Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДРУГІ́ ПАКАЗА́ЛЬНЫ ТЭА́ТР, Другі чырвонаармейскі паказальны тэатр пры палітаддзеле 16-й арміі Заходняга фронту. Існаваў з восені 1920 да ліп. 1921. Сфарміраваны ў Бабруйску з акцёраў Петраградскага нар. дома, рус. труп і ўдзельнікаў маст. самадзейнасці. Меў філіял у авіяатрадзе «Ілья Мурамец». Начальнікі т-ра С.Бахрах, В.Няволін, рэж. А.Пакрасаў-Гяцэвіч. Меў важнае значэнне для аб’яднання творчых работнікаў, узаемаабагачэння бел. і рус. тэатр. культур. У рэпертуары пераважалі рус. класічная драматургія, агітацыйныя п’есы і канцэрты.

Сярод пастановак: «Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна, «Без віны вінаватыя», «Апошняя ахвяра», «Беднасць не загана», «Беспасажніца» А.Астроўскага, «Горкі лёс» А.Пісемскага, «Павел I» Дз.Меражкоўскага, «Гора ад розуму» А.Грыбаедава, «Жывы труп» Л.Талстога, «Барыс Гадуноў» А.Пушкіна, «Дні нашага жыцця» Л.Андрэева, «Рэвізор» і «Жанідьба» М.Гогаля, «На дне» М.Горкага, «Патанулы звон» Г.Гаўптмана, «Атэла» У.Шэкспіра. У трупе т-ра было каля 80 чал., у т. л. акцёры Б.Быхоўскі, М.Дняпроў, К.Замешына, В.Зярноў, К.Кулакоў, Няволін, У.Фарасаў. Вясной 1921 т-р быў рэарганізаваны і перададзены палітупраўленню Зах. фронту, узначальваў яго Дняпроў. Неўзабаве расфарміраваны.

т. 6, с. 216

ДРУГІ́ СТА́ТУТ ВЯЛІ́КАГА КНЯ́СТВА ЛІТО́ЎСКАГА,

гл. Статут Вялікага княства Літоўскага 1566.

т. 6, с. 216

ДРУГІ́ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎ рабочых, сялянскіх,

батрацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Адбыўся 13—17.12.1920 у Мінску. Прысутнічалі 202 дэлегаты з рашаючым і 16 з дарадчым голасам. Парадак дня: справаздача ВРК БССР (А.Р.Чарвякоў); бягучы момант і Сав. Беларусь (В.Г.Кнорын); аб сацыяліст. землеўпарадкаванні (А.С.Хаценка); аб харч. палітыцы ў Беларусі (І.А.Адамайціс); аднаўленне прам-сці (А.І.Вайнштэйн); нар. асвета (М.Я.Фрумкіна); сац. забеспячэнне (С.З.Кацэнбоген); арганізацыя сав. улады на Беларусі (С.А.Мертэнс); аб правядзенні працоўнай павіннасці; аб рабоце каап. арг-цый; выбары ЦВК БССР і дэлегатаў на Усерас. з’езд Саветаў; бягучыя справы. З’езд адобрыў работу ВРК БССР, прыняў дадаткі да Канстытуцыі БССР, у якіх абвясціў вышэйшым органам улады рэспублікі з’езд Саветаў, а паміж з’ездамі — ЦВК БССР, выканаўчым органам — СНК БССР у складзе 15 наркаматаў. Устанавіў дзярж. манаполію на асн. віды прадукцыі, цвёрдыя цэны, дзярж. нарыхтоўку і забеспячэнне насельніцтва прадметамі першай неабходнасці; падкрэсліў неабходнасць барацьбы са спекуляцыяй і ажыццяўлення поўнай нацыяналізацыі гандлю. Вызначыў задачы СНГ БССР у аднаўленні прам-сці і транспарту. Зацвердзіў «Тэзісы па аграрным пытанні», у якіх прадугледжваў новыя, сацыяліст. формы землекарыстання, надзяленне беззямельных і малазямельных сялян землямі былых памешчыцкіх гаспадарак, стварэнне саўгасаў. Ратыфікаваў Рыжскі прэлімінарны дагавор ад 12.10.1920 і пацвердзіў мандат ВРК БССР ураду РСФСР на права заключэння ад імя БССР міру. Прыняў зварот «Да працоўнага народа Беларусі». Выбраў ЦВК БССР з 60 чл. і 12 канд., дэлегатаў на VIII Усерас. з’езд Саветаў.

