ГУ́РЫЯ,
гістарычная вобласць на З Грузіі (сучасныя Махарадзеўскі, Чахатаурскі і Ланчхуцкі р-ны Грузіі). У 14 — пач. 19 ст. тут існавала Гурыйскае княства. У 1811—1917 у складзе Расіі. На яе тэр. адбыліся 2 сял. паўстанні супраць рас. адміністрацыі і мясц. памешчыкаў (у 1841 і 1905), ліквідаваныя рас. войскамі. З 1918 у складзе Грузіі.
т. 5, с. 540
ГУРЭ́ВІЧ (Іосіф Рыгоравіч) (н. 26.3.1929, г. Курган, Расія),
бел. вучоны ў галіне цепла- і масаабмену. Д-р тэхн. н. (1978). Скончыў Маскоўскі інж.-фіз. ін-т (1951). З 1952 у Ін-це цепла- і масаабмену Нац. АН Беларусі. Навук. працы па даследаванні пераўтварэнняў хім. энергіі паліва ў электрычную (тэорыя сітаватых электродаў з вадкім палівам, прынцыпы і ўмовы самарэгулявання работы эл.-хім. генератараў энергіі і інш.). Удзельнічаў у стварэнні першых у СССР паліўных элементаў для касм. апаратаў.
Тв.:
Кристаллический триод и его применение. Мн., 1957 (разам з М.М.Сімкіным);
Жидкостные пористые электроды. Мн., 1974 (разам з Ю.М.Вальфковічам, У.С.Багоцкім).
А.І.Болсун.
т. 5, с. 540
ГУРЭ́ВІЧ (Міхаіл Іосіфавіч) (12.1.1883, в. Рубаншчына Курскай вобл., Расія — 25.11.1976),
савецкі авіяканструктар. Герой Сац. Працы (1957), д-р тэхн. н. (1964). Скончыў Харкаўскі тэхнал. ін-т (1925). З 1929 на прадпрыемствах авіяц. прам-сці. З 1938 нам. гал. канструктара, у 1957—64 гал. канструктар. З А.І.Мікаянам стварыў знішчальнікі МіГ (Міг-1, -3, -9, -15, -19, -21 і інш.), шэраг скорасных рэактыўных самалётаў. Ленінская прэмія 1963, Дзярж. прэмія СССР 1941, 1947, 1948, 1949, 1952, 1953.
т. 5, с. 540
ГУРЭ́ВІЧ (Сямён Шоламавіч) (20.12.1915, г. Чэрвень Мінскай вобл. — 23.4.1982),
Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Тамбоўскае кав. вучылішча (1942). У Чырв. Арміі з 1935. У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 на Зах., Бранскім, Сцяпным, 2-м і 1-м Укр. франтах. Камандзір узвода сувязі лейтэнант Гурэвіч вызначыўся ў ноч на 25.9.1943 пры фарсіраванні Дняпра на Пн ад с. Даматкань Днепрапятроўскай вобл. (Украіна). Пасля вайны працаваў у Мінску на прамысл. прадпрыемствах.
т. 5, с. 540
ГУРЭ́ВІЧ (Фрыда Давыдаўна) (1.1.1912, Рыга — 8.9.1988),
археолаг. Канд. гіст. н. (1937). Скончыла Ленінградскі пед. ін-т (1932). З 1937 працавала ў Ін-це гісторыі матэрыяльнай культуры, Ленінградскім аддз. Ін-та археалогіі АН СССР. У выніку вывучэння помнікаў археалогіі Бел. Панямоння выказала меркаванне, што да апошніх стагоддзяў 1-га тыс. н.э. яго засялялі ўсх.-балцкія плямёны. Распрацоўвала пытанні ўзнікнення і развіцця стараж. гарадоў Верх. Панямоння.
Тв.:
Древности Белорусского Понеманья. М.; Л., 1962;
Древний Новогрудок: Посад — окольный город. Л., 1981;
Древние города Белорусского Понеманья. Мн., 1982.
