ГУРЛО́ (Алесь) (Аляксандр Кандратавіч; 31.1.1892, г.п. Капыль Мінскай вобл. — 4.2.1938),
бел. паэт. Чл. Капыльскай арг-цыі РСДРП, удзельнічаў у выданні рукапісных час. «Заря», «Голос низа», «Вольная думка» (1910—11, Капыль). Працаваў на ліцейным з-дзе «Вулкан» (Пецярбург). З 1913 служыў на Балт. флоце. Удзельнік Лют. і Кастр. рэвалюцый, грамадз. вайны. У 1920-я г. працаваў у тэрміналагічнай камісіі Інбелкульта. 25.7.1930 беспадстаўна арыштаваны, асуджаны на 5 гадоў высылкі ў Сібір, пасля вызвалены. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1907 у газ. «Наша ніва». У ранніх творах паэтызацыя працы, марыністычныя матывы. У творах 1920—30-х г. апяваў працоўныя будні, родную прыроду (зб. «Барвенак», 1924, «Спатканні», 1925, «Сузор’і», 1926, «Зорнасць», 1927, «Межы», 1929). Аўтар сямейна-быт. драмы «Любоў усё змагае» (нап. 1912). На бел. мову перакладаў творы А.Аўдзеенкі, Ф.Гладкова, Ш.Руставелі і інш.
Тв.:
Вершы. Мн., 1972;
Нашы птушкі. Мн., 1974.
Літ.:
Хведаровіч М. Памятныя сустрэчы. 2 выд. Мн., 1963. С. 86—113;
Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастр. перыяд. Ч. 2. Мн., 1980.
т. 5, с. 536
ГУРЛО́ (Мікалай Васілевіч) (15.5.1914, г. Днепрапятроўск, Украіна — 4.9.1980),
бел. графік. Вучыўся ў Маскоўскім паліграф. ін-це (1938—41). Працаваў у станковай, кніжнай графіцы, плакаце. Аўтар сатыр. і гумарыстычных малюнкаў для час. «Вожык», «Полымя», «Работніца і сялянка», «Беларусь» і інш. Аформіў кнігі «Мушка-зелянушка» М.Багдановіча (1961), «Прыгоды дзеда Міхеда» А.Астрэйкі (1959), «На вясёлай хвалі» Э.Валасевіча (1967) і інш. Творчасці ўласцівы актуальнасць праблематыкі, лаканізм, вобразная выразнасць, добразычлівы гумар, сатыр. вастрыня.
А.М.Пікулік.
т. 5, с. 536
ГУ́РНАЎШЧЫНА,
вёска ў Зубкаўскім с/с Клецкага р-на Мінскай вобл. Цэнтр калгаса. За 10 км ад горада і чыг. ст. Клецк, 140 км ад Мінска. 354 ж., 102 двары (1997). Сярэдняя школа, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.
т. 5, с. 537
ГУ́РНІЯ (Gurnia),
старажытны горад позняга бронзавага веку на ўсх. беразе в-ва Крыт (Грэцыя); адзін з цэнтраў крыта-мікенскай культуры. Паселішча ўзнікла ў 3-м тыс. да н.э. Каля 1600 да н.э. мінойцы пабудавалі тут палац, вакол якога з 1550 да н.э. ўтвараецца горад. Жытлы гараджан размяшчаліся ўздоўж 3 вуліц, якія акружалі палац і невял. пляцоўку для грамадскіх сходаў. У 15 ст. да н.э. Гурнія — буйны цэнтр. металургіі. Разбураны каля 1400 да н.э.
т. 5, с. 537
ГУРНО́ФЕЛЬ,
вёска ў Галавічпольскім с/с Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Цэнтр саўгаса. За 22 км на ПнУ ад г. Шчучын, 80 км ад Гродна, 12 км ад чыг. ст. Скрыбаўцы. 347 ж., 125 двароў (1997). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — сядзіба (пач. 20 ст.).
т. 5, с. 537
ГУ́РНЫ (Уладзімір Барысавіч) (н. 11.11.1941, с. Тоцкае Арэнбургскай вобл., Расія),
бел. спартсмен і трэнер (парашутны спорт). Засл. майстар спорту (1973), засл. дзеяч фіз. культуры Беларусі (1976), засл. трэнер СССР (1979). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1962). Чэмпіён свету ў групавым скачку і камандным першынстве (1966), у акрабатычных скачках у асабістым (1968) і камандным (1972—76) пяршынствах. Абсалютны чэмпіён Еўропы (1975), СССР (1972). Чэмпіён СССР (1967, 1971—73, 1977—78). Шматразовы рэкардсмен свету, СССР.
т. 5, с. 537
ГУРО́ (Алена Генрыхаўна) (30.5.1877, С.-Пецярбург — 6.5.1913),
руская пісьменніца і мастак. З 1890 вучылася ў школе Т-ва падтрымкі мастацтваў у Пецярбургу. У друку дэбютавала ў 1905 ілюстрацыямі да «Бабуліных казак» Ж.Санд і апавяданнем «Ранняя вясна». Прымыкала да літ. групы куба-футурыстаў. Першы зб. апавяданняў, вершаў і п’ес «Шарманка» (1909). Кніга «Асенні сон» (1912) напісана пад уплывам паэтаў-сімвалістаў. Самая значная кніга — «Нябесныя вярблюдзяняты» (1914). Творчасць Гуро адлюстроўвае пераходную стадыю ад імпрэсіянізму і сімвалізму да футурызму.
Тв.:
Selected prose and poetry. Stockholm, 1988 (дзённік, вершы і проза, «Бедны рыцар»).
Літ.:
Ковтун Е. Гуро, поэт и художник // Памятники культуры, 1976. М., 1977.
т. 5, с. 537
ГУРО́Н (Huron),
возера ў Паўн. Амерыцы, у ЗША і Канадзе, другое па велічыні ў сістэме Вялікіх азёр. Пл. 59,6 тыс. км². Даўж. 330 км, шыр. каля 293 км, глыб. да 208 м. Злучаецца р. Сент-Мэрыс і каналам Су-Сент-Мары з Верхнім воз., пралівам Макіна — з воз. Мічыган; сцёк па р. Сент-Клэр у воз. Эры. Рыбалоўства. Суднаходства. Гал. парты — Сарнія і Мідленд (Канада), Алпіна (ЗША).
т. 5, с. 537
ГУ́РСКАЯ (Алена Сяргееўна) (н. 21.2.1950, пас. Цялякава Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),
бел. літ.-знавец і крытык. Канд. філал. н. (1982), дац. (1992). Скончыла БДУ (1972). У 1974 — 92 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1992 у Бел. дзярж. пед. ун-це. Друкуецца з 1967. Даследуе праблемы маст. пошукаў у сучаснай бел. паэзіі, пытанні паэтыкі (манаграфія «Адказнасць перад часам: Нарыс творчасці К.Кірэенкі», 1986; арт. «Свабодны верш і сучасная беларуская паэзія», 1975; «Мастацкія пошукі лірыкі», 1980, і інш.). Аўтар кн. «Праблемы сучаснай беларускай крытыкі» (1996, з Л.Гарэлік і Т.Грамадчанка).
т. 5, с. 537