т. 6, с. 216

ДРУГІ́ УСЕБЕЛАРУ́СКІ КАНГРЭ́С 1944,

кангрэс Беларускай цэнтральнай рады (БЦР). Адбыўся 27.6.1944 у Мінску. Быў скліканы па прапанове прэзідэнта БЦР Р.Астроўскага з дазволу в.а. ген. камісара Беларусі К. фон Готберга. Прысутнічала 1039 дэлегатаў. Парадак дня: справаздача прэзідэнта БЦР праф. Астроўскага аб дзейнасці рады; выбары мандатнай камісіі і камісіі для апрацоўкі рэзалюцый; заслухванне рэферата М.Шкялёнка «Аб прызнанні за няважныя пастановы ўрада СССР і былое Польшчы, якія датычаць Беларусі, яе тэрыторыі і народу»; справаздача мандатнай камісіі (праф. Жарскі); заслухванне рэферата А.Калубовіча «Аб канчальным разрыве Беларусі з Масквою і аб Уневажанні маскоўскага голасу ў беларускіх справах»; прыняцце рэзалюцый і заключная прамова. Кангрэс прызнаў правільным рашэнне Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ад 25.3.1918 аб канчатковым разрыве з бальшавіцкай Масквой і Рас. дзяржавай ва ўсіх яго формах, пацвердзіў, што голас Масквы і СССР у бел. справах не мае ніякай законнай сілы, прызнаў БЦР на чале з Астроўскім «адзіным праўным прадстаўніком Беларускага народа і ягонага краю». У сувязі з набліжэннем Чырв. Арміі кангрэс праходзіў у вял. спешцы. Значэнне кангрэса было важкім у асн. для амбіцый Астроўскага, які атрымаў ад дэлегатаў паўнамоцтвы на прэзідэнцтва БЦР, чым і карыстаўся да сваёй смерці.

А.М.Літвін.

т. 6, с. 216

ДРУГІ́ УСЕБЕЛАРУ́СКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ З’ЕЗД.

Адбыўся 1013.2.1927 у Мінску. Прысутнічала 187 дэлегатаў ад 240 краязн. арг-цый (аб’ядноўвалі больш за 9 тыс. чл.). Адбыліся 2 пленарныя пасяджэнні, працавалі секцыі: прыродна-геагр., культ.-гіст., школьна-краязн., яўрэйская. З’езд заслухаў справаздачны даклад Цэнтр. бюро краязнаўства (ЦБК, А.З.Казак), адзначыў пашырэнне краязн. руху — заснаванне шэрагу мясц. музеяў і бібліятэк, з’яўленне краязн. вопісаў некат. раёнаў, збіранне вуснай нар. творчасці і слоўнікавага матэрыялу, практычнай і метадычнай падрыхтоўкі краязнаўцаў. Была зацверджана арганізац. структура краязнаўства рэспублікі: пярвічная адзінка — гурток; працу гурткоў аб’ядноўвалі раённыя і акр. т-вы; узначальвала, накіроўвала і каардынавала краязн. работу ЦБК пры Інбелкульце, якое распрацоўвала інструкцыі, праграмы, метадычныя дапаможнікі, апрацоўвала дасланыя краязн. матэрыялы, выдавала час. «Наш край».

В.С.Вяргей.

т. 6, с. 216

ДРУГІ́ УСЕРАСІ́ЙСКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎ рабочых і салдацкіх дэпутатаў,

адбыўся 7—9.11(25—27.10).1917 у Петраградзе. Прысутнічала 649 дэлегатаў, 390 бальшавікоў, 160 эсэраў, 72 меншавікі, 14 аб’яднаных інтэрнацыяналістаў, у т. л. ад Беларусі і салдат Зах. фронту 51 дэлегат. Парадак дня: 1) аб арганізацыі ўлады; 2) аб вайне і міры; 3) аб зямлі. У 3 гадз 10 мін 8 ліст. (26 кастр.) з’езд атрымаў вестку, што ўзяты Зімні палац і арыштаваны Часовы ўрад. Меншавікі, правыя эсэры і бундаўцы (каля 70 чал.) адмовіліся прызнаць сацыяліст. рэвалюцыю і пакінулі з’езд. З’езд прыняў напісаную У.І.Леніным адозву «Рабочым, салдатам і сялянам!», якая абвяшчала пераход улады ў рукі Саветаў. Прыняў Дэкрэты аб міры і аб зямлі, рашэнне аб пераходзе ўлады на месцах да Саветаў і інш. На з’ездзе створаны першы сав. ўрад — Савет Народных Камісараў на чале з Леніным.

