Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ДЗЕВЯ́ТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.

Адбыўся 8—12.12.1925 у Мінску. Прысутнічала 247 дэлегатаў з рашаючым і 161 з дарадчым голасам ад 15 075 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦК КП(б)Б (А.​І.​Крыніцкі), Рэвіз. камісіі КП(б)Б (А.​А.​Чарнушэвіч), ЦКК КП(б)Б (В.​П.​Грузель); даклады ЦК РКП(б) (І.​І.​Скварцоў-Сцяпанаў), ЦКК РКП(б) (А.​А.​Сольц); аб гасп. будаўніцтве (І.​А.​Адамовіч); аб рабоце прафсаюзаў (М.​Е.​Ендакоў); аб рабоце сярод моладзі (М.​М.​Галадзед); аб Чырв. Арміі (С.​М.​Кажэўнікаў); парт.-арганізац. пытанне; выбары. З’езд ухваліў дзейнасць ЦК, ЦКК і рашэнні XIV канферэнцыі РКП(б), паліт. лінію і арганізац. работу ЦК КП(б)Б, тэзісы Палітбюро ЦК РКП(б) па гасп. будаўніцтве. У рашэннях з’езда па пытаннях сацыяліст. індустрыялізацыі прасочвалася паступовае наступленне на нэп. Адобрыў тэзісы ЦК РКП(б) да XIV з’езда ВКП(б) і намеціў меры па іх выкананні. Абмеркаваў праект Статута РКП(б) і прапанаваў унесці ў яго асобныя змены і дадаткі. Ухваліў новы адм.-тэр. падзел рэспублікі. Усе канферэнцыі, пачынаючы з VI Паўн.-Зах. абласной канферэнцыі РКП(б), якая аб’явіла сябе Першым з’ездам КП(б)Б, рашыў лічыць з’ездамі КП(б)Б. Выбраў ЦК КП(б)Б з 43 чл. і 20 канд. у чл., ЦКК КП(б)Б з 18 чл. і 7 канд. у чл., дэлегатаў на XIV з’езд ВКП(б).

Літ.:

Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 1. 1918—1927. Мн. 1983.

А.​Л.​Яфімчык.

т. 6, с. 101

ДЗЕВЯ́ТЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕТАЎ рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў.

Адбыўся 8—15.5.1929 у Мінску. Прысутнічала 559 дэлегатаў з рашаючым і 168 з дарадчым голасам. Парадак дня: справаздача ўрада БССР (М.​М.​Галадзед); пяцігадовы план развіцця нар. гаспадаркі і культуры БССР (М.​М.​Карклін, С.​Б.​Карп, П.​М.​Рачыцкі, А.​В.​Баліцкі); аб становішчы Чырв. Арміі (А.​І.​Ягораў); выбары ЦВК БССР; выбары ад БССР членаў Савета нацыянальнасцей ЦВК СССР. З’езд адзначыў дасягненні БССР у індустрыялізацыі і прамысл. буд-ве, павелічэнне ўдзельнай вагі прамысл. прадукцыі ўсёй гаспадаркі, павышэнне культ. ўзроўню насельніцтва, ухваліў захады па рацыяналізацыі і скарачэнні дзярж. апарату. Выконваючы ўказанні урада СССР, з’езд паставіў задачу сацыяліст. рэканструкцыі і калектывізацыі сял. гаспадарак, вытв. іх кааперавання, узмацнення і пашырэння саўгасаў пры ўсямерным стымуляванні ўздыму бядняцка-серадняцкага сектара. З’езд адобрыў распрацаваны Дзяржпланам і зацверджаны Саўнаркомам БССР план развіцця нар. гаспадаркі і культ. будаўніцтва рэспублікі на 1928—32, адзначыў неабходнасць рашучага сацыяліст. наступу на капіталіст. элементы горада і вёскі. Пэўная ўвага была звернута на працяг палітыкі беларусізацыі больш хуткімі тэмпамі. Выбраў ЦВК БССР з 254 чл. і 88 кандыдатаў. У Савет Нацыянальнасцей ЦВК СССР ад рэспублікі было абрана 5 чл. і 2 кандыдаты. Старшынёй ЦВК БССР перавыбраны А.​Р.​Чарвякоў, старшынёй СНК БССР — Галадзед.

