З 1930 рэдактар «Вестника АН СССР».

Тв.:

История еврейского народа в России. Т. 1—2. 2 изд. Л., 1925—27;

История горнорабочих СССР. Т. 1—2. Л., 1926—29.

т. 5, с. 205

ГЕ́СЕНСКАЯ МУ́ХА хлебны камарык

(Mayetiola destructor),

насякомае сям. галіц атр. двухкрылых. Пашырана ў Еўразіі, Паўн. Афрыцы, Паўн. Амерыцы. На Беларусі абмежаваныя ачагі пашырэння ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях.

Цела даўж. 2,5—3,5 мм, зверху цёмна-шэрае або жаўтавата-бурае, знізу светлае. Падобная да камара. Галава вузейшая за грудзі, брушка цыліндрычнае або канічнае. Вочы фасетачныя. Ногі тонкія. Да 3 пакаленняў за год. Лёт першага пакалення ў час усходаў яравой пшаніцы. Яйцы (50—500) адкладвае на верхнім баку ліста злакавых (азімая і яравая пшаніца, ячмень, жыта). Лічынкі верацёнападобныя, малочна-белыя або ружова-жоўтыя, даўж. 0,8 — 4 мм, ротавыя органы сысучыя, кормяцца сокамі раслін і выклікаюць уздуцці (галы). Дарослая не корміцца. Шкодзіць сельскай гаспадарцы.

т. 5, с. 205

ГЕСІЁД

(Hēsiodos),

старажытнагрэчаскі паэт 8—7 ст. да н.э. Большую ч. жыцця пражыў у Аскры (вобл. Беотыя). Для сваіх паэм абраў форму эпічнага гекзаметра і мову гамераўскага гераічнага эпасу. У «Тэагоніі» («Радаслоўная багоў») выклаў гісторыю стварэння свету з хаосу, генеалогію багоў і паслядоўнасць трох дынастый, апошняя з якіх прадстаўлена ў рацыянальным уладкаванні свету Зеўсам. У дыдактычнай паэме «Дні і турботы» спалучыў разам практычныя парады, жыццёвую мудрасць, сял. каляндар і міфалагічныя ўстаўкі, у т. л. міф пра Праметэя. Услаўляючы сумленную працу сялян, выкрываў сац. няроўнасць, адстойваў ідэю справядлівасці як вышэйшы эстэт. прынцып. Фрагментарна захаваўся твор «Шчыт Геракла», т.зв. «Эоя», — каталог жанчын-прамаці знатных родаў.

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Эллинские поэты в переводах В.В.Вересаева. М., 1963;

Античная литература: Греция: Антология. Ч. 1—2. М., 1989.

т. 5, с. 205

ГЕ́СКІЯ,

бел. мастакі (бацька і сын).

Ксаверы Дамінік (? — 4.12.1764), жывапісец і гравёр. У 1733 — 64 працаваў у Нясвіжскім замку ў кн. Радзівілаў. У 1753 напісаў для гал. алтара Нясвіжскага касцёла езуітаў карціну «Тайная вячэра», пісаў таксама ў ім фрэскі. Стварыў (з Г.Ляйбовічам) шэраг партрэтаў Радзівілаў для альбома (1757). Адзін з аўтараў дэкарацый для «камедыенгаўза» ў Нясвіжы, узораў (кардонаў) для габеленаў, якія ткаліся на мануфактурах у Карэлічах, Нясвіжы, Міры. Часта працаваў з сынам Юзафам Ксаверыем.

Юзаф Ксаверы, прыдворны жывапісец Радзівілаў у Нясвіжы ў 2-й пал. 18 ст. Сярод работ партрэты Міхала, Урсулы, Ганны (усе 1759), Гераніма (1785) Радзівілаў, польскага караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1783). Афармляў інтэр’еры нясвіжскіх замка і дамініканскага касцёла (1763). Мяркуюць (У.Сыракомля і інш.), што ён з’яўляецца аўтарам шэрагу карцін для Стаўбцоўскага дамініканскага касцёла («Раздача міласціны св. Антоніем і епіскапам Юльянам» і інш.). Выязджаў для работ у Брэст і Жоўкву (цяпер г. Несцераў, Украіна). Навучаў прыгонных мастакоў Мікалая, Андрэя, Канстанціна і інш.

т. 5, с. 205

ГЕСПЕРЫ́ДЫ,

у стараж.-грэчаскай міфалогіі 4 дачкі німфы Гесперы і Атланта, надзеленыя звонкімі галасамі. Жылі ўздоўж ракі Акіян, разам з драконам Ладонам ахоўвалі ў садзе багоў залатыя яблыкі, якія Гея падарыла Геры на яе вяселле з Зеўсам. Геракл забіў дракона і выкраў яблыкі (11-ы подзвіг). На гэты сюжэт карціны Рафаэля, Г. фон Марэ і інш.

т. 5, с. 206

ГЕСТАГЕ́ННЫЯ СРО́ДКІ,

лекавыя прэпараты гармонаў жаночых палавых залоз (жоўтага цела). Выкарыстоўваюцца пры недастатковай функцыі жоўтага цела для прафілактыкі выкідышаў (у першай палавіне цяжарнасці) і пры парушэннях менструальнага цыкла. Да гестагенных сродкаў адносяцца: прагестэрон і аксіпрагестэрону капранат, прагнін і інш.