т. 6, с. 217

ДРУГІ́ ФРОНТ,

тэатр баявых дзеянняў англа-амер. войск у Зах. Еўропе супраць фаш. Германіі ў 1944—45 другую сусветную вайну 1939—45. Ідэя яго адкрыцця ўзнікла пасля нападзення Германіі на СССР, калі І.В.Сталін у лісце да прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі У.Чэрчыля ад 18.7.1941 прапанаваў брыт. боку пачаць ваен. дзеянні ў Паўн. Францыі і Арктыцы з мэтай адцягнуць з сав.-герм. (усх.) фронту 30—40 ням. дывізій. Чэрчыль адхіліў прапанову, спасылаючыся на недахоп сіл і сродкаў. Дасягнутыя пазней дамоўленасці з урадамі Вялікабрытаніі і ЗША аб адкрыцці Д.ф. ў Зах. Еўропе ў 1942—43 з-за рознагалоссяў бакоў (напр., Чэрчыль выступаў за адкрыццё фронту на Балканах) не былі рэалізаваны. У 1942 англа-амер. войскі высадзіліся ў Паўн. Афрыцы, у 1943 на в-ве Сіцылія і ў Паўд. Італіі. На Тэгеранскай канферэнцыі 1943 Чэрчыль і прэзідэнт ЗША Ф.Рузвельт абавязаліся адкрыць Д.ф. у маі 1944 (пазней тэрмін перанесены на чэрв. 1944). 6.6.1944 англа-амер. войскі (43 дывізіі) высадзіліся ў Паўн. Францыі (гл. Нармандская дэсантная аперацыя 1944). Дзейнасць Д.ф. (існаваў 11 месяцаў) паскорыла разгром фашызму. Гл. таксама Маскоўскія нарады 1941, 1943, 1945, Квебекскія канферэнцыі, Другая сусветная вайна 1939—45.

Літ.:

Ржешевский О.А. История второго фронта: война и дипломатия. М., 1988;

Хастингс М. Операция «Оверлорл»: Как был открыт второй фронт: Пер. с англ. М., 1989.

Да арт. Другі фронт. Высадка англа-амерыканскіх войск у Нармандыі (Францыя, 6.6.1944).

т. 6, с. 217

ДРУГО́Е АБВЯШЧЭ́ННЕ БССР,

гл. Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь.

т. 6, с. 217

ДРУГО́Е СЕ́РБСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1815,

нацыянальна-вызваленчае, супраць тур. панавання ў Сербіі; гл. ў арт. Сербскія паўстанні пачатку 19 стагоддзя.

т. 6, с. 217

ДРУ́ЖБА,

форма адносін паміж людзьмі, заснаваная на добраахвотнасці, узаемнай прыхільнасці, павазе і трываласці. Этыка вывучае Д. як абсалютную, самадастатковую каштоўнасць. У гісторыі філасофіі Д. разглядалася пераважна ў этычным плане, падкрэсліваўся яе эмацыянальны аспект (М.Мантэнь) або ў аснову ўзнікнення Д. ставілася агульнасць інтарэсаў і разумны эгаізм (К.Гельвецый). Сапраўдны культ Д. быў створаны ням. рамантыкамі, якія бачылі ў ёй выратаванне ад эгаізму; сацыялісты-утапісты прапаведавалі ўстанаўленне Д. ўсіх людзей. Псіхал. змест, асн. функцыі, заканамернасці развіцця Д. залежаць ад полаўзроставых і індывід.-асобасных асаблівасцей чалавека. На кожным з жыццёвых этапаў Д. мае сваю маральна-псіхал. каштоўнасць, з’яўляецца адным з найважнейшых фактараў фарміравання асобы, падтрымкі стабільнасці Я-канцэпцыі. Найб. значнасць і выключнасць Д. набывае ў юнацтве. Пазней мяняецца структура адносін, яны становяцца больш дыферэнцыраванымі і цесна звязанымі з колам інш. прыхільнасцей і сувязей (сямейных, роднасных, прафес. і інш.). Паняцце «Д.» блізкае, але не тоеснае паняццям любові, таварыскасці, дзелавых узаемаадносін. У шырокім сэнсе Д. азначае і міжасобасныя і сац. адносіны. Д. звязвае паміж сабой групы людзей (калектывы, нацыі, народы). Д. народаў грунтуецца на ўзаемнай павазе да традыцый, культуры кожнага народа, на прызнанні іх самабытнасці і унікальнасці, правоў на самаст. вырашэнне свайго гіст. лёсу.

Л.І.Навуменка.

т. 6, с. 217