Літ.:

Дзевята Усебеларускі з’езд Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Стэнагр. справаздача. Мн., 1929;

Пастановы IX Усебеларускага з’езду Саветаў i I сесіі ЦВК БССР IX склікання. Мн., 1929.

М.​П.​Касцюк.

т. 6, с. 101

ДЗЕГЦЯРО́Ў (Васіль Аляксеевіч) (2.1.1880, г. Тула, Расія — 16.1.1949),

савецкі канструктар стралковай зброі. Ген.-маёр інжынерна-артыл. службы (1940), д-р тэхн. н. (1940). Герой Сац. Працы (1940). З 1931 нач. праектна-канструктарскага бюро аўтам. стралковай зброі. У 1920—30-я г. сканструяваў ручны, авіяц., танкавы і буйнакаліберны кулямёты, пісталет-кулямёт. У гады Вял. Айч. вайны 1941—45 стварыў процітанкавае ружжо і новы ручны кулямёт. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942, 1944, 1949.

Літ.:

Нагаев Г.Д. Русские оружейники. М., 1966.

В.А.Дзегцяроў.

т. 6, с. 101

ДЗЕГЦЯРО́ЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р.

Бярозаўка, за 6 км на Пн ад г. Глыбокае. Пл. 0,2 км², даўж. 620 м, найб. шыр. 200 м, даўж. берагавой лініі больш за 1,3 км. Схілы катлавіны выш. да 5 м, пераважна разараныя. Выцякае ручай у воз. Шубніцкае.

т. 6, с. 101

ДЗЕ́ДЗІК (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 19.1.1945, Ташкент),

спявак (драм. тэнар). Беларус. Засл. арт. Беларусі (1977), нар. арт. Расіі (1983). Вучыўся ў Бел. і Адэскай кансерваторыях, скончыў Новасібірскую кансерваторыю (1970). З 1971 саліст Чэлябінскага, з 1974 — Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1979 — Марыінскага (С.-Пецярбург) т-ра оперы і балета. Валодае голасам вял. дыяпазону, прыгожага мяккага тэмбру, высокай выканальніцкай культурай.

Сярод партый: Джардана Бруна («Джардана Бруна» С.​Каргэса), Раман («Сівая легенда» Дз.​Смольскага), Ёнтэк («Галька» С.​Манюшкі), Самазванец («Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Герман, Роберт («Пікавая дама», «Іаланта» П.​Чайкоўскага), Турыцу («Сельскі гонар» П.​Масканьі), Пінкертон, Каварадосі («Чыо-Чыо-сан», «Тоска» Дж.​Пучыні), Дон Карлас, Мамрыка («Дон Карлас», «Трубадур» Дж.​Вердзі), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя Глінкі (1973), Міжнар. конкурсу імя Чайкоўскага (1974).

Т.​Г.​Мдывані.

т. 6, с. 101

ДЗЕ́ДЗІЛАВІЧЫ,

гарадзішча 1—4 ст. і паселішча 6—8 ст. каля в. Дзедзілавічы Барысаўскага р-на Мінскай вобл. Гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры ўмацавана 2 валамі і 2 равамі; знойдзены абломкі слоікавых гаршкоў, гліняныя прасліцы, жал. сякерападобная прылада. На паселішчы банцараўскай культуры выяўлены рэшткі 54 пабудоў зрубнай і слупавой канструкцый. Жытлы мелі печы-каменкі, агнішчы; знойдзены ляпны гладкасценны посуд, жал. прылады працы, бронзавыя ўпрыгожанні, гліняныя прасліцы, жал. коп’і, шпоры.

А.Дзедзік у ролі Самазванца.