т. 5, с. 206

ГЕСТА́ПА

(ням. Gestapo, скарочана ад Geheime Staatspolizei),

дзяржаўная тайная паліцыя ў фаш. Германіі ў 1933 — 45. Засн. пад кіраўніцтвам Г.Герынга ў Прусіі з мэтай задушэння апазіцыі нацысцкаму рэжыму. Восенню 1934 створана агульнадзярж. гестапа (узаконена дэкрэтам ад 17.6.1936). У сваёй дзейнасці выкарыстоўвала прэвентыўныя арышты, жорсткія катаванні, правакацыі і інш. З вер. 1939 у складзе Гал. ўпраўлення імперскай бяспекі (РСХА). У 2-ю сусв. вайну органы гестапа найб. актыўна праследавалі ўдзельнікаў Руху Супраціўлення ў акупіраваных ням.-фаш. войскамі краінах, у т. л. на тэр. Беларусі. Складалася з 5 аддзелаў (барацьба з паліт. праціўнікамі нацызму; нагляд за паліт. дзейнасцю каталіцкай і пратэстанцкай цэркваў, рэліг. сект, яўрэяў, франкмасонаў і апазіц. плыней у маладзёжным асяроддзі; картатэка, друк і складанне дасье; справы акупіраваных тэрыторый; контрразведка і барацьба са шпіянажам). Шэфамі гестапа былі Г.Гімлер (1934—39) і Г.Мюлер (1939—45). Пасля падзення нацысцкай дыктатуры паводле закона №2 Саюзнага кантрольнага савета ў Германіі гестапа ліквідавана і абвешчана па-за законам. На Нюрнбергскім працэсе прызнана злачыннай арг-цыяй.

т. 5, с. 206

ГЕ́СТЫЯ,

у грэчаскай міфалогіі багіня агню і хатняга ачага, дачка Кронаса і Геі. Апякунка непагаснага агню — асновы, якая аб’ядноўвала багоў, чалавечае грамадства і кожную сям’ю. На Алімпе сімвалізавала непарушны космас. У рым. міфалогіі Гестыі адпавядае Веста.

т. 5, с. 206

ГЕ́СЭ (Hesse) Герман

(2.7.1877, г. Кальв, Германія — 9.8.1962),

нямецка-швейцарскі пісьменнік. У 1891—92 вучыўся ў Маўльбронскай семінарыі. З 1912 жыў у Швейцарыі, у 1923 адмовіўся ад герм. грамадзянства і прыняў швейцарскае. Зведаў уплыў псіхааналізу З.Фрэйда і «аналітычнай псіхалогіі» К.Г.Юнга. Пачынаў як паэт-неарамантык (зб. «Рамантычныя песні», 1899). Філас. раманы «Петэр Каменцынд» (1904), «Гертруда» (1910), «Росхальдэ» (1914), «Дэміян» (1919), «Стэпавы воўк» (1927), раман-утопія «Гульня шкляных перлаў» (1943; бел. пер. В.Сёмухі, 1992), аповесці «Пад коламі» (1906), «Кнульп» (1915), «Клейн і Вагнер» (1920), «Курортнік» (1925), «Паездка ў Нюрнберг» (1932), «Нарцыс і Гольдмунд» (1930), «Паломніцтва ў Краіну Усходу» (1932) прысвечаны праблемам сцвярджэння асобы ў дэталізаваным грамадстве, ролі мастака ў сучасным свеце, лёсу культуры, цывілізацыі, чалавека-творцы. Яго проза адметная літ. гульнёй, стылістычным поліфанізмам, іроніяй, парадыйнасцю, стылізацыяй пад трактат, навук. даследаванне і інш. Аўтар паэмы ў прозе «Сідхартха» («Індыйская паэма», 1922), паэтычных цыклаў, апавяданняў, эсэ, публіцыст. артыкулаў, дарожных нататкаў. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі В.Сёмуха, М.Сяднёў. Нобелеўская прэмія 1946.

Тв.:

Бел. пер. — Пра мастацкую творчасць: [Эсэ] // Сяднёў М. Масеева кніга. Мн., 1994;

Паэт;

Воўк // Крыніца. 1995. № 3;

Рус. пер. — Паломничество в Страну Востока: Повесть;

Игра в бисер: Роман;

Рассказы. М., 1984;

Последнее лето Клингзора. М., 1986;

Письма по кругу: Худож. публицистика. М., 1987;

Сиддхартха. Мн., 1993;

Собр. соч. Т. 1—8. М.;

Харьков, 1994—95.

Літ.:

Березина А.Г. Герман Гессе. Л., 1976;

Седельник В.Д. Гессе и швейцарская литература. М., 1970;

Павлова Н.С. Герман Гессе // Павлова Н.С. Типология немецкого романа, 1900—1945. М., 1982;

Каралашвили Р. Мир романа Германа Гессе. Тбилиси, 1984;

Залоска Ю. Майстар гульні // Крыніца. 1995. № 3;

Лявонава Е. Паэтыка душы ў творах Германа Гесэ // Там жа.

Е.А.Лявонава.

т. 5, с. 206