т. 5, с. 540
ГУРЭ́ВІЧ (Эсфір Саламонаўна) (н. 22.11.1921, мяст. Татарск Манастыршчынскага р-на Смаленскай вобл., Расія),
бел. літ.-знавец і крытык. Д-р філал. н. (1973). Скончыла Маскоўскі пед. ін-т (1941). З 1950 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Друкуецца з 1948. Даследуе гісторыю бел. л-ры (творчасць Я.Купалы, Я.Маўра, М.Лынькова, В.Віткі, Я.Брыля і інш.), праблемы бел. дзіцячай л-ры («Беларуская дзіцячая літаратура (1917—1967)», 1970; «Дзіцячая літаратура Беларусі», 1982; «Янка Маўр», 1983).
Тв.:
Творчая гісторыя раманаў Мікалая Астроўскага. Мн., 1957;
Пафас гераізму: Сучасная сав. проза аб Вялікай Айчыннай вайне. Мн., 1979;
Боль и тревога наши: Дети, война, литература. Мн., 1986.
т. 5, с. 540
ГУРЭ́ЦКІ ((Górecki) Генрык Мікалай) (н. 6.12.1933, Чарніца, Катавіцкае ваяв., Польшча),
польскі кампазітар. Чл. Польскай АН (1994). Вучыўся ў Дзярж. вышэйшай школе музыкі ў Катавіцах (1955—60), з 1968 выкладае ў ёй (з 1977 праф., у 1975—79 рэктар). Прымыкаў да авангардысцкіх кірункаў (1-я сімфонія, 1959; вак.-інстр. твор «Генезіс», 1962—63). У канцы 1960-х г. прыйшоў да радыкальнага спрашчэння выразных сродкаў, у т. л. заснаваных на традыцыях хар. поліфаніі. Сярод інш. твораў: вак.-сімф. паэма «Ad matrem» (1971); «Капернікаўская сімфонія» (2-я, 1972), «Сімфонія сумных песень» (3-я, 1976); «Рэфрэн» (1965) і «Старапольская музыка» (1969) для аркестра; канцэрт для клавесіна з аркестрам (1980). 1-я прэмія на Міжнар. трыбуне кампазітараў ЮНЕСКА (1973). Дзярж. прэмія Польшчы 1973.
т. 5, с. 540
ГУР-ЭМІ́Р, Гуры-Эмір,
маўзалей у Самаркандзе, магільны склеп Цімура і Цімурыдаў. Выдатны помнік сярэдневяковай архітэктуры Сярэдняй Азіі. Пабудаваны ў 1403—04 паводле загаду Цімура на тэр. арх. комплексу Мухамед-Султана (канец 14 ст., захаваўся часткова).
Васьмігранны аб’ём маўзалея ўвянчаны велічным сфераканічным рабрыстым купалам на высокім барабане. Абліцоўка будынка паліхромная. Уваход са двара аформлены порцікам з керамічнымі мазаікамі. У 1420-я г. да маўзалея дабудаваны скляпеніста-купальныя памяшканні. У інтэр’еры панэль з оніксу, паліхромная размалёўка, надмагіллі з мармуру і чорна-зялёнага нефрыту. Рэстаўрыраваны ў 1967.
т. 5, с. 540
ГУС (Goes) Хуга ван дэр [каля 1435, г. Гент (?), Бельгія — 1482], нідэрландскі жывапісец эпохі Адраджэння. Працаваў пераважна ў Генце, з 1475 у манастыры Родэндале (каля Бруселя). Творчасці Гуса, які працягваў традыцыі Я. ван Эйка і Р. ван дэр Вэйдэна, характэрна мужная праўдзівасць вобразаў і напружаны драматызм дзеяння. У свае кампазіцыі з некаторай умоўнасцю прасторавай і маштабнай суаднесенасцю фігур уводзіў ярка індывідуальныя па характарыстыцы персанажы, аб’яднаныя агульным перажываннем («Грэхападзенне», каля 1470; трыпціх «Пакланенне пастухоў», або т.зв. алтар Партынары, каля 1474—75). Рысы, уласцівыя жывапісу позняй готыкі (драм. экстатычнасць вобразаў, напружанасць кантрастнага гучнага каларыту), праявіліся ў карціне «Успенне Божай Маці».
т. 5, с. 541