Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАВАЛЬКА́НЦІ (Cavalcanti; сапр. Алмейда Кавалканці, Almeida Cavalcanti) Алберту (6.2.1897, г. Рыо-дэ-Жанейра, Бразілія — 23.8.1982), бразільскі кінарэжысёр, прадзюсер. Скончыў Жэнеўскі ун-т (1917). Працаваў у Еўропе і Бразіліі. Кінатворам уласціва эмацыянальная напружанасць; асн. іх тэматыка — паўсядзённае жыццё народа. Пастаноўшчык фільмаў «Цягнік без вачэй» (1926), «Маленькая Ліяі», «На рэйдзе» (абодва 1927), «Паэт і Пот» (1934), «Глыбокай ноччу» (1945, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Лакарна 1946), «Жыццё і прыгоды Нікаласа Нікльбі» (1946), «Песня мора» (1954, прыз Міжнар. кінафестывалю ў г. Карлавы-Вары), «Першая ноч» (1958), «Пачвара Хайгейцкай сажалкі» (1960). Аўтар кн. «Фільм і рэчаіснасць» (1952).

т. 7, с. 397

КАВАЛЬКА́НЦІ ((Cavalcanti) Гвіда) (каля 1255, г. Фларэнцыя, Італія — 27.8.1300),

італьянскі паэт. Сябар Дантэ Аліг’еры. Адзін з буйнейшых прадстаўнікоў «салодкага новага стылю» ў італьян. паэзіі 13 ст. Апіраючыся на традыцыі сіцылійскай паэт. школы, распрацаваў новую канцэпцыю паэзіі, у якой паглыбіў пачуццёвасць і псіхалагізм лірычнага героя, даў новае асэнсаванне кахання (найб. вядомы твор — канцона «Жанчына просіць мяне...»). Матывы кахання, жанчыны-ззяння, метафізіка паэт. вобраза К. паўплывалі на «Боскую камедыю» Дантэ.

Тв.:

Рус. пер. — Сонеты // Западноевропейский сонет XIII—XVII вв.: Поэтич. антология. Л., 1988.

Літ.:

Хлодовский Р.И. Предвозрождение и поэзия «Сладостного нового стиля» // История всемирной литературы. М., 1985. Т. 3.

С.​В.​Логіш.

т. 7, с. 397

КАВАЛЬКІ́,

возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мядзелка, за 3,5 км на З ад г. Паставы. Пл. 0,23 км2, даўж. 740 м, найб. шыр. 480 м, даўж. берагавой лініі больш за 2 км. Пл. вадазбору 1 км2. Схілы катлавіны выш. 6—7 м, пераважна разараныя. Берагі выш. да 0,6 м, на Пн і Пд сплавінныя. На Пн забалочаная пойма (шыр. да 500 м), пад хмызняком. Дно глеістае. Вызначаецца высокай мінералізацыяй вады.

т. 7, с. 397

КАВА́ЛЬСКАЯ ЗВА́РКА, пячная зварка,

зварка металаў і сплаваў ціскам, пры якой награванне вырабаў у зоне злучэння робіцца ў печах награвальных або горнах, а пластычнае дэфармаванне — ударамі молата, пракаткай ці выцісканнем. К.з. злучаюць пераважна дэталі з малавугляродзістай (да 0,3% С) сталі, а таксама наварваюць высакаякасную сталь на зношаныя дэталі. Якасць зваркі павышаюць, пакрываючы месца злучэння флюсам.

т. 7, с. 397

КАВА́ЛЬСКА-ПРЭ́САВАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

галіна металаапрацоўкі па вырабе метал. дэталей ціскам, пераважна коўкай, штампоўкай і прасаваннем. Пашырана на машына-, станка- і прыладабудаўнічых з-дах. Шырокае выкарыстанне К.-п.в. абумоўлена здольнасцю металаў і сплаваў пластычна дэфармавацца без разбурэння. Пластычная дэфармацыя з наступнай тэрмічнай апрацоўкай надае вырабам неабходныя ўласцівасці. Гл. таксама Апрацоўка металаў ціскам.

