Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГУРТАВО́Й (Цімафей Іванавіч) (23.2.1919, г.п. Грыгарыопаль, Малдова — 10.3.1981),

малдаўскі дырыжор. Нар. арт. СССР (1967). Скончыў Кішынёўскую кансерваторыю (1949). Гал. дырыжор і маст. кіраўнік сімф. аркестра Малд. філармоніі (1953—79). З 1950 выкладаў у Кішынёўскім ін-це мастацтваў (праф. з 1977). У 1960 паставіў оперу «Сэрца Домнікі» ў Малд. т-ры оперы і балета. Дзярж. прэмія Малдовы 1972.

т. 5, с. 538

Гурулёў Сяргей Пятровіч

т. 18, кн. 1, с. 375

ГУ́РЧАНКА (Людміла Маркаўна) (н. 12.11.1935, г. Харкаў, Украіна),

расійская актрыса. Нар. арт. СССР (1983). Скончыла Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1958). Яе мастацтву ўласцівы тэмперамент, лірызм, музыкальнасць. Выконвала камедыйныя, вострахарактарныя ролі ў кіно: «Карнавальная ноч», «Дзяўчына з гітарай», «Саламяны капялюшык» і «Нябесныя ластаўкі» (тэлевізійныя), «Мама». Яе драм. талент праявіўся ў фільмах: «Старыя сцены» (Дзярж. прэмія Расіі 1976), «Дваццаць дзён без вайны», «Сібірыяда», «Пяць вечароў», «Палёты ў сне і наяве», «Вакзал для дваіх» і інш. Выступае як эстр. спявачка. Аўтар кніг «Маё дарослае дзяцінства» (1982), «Апладысменты» (1987) і інш.

т. 5, с. 538

Гурчанка Павел Сямёнавіч

т. 18, кн. 1, с. 375

ГУ́РЫ (Guri),

вадасховішча ў Венесуэле, на р. Карані (правы прыток р. Арынока), у каньёне Некуйма. Пл. 4250 км², аб’ём 135 км³, даўж. 70 км. Створана (1968—86) для мэт энергетыкі.

т. 5, с. 538

ГУРЫ́ДЫ,

дынастыя султанаў, якая правіла на тэр. сучаснага Афганістана і ч. Індыі ў 1148—1206. Паходзілі з роду Суры. Цэнтр заснаванай імі дзяржавы ахопліваў горную вобл. Гур у Афганістане (адсюль назва дынастыі), сталіцамі былі гарады Фірузкух і Газні. Найб. магутнасці дасягнулі ў час. праўлення братоў Гіяс-ад-дзіна Мухамеда [1163—1203] і Шыхаб-ад-дзіна (Муіз-ад-дзіна ці Мухамеда Гуры, правіў у 1203—06), якія заваявалі амаль усе афг. землі, Сінд, Пенджаб, Бенарэс і інш. вобласці і гарады Індыі. Пасля ваен. паражэння Гурыдаў у барацьбе з харэзмшахамі іх дзяржава распалася (1206).

т. 5, с. 538

ГУРЫ́ЙСКАЕ КНЯ́СТВА,

феадальная дзяржава на тэр. Зах. Грузіі (Гурыі) у 14 — пач. 19 ст. Уключала таксама тэр. Аджарыі з г. Батумі. Палітычна незалежная з 16 ст. Унутр. міжусобіцы і барацьба з Турцыяй прывялі Гурыйскае княства да заняпаду, а яго правіцелі сталі васаламі цароў Імерэты. У 18 ст. Аджарыя з Батумі, гарады Кабулеты і Хіна заваяваны туркамі. У 1811 Гурыйскае княства далучана да Рас. імперыі, у складзе яе захоўвала аўтаномію да 1828.

т. 5, с. 538

ГУРЫЛЁЎ (Аляксандр Львовіч) (3.9.1803, Масква — 11.9.1858),

рускі кампазітар, піяніст. Музыцы вучыўся ў бацькі, прыгоннага музыканта Л.С.Гурылёва, дырыжора і скрыпача аркестра графа У.Р.Арлова. У 1831 разам з бацькам атрымаў вольную, працаваў у Маскве. Яркі прадстаўнік дэмакр. кірунку ў рус. рамансе. Многія яго песні сталі народнымі. Найб. вядомыя песні, блізкія да быт. раманса: «Матачка-галубачка», «Аднастайна гучыць званочак», «Сарафанчык», «Уецца ластаўка», а таксама рамансы «Разлука» («На заранку туманнага юнацтва»), «Вам не зразумець майго смутку» і інш. Значная галіна яго творчасці — фп. музыка, у якой вылучаюцца варыяцыі на тэмы нар. песень, рамансаў, опер, а таксама фп. п’есы. Збіраў і апрацоўваў нар. песні.

т. 5, с. 538

ГУ́РЫН (Антон Іосіфавіч) (28.9.1910, в. Шпількі Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 22.10.1962),

Герой Сав. Саюза (1954), контр-адмірал (1951). Скончыў ваенна-марское вучылішча імя Фрунзе (1932), Ваенна-марскую акадэмію імя Варашылава (1948). У ВМФ з 1928. У 1935—40 штурман дывізіёна падводных лодак, камандзір падводнай лодкі, эскадранага мінаносца. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Паўн. флоце, камандзір дывізіёна эскадраных мінаносцаў; толькі з 1944 удзельнічаў у 18 баявых аперацыях, суправаджаў 95 транспартаў, камандаваў 10 аперацыямі па канваіраванні саюзных транспартаў і аперацыямі па пошуку падводных лодак ворага. З 1949 нач. штаба і камандзір злучэння караблёў, нач. кафедры Ваенна-марской акадэміі імя Варашылава.

т. 5, с. 538

ГУ́РЫН (Валерый Мікалаевіч) (н. 30.1.1938, г. Віцебск),

бел. вучоны ў галіне фізіялогіі чалавека і жывёл. Акад. Нац. АН Беларусі (1994, чл.-кар. 1986), д-р мед. н. (1974). Акад. Міжнар. славянскай АН адукацыі, мастацтваў і культуры (Расія), замежны чл. Акадэміі касманаўтыкі імя К.Э.Цыялкоўскага, акад. Міжнар. АН (Расійская секцыя; 1994). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1961). З 1963 у Мінскім мед. ін-це (з 1973 заг. кафедры нармальнай фізіялогіі), з 1984 дырэктар Ін-та фізіялогіі АН Беларусі, з 1995 адначасова акадэмік-сакратар Аддзялення медыка-біял. навук АН Беларусі. Навук. працы па нерв. і гарманальных механізмах тэрмарэгуляцыі арганізма. Прапанаваў канцэпцыю развіцця паталаг. станаў пры парушэнні працэсаў спалучэння тэрмарэгуляцыі і абмену складаных ліпідаў у арганізме. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.

Тв.:

Центральные механизмы терморегуляции. Мн., 1980;

Обмен липидов при гипотермии, гипертермии и лихорадке. Мн., 1986;

Терморегуляция и симпатическая нервная система. Мн., 1989;

Механизмы лихорадки. Мн., 1993.

т. 5, с. 539