ДЗЕЕПРЫСЛО́ЎЕ,
неспрагальная дзеяслоўная форма з асаблівасцямі дзеяслова і прыслоўя. Мае значэнне дадатковага, пабочнага дзеяння або акалічнасці спосабу дзеяння (у ролі выказніка ўжываецца толькі ў асобных гаворках: «Ён быў паехаўшы»). У бел. літ. мове захоўвае дзеяслоўнае кіраванне, мае формы незакончанага і закончанага трывання («чытаючы» — «прачытаўшы»), зваротную і незваротную формы («бялеючыся» — «бялеючы»). Форма незакончанага трывання ўтвараецца ад асноў цяперашняга часу суфіксамі «-учы (-ючы)», «-ачы (-ячы)» («несучы», «баючыся», «чытаючы», «лежачы», «гледзячы»); форма закончанага трывання — ад асноў прошлага часу суфіксамі «-ўшы», «-шы» («зрабіўшы», «прагуляўшы», «высахшы»). У сказе Дз. павінна адносіцца да таго самага суб’екта, што і дзеяслоў-выказнік. Разам з паясняльнымі словамі ўтварае дзеепрыслоўнае словазлучэнне, якое ў сказе ўжываецца як акалічнасць і звычайна адасабляецца.
Літ.:
Шуба П.П. Дзеяслоў у беларускай мове. Мн., 1968. С. 61—65;
Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.
П.П.Шуба.
т. 6, с. 102
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)