т. 6, с. 101

ДЗЕ́ДКАВА БАЛО́ТА,

на У Столінскага р-на Брэсцкай вобл., у вадазборы р. Маства. Нізіннага тыпу. Асобныя часткі наз. Верхлешнае, Ніўскае, Сплаўное, Лістоўніца, Красныя Бярозкі. Пл. 9,6 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 7,7 тыс. га. Глыб. торфу да 1,8 м, сярэдняя 1,1 м. Балота часткова асушана, асушаная ч. пад сенажаццю. На неасушаных землях пераважае злакава-, разнатраўна- і гіпнава-асаковая расліннасць. Пясчаныя грады пад разнатраўем, лесам з бярозы і хвоі.

т. 6, с. 102

ДЗЕЕПРЫМЕ́ТНІК,

неспрагальная дзеяслоўная форма з асаблівасцямі дзеяслова і прыметніка. Абазначае дзеянне як прыкмету або ўласцівасць прадмета, што выяўляюцца ў часе. У сучаснай бел. мове Дз. захоўвае дзеяслоўнае кіраванне, мае формы незакончанага і закончанага трывання («сушаны», «высушаны»), цяперашняга і прошлага часу («утвараючая», «высахлая»), залежнага і незалежнага стану («засеянае», «засеяўшае»), а таксама роду, ліку і склону, якія выражаюцца тымі самымі грамат. сродкамі (канчаткамі), што і ў прыметніках. Дз. цяперашняга часу ўтвараюцца суфіксамі «-уч-(-юч-)», «-ач-(-яч-)» і «-ом-(-ем-)», «-ш-(-ым-)»; прошлага часу — суфіксамі «-ўш-», «-ш-», «-л-», «-н-(-ен-, -ан-, -ян-)» і «-т-». Яны могуць мець поўную і кароткую форму («збудаваны» — «збудован»).

Літ.:

Шуба П.П. Дзеяслоў у беларускай мове. Мн., 1968. С. 54—61;

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

П.​П.​Шуба.

т. 6, с. 102

ДЗЕЕПРЫСЛО́ЎЕ,

неспрагальная дзеяслоўная форма з асаблівасцямі дзеяслова і прыслоўя. Мае значэнне дадатковага, пабочнага дзеяння або акалічнасці спосабу дзеяння (у ролі выказніка ўжываецца толькі ў асобных гаворках: «Ён быў паехаўшы»). У бел. літ. мове захоўвае дзеяслоўнае кіраванне, мае формы незакончанага і закончанага трывання («чытаючы» — «прачытаўшы»), зваротную і незваротную формы («бялеючыся» — «бялеючы»). Форма незакончанага трывання ўтвараецца ад асноў цяперашняга часу суфіксамі «-учы (-ючы)», «-ачы (-ячы)» («несучы», «баючыся», «чытаючы», «лежачы», «гледзячы»); форма закончанага трывання — ад асноў прошлага часу суфіксамі «-ўшы», «-шы» («зрабіўшы», «прагуляўшы», «высахшы»). У сказе Дз. павінна адносіцца да таго самага суб’екта, што і дзеяслоў-выказнік. Разам з паясняльнымі словамі ўтварае дзеепрыслоўнае словазлучэнне, якое ў сказе ўжываецца як акалічнасць і звычайна адасабляецца.

Літ.:

Шуба П.П. Дзеяслоў у беларускай мове. Мн., 1968. С. 61—65;

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

П.​П.​Шуба.

т. 6, с. 102

ДЗЕ́ЖЫЦ (Валянцін Канстанцінавіч) (9.3.1904, Хельсінкі — 29.12.1964),

бел. жывапісец і педагог. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1926), Вышэйшы маст.-тэхн. ін-т у Ленінградзе (1930). Выкладаў у Віцебску ў маст. вучылішчы (1931—41) і пед. ін-це (1948—64). Працаваў пераважна ў жанры пейзажа. Сярод твораў: «Сустрэчны», «Дэпо» (абодва 1932), «Аднаўленне моста ў Віцебску» (1935), «Горад зімой» (1937), «Зімовы пейзаж», «Апошнія пешаходы» (абодва 1946), «9 студзеня» (1947), «Надыход вясны», «Паводка» (абодва 1956), «На Віцебскай прыстані», «Раніца на Віцьбе» (абодва 1958), «Адліга», «Сакавік» (абодва 1960), «Лес — Віцебску» (1961) і інш.

т. 6, с. 102