Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГУ́НІЯ (Валяр’ян) (Валіко) Леванавіч (21.1.1862, с. Экі, Цхакаеўскі р-н, Грузія — 31.7.1938),

грузінскі акцёр, рэжысёр, драматург. Нар. арт. Грузіі (1933). З 1882 у груз. драм. трупе ў Тбілісі. Акцёр яркага тэмпераменту, глыбокай думкі. Ствараў рознахарактарныя вобразы: Како («Како разбойнік» паводле І.Чаўчавадзе), Кароль Лір, Атэла (аднайм. п’есы У.Шэкспіра), Эдып («Цар Эдып» Сафокла), Скалазуб («Гора ад розуму» А.Грыбаедава). Аўтар п’ес (першая — «Незаконнанароджаны», 1882), лібрэта да опер. З 1913 здымаўся ў кіно.

т. 5, с. 534

ГУНО́ ((Gounod) Шарль Франсуа) (17.6.1818, Парыж — 18.10.1893),

французскі кампазітар; адзін з буйнейшых прадстаўнікоў франц. оперы 19 ст. Чл. Ін-та Францыі (1866). Вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі (1836—38). Рымская прэмія (1839) за кантату «Фернан». У 1840—43 жыў у Італіі, Вене, Германіі. У 1843—48 царк. арганіст і рэгент у царкве Замежных місій у Парыжы, пісаў духоўную музыку. У 1870—75 жыў у Лондане, з 1871 дырыжор Каралеўскага хар. т-ва. Сярод ранніх опер («Сафо», 1850; «Акрываўленая манашка», 1854) вылучаецца камічная опера «Лекар паняволі» (паводле Мальера, 1857). Гуно — заснавальнік новага жанру ў франц. оперным мастацтве — лірычнай оперы. Яго лепшы твор — опера «Фауст» (1859; 2-я рэд. — з рэчытатывамі замест размоўных дыялогаў, 1869), у якой кампазітар адмовіўся ад філас. праблематыкі літ. крыніцы (аднайм. трагедыя І.В.Гётэ) і зрабіў акцэнт на любоўную драму гераіні. Ён інтанацыйна абнавіў оперу, звярнуўшыся да меладычнага строю тагачаснага быт. раманса. Сярод інш. твораў: оперы «Мірэйль» (1863) і «Рамэо і Джульета» (паводле У.Шэкспіра, 1865); 4 араторыі, кантаты, месы, рэквіем і інш. творы для хору з арк.; 2 сімфоніі (1854, 1855); камерна-інстр. ансамблі; фп. п’есы; больш за 200 рамансаў і песень; музыка да драм. спектакляў і інш. Выступаў як муз. пісьменнік і крытык.

Літ.:

Комбарьё Ж. А.Тома и Ш.Гуно // Французская музыка 2-й половины XIX в.: Пер. с фр. М., 1938;

Harding J. Gounod. New York;

London, 1973.

т. 5, с. 534

ГУНТУ́РУ, Гунтур,

горад на Пд Індыі, у штаце Андхра-Прадэш, у дэльце р. Крышна. Каля 500 тыс. ж. (1994). Чыг. вузел. Цэнтр гандлю тытунём. Прам-сць: тытунёвая, баваўняная, харч., цэментная. Саматужныя прадпрыемствы па вырабе прадметаў хатняга ўжытку.

т. 5, с. 535

ГУ́НЫ (грэч. Hunnoi, лац. Chunni, Hunni),

качавы народ, які склаўся ў 2 — 4 ст. у Прыураллі з мясц. уграў і сарматаў і цюркскамоўных хуну, што прыйшлі ў 2 ст. з Цэнтр. Азіі. У 370-х г. гуны пачалі прасоўвацца на З, што дало штуршок Вялікаму перасяленню народаў. Яны скарылі аланаў Паўн. Каўказа і ў 375 разграмілі готаў у Паўн. Прычарнамор’і. У пач. 5 ст. асталяваліся ў Паноніі і рабілі набегі на Усх. Рым. імперыю. Да сярэдзіны 5 ст. гуны — саюзнікі Зах. Рым. імперыі ў барацьбе супраць герм. плямён. Падначалілі остготаў, герулаў, гепідаў і інш., склаўся т.зв. гунскі саюз плямён, які дасягнуў найб. магутнасці пры Атыле [434—453]. У 451 гуны з саюзнікамі ўварваліся ў Галію, але былі разбіты на Каталаунскіх палях. Пасля смерці Атылы з-за паўстанняў герм. плямён гунскі саюз распаўся: у 455 у бітве з імі на р. Недао (Панонія) гуны разбіты і падаліся ў Прычарнамор’е. У 469 намагаліся прарвацца на Балканы. Пазней гуны як народ зніклі, але іх імем доўгі час называлі розных качэўнікаў Прычарнамор’я.

В.С.Пазднякоў.

т. 5, с. 535

ГУ́ПТАЎ ДЗЯРЖА́ВА,

старажытнаіндыйская імперыя ў 4—6 ст. Назва ад дынастыі Гуптаў. Сталіца г. Паталіпутра (цяпер г. Патна). Утварэнне Гуптаў дзяржавы пачалося пры Чандрагупце І

[320 — каля 335],

які прыняў імператарскі тытул. Пры яго сыне Самудрагупце [каля 335 — 375] дзяржава стала адной з найбуйнейшых на стараж. Усходзе. Пад уладай Гуптаў была амаль уся Паўн. Індыя. У часы Скандагупты [455—467] Гуптаў дзяржава вяла барацьбу з плямёнамі пуш’ямітраў у Зах. Індыі і з эфталітамі на ПнЗ дзяржавы (у пач. 6 ст. яны авалодалі зах. ч. Індыі, але каля 528 былі разбіты). Войны і ўнутр. крызіс аслабілі магутнасць Гуптаў дзяржавы, і ў канцы 6 ст. яна распалася. Эпоха Гуптаў — час росквіту стараж.-інд. духоўнай культуры, яе называюць залатым векам Індыі.

