ГЕ́СКІЯ,
бел. мастакі (бацька і сын).
Ксаверы Дамінік (? — 4.12.1764), жывапісец і гравёр. У 1733 — 64 працаваў у Нясвіжскім замку ў кн. Радзівілаў. У 1753 напісаў для гал. алтара Нясвіжскага касцёла езуітаў карціну «Тайная вячэра», пісаў таксама ў ім фрэскі. Стварыў (з Г.Ляйбовічам) шэраг партрэтаў Радзівілаў для альбома (1757). Адзін з аўтараў дэкарацый для «камедыенгаўза» ў Нясвіжы, узораў (кардонаў) для габеленаў, якія ткаліся на мануфактурах у Карэлічах, Нясвіжы, Міры. Часта працаваў з сынам Юзафам Ксаверыем.
Юзаф Ксаверы, прыдворны жывапісец Радзівілаў у Нясвіжы ў 2-й пал. 18 ст. Сярод работ партрэты Міхала, Урсулы, Ганны (усе 1759), Гераніма (1785) Радзівілаў, польскага караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1783). Афармляў інтэр’еры нясвіжскіх замка і дамініканскага касцёла (1763). Мяркуюць (У.Сыракомля і інш.), што ён з’яўляецца аўтарам шэрагу карцін для Стаўбцоўскага дамініканскага касцёла («Раздача міласціны св. Антоніем і епіскапам Юльянам» і інш.). Выязджаў для работ у Брэст і Жоўкву (цяпер г. Несцераў, Украіна). Навучаў прыгонных мастакоў Мікалая, Андрэя, Канстанціна і інш.
т. 5, с. 205
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)