т. 7, с. 397

КАВА́ЛЬСКА-ШТАМПО́ВАЧНЫ АЎТАМА́Т,

кавальская машына з крывашыпна-паўзунковым механізмам, на якой штампоўкай атрымліваюць вырабы з дроту, пруткоў, стужак, паласавога металу і інш. Да іх адносяцца халодна-, гарачавысадачныя і абрубныя прэсы, профіле- і рэзьбанакатныя, лісташтамповачныя, дрота-цвіковыя, спружынанавіўныя, ланцугавязальныя, гібачныя і інш. аўтаматы. Выкарыстоўваюцца звычайна ў масавай вытв-сці.

т. 7, с. 397

КАВА́ЛЬСКІ (Мікалай Паўлавіч) (н. 19.3.1929, г. Астрог Ровенскай вобл., Украіна),

украінскі гісторык. Д-р гіст. н. (1985), праф. (1985). Засл. дз. нав. Украіны (1991). Скончыў Львоўскі ун-т (1952). З 1953 на выкладчыцкай і н.-д. рабоце. З 1994 прарэктар Астрожскага Нац. ун-та «Кіева-Магілянская акадэмія», заг. Астрожскага аддзялення Ін-та ўкр. археаграфіі і крыніцазнаўства АН Украіны. Даследуе гісторыю кнігадрукавання, крыніцазнаўства і гістарыяграфію гісторыі Украіны 15—18 ст., гісторыю ВКЛ і інш.

Тв.:

Источниковедение и археография истории Украины XVI — первой половины XVII в. Ч. 1—4. Днепропетровск, 1977—79;

Источники по истории Украины XVI — первой половины XVII в. в Литовской метрике и фондах приказов ЦГАДА. Днепропетровск, 1979.

т. 7, с. 397

КАВА́ЛЬСКІ Уладзімір Антонавіч 21.10.1912, в. Варонеж Карукаўскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна — 28.12.1937), паэт, драматург. Пісаў на польск. мове. У 1929—30 вучыўся ў польскай тэатр. студыі ў Кіеве. З 1930 заг. польскага сектара Камітэта радыёвяшчання пры СНК БССР. У 1937 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны ў 1979. Аўтар паэт. зб-каў «Вершы», «Дзве паэмы» (абодва 1934), «Дарога на Поўнач» (1935), п’есы «Сям’я Варанцоў» (паст. 1935, выд. 1936). На бел. мову асобныя яго творы пераклалі А.​Звонак, В.​Казлоўскі, С.​Шушкевіч.

т. 7, с. 397

КАВА́ЛЬСКІ ІНСТРУМЕ́НТ,

інструмент для ручной і машыннай коўкі — для дэфармавання, перамяшчэння, захопу, падтрымлівання і вымярэння загатовак.

Адрозніваюць К.і. асноўны, падтрымны і вымяральны. Асн. інструмент: для ручной коўкі — кавадлы, кувалды, малаткі, ручныя молаты, барадкі (для прабіўкі адтулін), зубілы, абціскачкі і падбойнікі (для аддзелкі паковак); машынны — байкі (плоскія, фасонныя, закругленыя, камбінаваныя), пліты, прошыўні (для прабіўкі адтулін) і інш. Падтрымны для ручной коўкі — клешчы, стойкі, для машыннай — патроны. Вымяральны К.і. — кронцыркулі, нутрамеры, лінейкі і інш. Робяць К.і. з нізкалегіраваных канструкцыйных і высокавугляродзістых інструментальных сталей з выкарыстаннем тэрмічнай апрацоўкі.

Кавальскі інструмент для ручной коўкі: 1 — кувалда; 2 — барадок; 3 — кавадла; 4 — ручнік; 5 — зубіла; 6 — малаток; 7 — сякера па метале; 8 — абціскачка; 9 — падбойнік; 10 — клешчы.
Кавальскі інструмент для машыннай коўкі: 1, 2, 3 — плоскія, выразныя і закругленыя байкі; 4 — абціскачка; 5 — пераціскачка; 6 — патрон; 7 — раскаткі.

т. 7, с. 397

КАВА́ЛЬСТВА,

выраб рэчаў утылітарнага і дэкар.-прыкладнога прызначэння з жалеза шляхам гарачага ці халоднага кавання; від бел. традыц. рамяства. Гл. ў арт. Коўка, Коўка мастацкая.

т. 7, с. 398