т. 5, с. 535

ГУПЯНЕ́Ц (Піліп Аляксеевіч) (18.10.1910, в. Воўчын Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 6.9.1981),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну на фронце са жн. 1944. Камандзір кулямётнага разліку мал. сяржант Гупянец вызначыўся ў 1945 у баях на тэр. Польшчы і Германіі: знішчыў 2 агнявыя пункты праціўніка; на подступах да р. Одэр агнём з кулямёта адбіў контратаку ворага; у баі за г. Бернаў (Германія) знішчыў 2 агнявыя пункты ворага.

т. 5, с. 535

ГУРАГЧА́ (Жугдэрдэмідыйн) (н. 5.12.1947, Гурванбулак, Манголія),

першы лётчык-касманаўт Манголіі (1981). Герой Манголіі (1981), Герой Сав. Саюза (1981). Ген.-маёр. Скончыў Ваен. школу авіяц. спецыялістаў у СССР (1972), Ваенна-паветр. інж. акадэмію імя Жукоўскага (1977). У 1978—81 у атрадзе касманаўтаў. 22—30.3.1981 з У.А.Джанібекавым здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-39» і арбітальнай станцыі «Салют-6» (асн. экіпаж: У.В.Кавалёнак, В.П.Савіных) з прыстыкаваным да яе касм. караблём «Саюз Т-4». Правёў у космасе 7,9 сут.

т. 5, с. 535

ГУРАМІШВІ́ЛІ (Давід) (1705, с. Сагурама каля г. Мцхета, Грузія — 1.8.1792),

грузінскі паэт. Са стараж. княжацкага роду. У 1727 трапіў у палон да лезгінаў, адкуль уцёк у Расію. З 1729 жыў у Маскве, з 1738 на вайск. службе. Удзельнічаў у войнах з туркамі, шведамі, у Сямігадовай вайне. З 1760 жыў у Міргарадзе (Украіна). Спадчына Гурамішвілі — аўтабіягр. зб. «Давітыяні» (датаваны 1787), які складаецца з 2 паэм і лірычных вершаў. У паэме «Беды Грузіі» адлюстраваў трагічны перыяд гісторыі Грузіі 1-й пал. 18 ст., асуджаў міжусобныя войны, маральнае разлажэнне свецкай і духоўнай феад. знаці. Паэма «Пастух Кацвія», адметная навізной тэматыкі, маляўнічасцю ўкр. пейзажаў і пачуццём гумару, перадае ідылічныя карціны жыцця сялян, прасякнута пачуццём спагады да іх лёсу. У паэзіі шырока выкарыстоўваў укр. і рус. нар. песні. Творы вызначаюцца меладычнасцю, лёгкасцю верша. На бел. мову асобныя творы пераклалі М.Аўрамчык, Р.Барадулін.

Тв.:

Рус. пер. — Стихотворения и поэмы. Л., 1980.

Літ.:

Леонидзе Г. Жизнь и творчество Давида Гурамишвили. Тбилиси, 1956.

т. 5, с. 535

ГУ́РАЎ (Аркадзь Яфімавіч) (н. 1.5.1956, Мінск),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1979, клас Дз.Смольскага). У 1980—89 канцэртмайстар Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі. У творчасці пераважае інтэлектуальны пачатак. Працуе найб. у галіне камернай музыкі. Сярод твораў: кантата «Тры сцежкі» на вершы Я.Купалы (1979), 2 камерныя кантаты на вершы Р.М.Рыльке (1981, 1985), сімфонія для камернага арк. (1978), саната для флейты і фп., інвенцыя «Ямбы» для цымбалаў і мандаліны, вак. цыклы «Апраўданне Афеліі», «12 зонгаў з лірыкі Брэхта», «Вяртанне», «Тры песні Джэймса Кліфарда, або Парадак рэчаў», на вершы У.Ліўшыца (1985), 2 сюіты для камерна-інстр. ансамбля (1987), «Сем храматычных мадрыгалаў пра Невядомую Айчыну» для мяшанага хору а капэла (1989); музыка да драм. спектакляў, кіна- і тэлефільмаў. З 1991 жыве ў Іерусаліме.

Р.М.Аладава.

т. 5, с. 535

ГУ́РВІЧ (Аляксандр Гаўрылавіч) (9.10.1874, г. Палтава, Украіна — 27.7.1954),

савецкі біёлаг. Скончыў Мюнхенскі ун-т (1897). Да 1906 працаваў у г. Страсбург (Францыя) і г. Берн (Швейцарыя). З 1907 у Пецярбургу, з 1918 праф. Крымскага (Сімферопаль), з 1925 — Маскоўскага ун-таў. У 1930—45 ва Усесаюзным ін-це экстрым. медыцыны, да 1948 дырэктар Ін-та эксперым. біялогіі АМН СССР. Навук. працы па цыталогіі, эмбрыялогіі, біяфізіцы, тэарэт. біялогіі. Сфармуляваў тэорыю біял. поля з мэтай тлумачэння накіраванасці і ўпарадкаванасці развіцця арганізмаў. Дзярж. прэмія СССР 1941.

т. 5, с. 535